ЗША ўвялі санкцыі супраць кампаніі зь Беларусі за дапамогу Ірану ў набыцьці вайсковай прадукцыі

Дроны на ўзбраеньні іранскага войска, архіўнае фота

Кампанія зь Беларусі і яе супрацоўнікі апынуліся ў ліку 10 юрыдычных і фізычных асоб, у дачыненьні да якіх Упраўленьне па кантролі за замежнымі актывамі Міністэрства фінансаў ЗША 8 траўня ўвяло санкцыі за дапамогу «вайсковым структурам Ірану ў набыцьці зброі, а таксама матэрыялаў, якія прымяняюцца ў бесьпілётніках сэрыі „Шахед“ і праграме балістычных ракет», перадае «Позірк».

З паведамленьня вынікае, што Цэнтар інавацый і тэхналягічнай супрацы Ірану (CITC), які знаходзіцца пад санкцыямі ЗША, спрабаваў закупляць у Кітаі ўзбраеньне, у тым ліку пераносныя зэнітныя ракетныя комплексы.

Беларуская кампанія Armory Alliance LLC была адным з пасярэднікаў. Асобна згадваюцца супрацоўнікі кампаніі — грамадзянін Ірану Махамадмахдзі Малекі і выканаўчы дырэктар, грамадзянін Беларусі Махамэд Алі Талібаў.

Armory Alliance была зарэгістраваная ў Менску ў 2021 годзе. У якасьці асноўнага віду дзейнасьці заяўлены «аптовы гандаль іншымі машынамі ды абсталяваньнем».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зборка аўтамабіляў, разьлік на нафту і аб’ём гандлю на мяжы статыстычнай хібнасьці. Што зьвязвае Беларусь з Іранам