У Менску пачалі лавіць электрасамакатнікаў за перавышэньне хуткасьці

«Тратуарны радар» за працай

Сталічная ДАІ паказала радар, які мерае хуткасьць сродкаў пэрсанальнай мабільнасьці і пры перавышэньні дазволеных на ходніку 10 км/г пасылае інспэктару фота ў высокай якасьці.

За першае парушэньне ДАІ будзе папярэджваць, за наступныя — штрафаваць.

Зь леташняга верасьня ў гарадах і вёсках на сродках пэрсанальнай мабільнасьці па ходніках нельга ехаць хутчэй за 10 км/г . На роварных дарожках і па краі праезнай часткі (калі няма ні ходніку, ні роварнай дарожкі) можна разагнацца да 25 км/г. У пешаходнай зоне на СПМ езьдзіць увогуле забаронена.

Той самы радар — мабільны вымяральны комплекс «Скат-ПП»

Увядзеньне такога кантролю інспэктары тлумачаць аварыйнасьцю — за мінулы год у Менску адбылося каля 500 здарэньняў з уладальнікамі мабільнага транспарту. Сёлета ж колькасьць такіх аварыяў зьнізілася на 40 адсоткаў.

Сродкамі пэрсанальнай мабільнасьці, паводле беларускіх правілаў, лічацца электрасамакаты, гіраскутэры і іншыя падобныя прылады з рухавіком. Але пры гэтым ровар з рухавіком прыраўноўваецца да звычайнага ровара.

Для звычайных самакатаў і ровараў абмежаваньні хуткасьці не прапісаныя, але ці адрозьнівае іх «тратуарны радар», не паведамляюць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У менскай міліцыі расказалі, як выкарыстоўваюць штучны інтэлект

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка абмежаваў хуткасьць самакатаў на ходніках да 10 км/г