Літва ў траўні пачала абмяжоўваць увоз паліва зь Беларусі, літоўскія мытнікі ўжо разьвярнулі некалькі цягачоў і пасажырскіх аўтобусаў.
6 траўня літоўскія мытнікі не ўпусьцілі беларускі пасажырскі аўтобус праз пункт пропуску Каменны Лог — Меднікі. Аўтобус, які ехаў зь Менску ў Коўна, не прапусьцілі, бо ён меў у баку больш за за 200 літраў паліва, пацьвердзіў парталу Delfi Дэпартамэнт міграцыі Літвы.
Раней аб гэтым здарэньні сайту «Люстэрка» расказаў пасажыр аўтобуса Леанід (імя зьменена).
«Аўтобус не прапусьцілі церазь мяжу літоўскія мытнікі ў пункце пропуску Меднікі. Нам сказалі, што не паедзем далей праз паліва, больш нічога не тлумачылі. Давялося выклікаць таксі да Вільні з найбліжэйшай запраўкі з боку Літвы».
Колькі адзінак транспарту за апошні час не ўпусьцілі ў Літву, парталу Delfi расказалі ў Дэпартамэнце міграцыі краіны. Паводле іх інфармацыі, 3 траўня на КПП у Медніках не прапусьцілі 6 цягачоў, на КПП у Салечніках — 10 цягачоў. 4 траўня на КПП у Медніках не прапусьцілі 1 цягач і 2 аўтобусы. 5 траўня на КПП у Медніках не прапусьцілі 2 цягачы, у Салечніках — 1 цягач.
Парлямэнт Літвы прыняў папраўкі да закону «Аб абмежаваньні транспартных сродкаў праз ваенную агрэсію супраць Украіны», якія ўступілі ў сілу 3 траўня 2026 году і будуць дзейнічаць да 31 сьнежня 2027 году. Па рашэньні парлямэнту ў Літву не ўпускаюць транспартныя сродкі, калі ў баку больш за 200 літраў паліва.
Раней перавозьнікі імкнуліся правезьці ў Літву як мага больш паліва з прычыны розьніцы цэнаў на яго ў Беларусі і Літве і крыху зьнізіць такім чынам свае выдаткі.
У красавіку 2026 году бэнзін АІ-92 ў Беларусі каштаваў 2,57 рубля, АІ-95 — 2,67 рубля, дызэльнае паліва — 2,67 рубля.
У Літве ў красавіку паліва падаражэла ў сярэднім з 1,5 да 1,8 эўра за літар бэнзіну АІ-95, то бок на 20% у сярэднім.