Яшчэ двух палітвязьняў асудзілі за «злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі»

Сяргей Канавалаў

У Беларусі працягваюць судзіць палітзьняволеных паводле артыкулу 411 Крымінальнага кодэксу (злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі).

Праваабарончаму цэнтру «Вясна» стала вядома, што ў Бабруйску паводле арт. 411 асудзілі 22-гадовага палітвязьня Ільлю Верамеева, але дакладны вынік суду праваабаронцам пакуль невядомы. А 54-гадоваму Сяргею Канавалаву да 17 гадоў калёніі дадалі яшчэ два гады. Раней яго ўжо судзілі за «злоснае непадпарадкаваньне».

Сяргей Канавалаў да затрыманьня працаваў на Віцебскай дыстанцыі сыгналізацыі і сувязі на Віцебскім аддзяленьні Беларускай чыгункі. Яго затрымалі 6 сакавіка 2022 году. Згодна з вэрсіяй МУС, мужчына нібыта плянаваў вывядзеньне сыстэмы з ладу, якія адказваюць за бясьпеку чыгуначнага руху.

У верасьні 2022 году Сяргея асудзілі ў крымінальнай справе аб «распальваньні нацыянальнай і іншай сацыяльнай варожасьці» (арт. 130 КК) і аб «падрыхтоўцы да зьдзяйсьненьня акта тэрарызму» (ч. 1 арт. 13, ч. 2 арт. 289 КК). Яму прызначылі 15 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а таксама штраф у памеры 300 базавых велічыняў.

У Бабруйску 12 лістапада пачалі разглядаць справу 52-гадовага палітвязьня Сяргея Канавалава. Восеньню 2024 году адміністрацыя бабруйскай калёніі № 2 ініцыявала завядзеньне справы супраць Сяргея паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі). Тады судзьдзя Павал Карцінін прызначыў яму яшчэ два гады калёніі ў дадатак да 15 гадоў.

Цяпер стала вядома, што ў папраўчай калёніі № 14 у Навасадах супраць Сяргея пачалі другую запар крымінальную справу паводле арт. 411 КК. 17 красавіка 2026 года над ім адбыўся суд, які скончыўся выракам у чарговыя два гады пазбаўленьня волі. Цяпер агульны тэрмін палітвязьня складае 19 гадоў.

Пра новы суд над палітвязьнем паведаміла «Гомельская Вясна». Які тэрмін прызначылі хлопцу — невядома.

24 лютага 2022 году Ільля Верамееў з Гомлю пачаў ліставацца ў Telegram зь сястрой Янай каля 5-й раніцы. Прычына — уварваньне расейскіх войскаў ва Ўкраіну і абстрэл гораду Мікалаеў, у якім жыла на той момант ягоная сястра. Ільля вельмі хваляваўся за яе. Праз тры дні хлопца затрымалі — пасьля ягоных заклікаў у мясцовым чаце чыніць супраціў і пачаць дзейнічаць супраць вайны: на месцы збору з гамельчукамі яго чакалі сілавікі.

Ільлю асудзілі да 6,5 гадоў калёніі. Пазьней КДБ уключыў хлопца ў «сьпіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці», а МУС — у «сьпіс экстрэмістаў». Адбываць тэрмін яго накіравалі ў бабруйскую калёнію № 2.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

45 палітвязьняў трымаюць у няволі за «непадпарадкаваньне турэмнай адміністрацыі»

Што гэта значыць?

Улады ў Беларусі працягваюць рэпрэсаваць ужо пакараных раней паводле палітычных артыкулаў людзей. Літаральна напярэдадні таго, як стала вядома пра новыя справы за «злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі» супраць Верамеева і Канавалава, на волю выйшаў Мікіта Емяльянаў. Яго двойчы судзілі паводле артыкулу 411 КК. На волю Емяльянаў меўся выйсьці ў 2025 годзе, а выйшаў толькі ў траўні 2026.

Акрамя таго, 20 траўня ў Мазыры рыхтуецца новы суд паводле гэтага артыкулу над Уладзімерам Кнігам. Раней удзельніка перадвыбарчай кампаніі Сяргея Ціханоўскага ў 2020-м годзе ўжо двойчы дадавалі па адным годзе зьняволеньня.

Артыкул 411 стаў адным са сродкаў, якімі актыўна карыстаецца рэжым Лукашэнкі для працягу рэпрэсій і ўтрыманьня неляяльных грамадзян за кратамі замест таго, каб выпускаць іх на волю.

Паводле «Вясны», на красавік 2026 году паводле 411-га артыкулу асуджаныя больш за 80 палітвязьняў, 45 зь іх працягваюць знаходзіцца ў няволі.

У канцы красавіка група былых палітвязьняў пры дапамозе кіраўніцы дэлегацыі Эўрапарлямэнту для дачыненьняў зь Беларусьсю Малгажаты Гасеўскай накіравала экспэртам ААН адмысловы зварот наконт абмеркаваньня дадзенага артыкулу.

«З дапамогай гэтага артыкулу злачынны рэжым прымушаў нас пісаць прашэньні аб памілаваньні на імя ўзурпатара, удзельнічаць у прапагандысцкіх відэаматэрыялах з мэтай дыскрэдытацыі беларускага дэмакратычнага руху, а таксама даваць згоду на так званае „канфідэнцыйнае супрацоўніцтва“», — сьведчылі ў звароце былыя палітвязьні Павал Вінаградаў, Алена Гнаўк, Мікола Дзядок, Юры Зянковіч, Аляксандар Казьлянка, Зьміцер Казлоў, Ігар Карней, Вікторыя Кульша, Павал Севярынец, Павал Спірын, Паліна Шарэнда-Панасюк.

Пад перасьлед за «злоснае непадпарадкаваньне» трапляюць як тыя, у каго ўжо заканчваецца асноўны тэрмін і яны неўзабаве маюць выйсьці на волю, так і тыя, каго асудзілі на 15–20 гадоў.

Акрамя ўжо згаданага Емяльянава, які выйшаў на волю, Кнігі, якога рыхтуюцца зноў судзіць, Канавалава і Верамеева, якіх ужо асудзілі, вядома пра Паўла Аўчарова (асуджаны ў 2021 годзе на 6,5 гадоў зьняволеньня) і Андрэя Любецкага (асуджаны ў 2022 годзе на 5 гадоў пазбаўленьня волі), якім таксама дадалі турэмнае пакараньне пасьля суду паводле арт. 411.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 4 траўня: палітвязьня Ўладзімера Кнігу будуць судзіць трэці раз; вызвалілі Мікіту Емяльянава