Польшча пераняла ў Расеі лідэрства ў адукацыі беларускіх студэнтаў за мяжой, — дасьледаваньне

Ілюстрацыйнае фота

Інстытут палітычных дасьледаваньняў «Палітычная сфэра» апублікаваў аналіз адукацыйнай міграцыі зь Беларусі ў 35 краін Эўропы, Турэччыну і Расею ў 2013‐2025 гадах.

Аўтары пішуць, што за гэты час колькасьць беларускіх студэнтаў за мяжой у абсалютных лічбах зьнізілася (з каля 34 тыс. у 2013-м да 28,8 тыс. у 2023-м), але адносна колькасьці студэнтаў унутры Беларусі іх доля прыкметна вырасла. Цяпер на аднаго студэнта замежжа прыпадае прыкладна сем студэнтаў у Беларусі, а дзесяць гадоў таму суадносіны складалі адзін да трынаццаці.

Паводле дасьледаваньня, доля Расеі ўпала з 70% да 32% ад агульнай колькасьці беларускіх студэнтаў за мяжой, а ў лідэры вырвалася Польшча — з 11% да 44%. Значна вырасьлі долі і іншых краін Усходняй і Цэнтральнай Эўропы — пры стагнацыі і скарачэньні ў Заходняй і Паўночнай Эўропе.

Чаму гэта важна і чаго можна чакаць далей?

Калі давяраць статыстыцы, на якой грунтуецца дасьледаваньне, дык роля Расеі ў адукацыі беларусаў за мяжой значна зьменшылася за апошняе дзесяцігодзьдзе. Яе доля ў агульнай колькасьці беларускіх студэнтаў замежжа ўпала з 70% да 32%, а ў абсалютных лічбах — з амаль 24 тыс. ў 2013 годзе да каля 10,6 тыс. у 2025 годзе.

Пры гэтым намесьнік міністра навукі і вышэйшай адукацыі Расеі Канстанцін Магілёўскі ў нядаўнім інтэрвію газэце «Коммерсантъ» сказаў, што ў гэтым навучальным годзе ў Расеі вучацца звыш 16 тысяч грамадзян Беларусі. Паводле яго, Беларусь цяпер займае сёмае месца ў колькасьці студэнтаў, якія паехалі атрымліваць вышэйшую адукацыю ў расейскіх ВНУ.

Як адзначаюць аўтары дасьледаваньня, большасьць беларускіх студэнтаў у Расеі, у адрозьненьне ад студэнтаў у Эўропе, навучаюцца на завочнай і вочна-завочнай форме.

Дыстанцыйныя студэнты складаюць больш за 70% ад агульнай колькасьці беларускіх студэнтаў у Расеі. На дзённай форме навучаецца толькі каля 3 тыс. студэнтаў, а падтрымку з фэдэральнага і іншых расейскіх бюджэтаў на 2025 год атрымлівалі 1,6 тыс. грамадзян Беларусі, гаворыцца ў дасьледаваньні.

Аўтары дасьледаваньня прагназуюць, што ў будучыні дзьве ключавыя краіны (Польшча і Расія) будуць прыцягваць да 70% усіх студэнтаў. Разам зь Літвой, Чэхіяй і Нямеччынай яны будуць прыцягваць каля 90%. Паводле аўтараў, зь «вялікай пяцёркі» найбольш уразьлівай выглядае Літва, дзе колькасьць беларускіх студэнтаў вельмі моцна залежыць ад існаваньня Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, яго статусу і ўкладаньняў у яго з боку эўрапейскіх інстытутаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пасьля рэзкага зьніжэньня зноў рост. У расейскіх унівэрсытэтах вучацца каля 16 тысяч беларусаў

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У ЭГУ заявілі, што ня будуць адмаўляцца ад набору, і адкрылі новую праграму