Дацкі шэф-повар Расмус Мунк, якога называюць адным з найлепшых кухараў сьвету, стаў удзельнікам беларускага праекту на 61-й Вэнэцыянскай выставе мастацтваў, піша The Guardian.
Паводле брытанскага выданьня, Мунк стварыў для праекту спэцыяльныя гастранамічныя элемэнты, якія павінны перадаваць адчуваньне страху, траўмы і падкантрольнасьці. У інсталяцыі выкарыстоўваюцца гукі, пахі, забароненыя ў Беларусі кнігі і каласы жыта як сымбаль Беларусі.
Расмус Мунк — уладальнік культавага рэстарану Alchemist у Капэнгагене, адзначанага дзьвюма зоркамі Michelin. Яго гастранамічныя пэрформансы вядомыя спалучэньнем яды, тэатру, палітыкі і сацыяльных тэмаў. У 2025 годзе ён атрымаў узнагароду The Best Chef Awards як найлепшы шэф-кухар сьвету. Мунк супрацоўнічаў нават з NASA і распрацоўваў ежу для касьмічных палётаў.
На біенале ён супрацоўнічае зь беларускім «Свабодным тэатрам» у межах праекту Official. Unofficial. Belarus, прысьвечанага беларускаму досьведу рэпрэсіяў, выгнаньня і жыцьця пры аўтарытарным рэжыме.
Мунк вядомы правакацыйнымі кулінарнымі працамі. У ягоным рэстаране падавалі стравы ў выглядзе чалавечага вока, «ядомага плястыку», кампазыцыі, прысьвечаныя татальнаму назіраньню, галечы і вайне. Вячэра ў рэстаране Мунка доўжыцца 6–7 гадзін і складаецца з каля 50 падачаў. Яе параўноўваюць з тэатрам, псыхалягічным пэрформансам. Крытыкі называюць Alchemist «самым радыкальным рэстаранам сьвету».
Official. Unofficial. Belarus — гэта праект «Свабоднага тэатру». Апрача Мунка, у ім удзельнічаюць беларускія мастакі Ўладімер Цэсьлер, Сяргей Грыневіч, Мікалай Халезін, кампазытарка Вольга Падгайская. Ідэя беларускага праекту — перанесьці наведнікаў у Беларусь, выкарыстоўваючы слых, пах, смак, зрок і адчуваньне прасторы. Куратаркай беларускага павільёну стала культуроляг Даніэла Каляда. Ён разьмесьціцца ў касьцёле Сан-Джавані Эвангеліста ў Вэнэцыі. Вэнэцыянская выстава мастацтваў адкрываецца для публікі 9 траўня і працягнецца да 22 лістапада.