На гэты момант вядома, што 61 чалавек атрымаў раненьні. Пакуль пацьверджаная інфармацыя пра 26 загінулых.
Выбух адбыўся на заводзе Liuyang Huasheng Fireworks Manufacturing and Display Company у Люяне, што ў правінцыі Хунань, паведаміла тэлекампанія CCTV.
Пасьля выбуху ўсім вытворцам фаервэркаў у сталіцы правінцыі Хунань Чанша загадалі спыніць вытворчасьць да праверак бясьпекі.
На відэа ў сацыяльных сетках зафіксаваныя бесьперапынныя выбухі, якія суправаджаліся велізарным воблакам дыму. Запісы зь бесьпілётніка, зробленыя на наступны дзень, паказалі паласу абломкаў на месцы будынкаў, дзе ратаўнікі і экскаватары расчышчалі завалы. Дым працягваў падымацца зь некаторых будынкаў, якія засталіся цэлымі, але многія бяз даху.
Мэр Чанша Чэнь Бочжан заявіў на прэс-канфэрэнцыі, што пасьля папярэдніх паведамленьняў пра 21 загінулага ратаўнікі і мэдыкі пацьвердзілі сьмерць яшчэ пяцёх чалавек.
Паводле звестак CCTV, пэкінскі ўрад накіраваў экспэртаў для кіраваньня ратавальнымі апэрацыямі, а на месца здарэньня тэрмінова накіравалі больш за 480 ратаўнікоў. Яны ўстанавілі 3-кілямэтровую кантрольную зону вакол месца здарэньня і эвакуавалі людзей паблізу. Таксама стала вядома, што паліцыя затрымала кіраўніцтва кампаніі, пакуль працягваецца расьсьледаваньне прычынаў трагедыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Абсталяваньне для мэдычнага цэнтру ў Мазыры набудуць за кітайскія грошы. Яго ствараюць пад эгідай ААНЧаму гэта важна?
Люян — буйны цэнтар фаервэркаў, які вырабляе каля 60% салютаў і фэервэркаў, якія прадаюцца ў Кітаі, і 70% іх экспарту.
Прамысловыя аварыі, у тым ліку ў фаервэркавай галіне — распаўсюджаная ў Кітаі зьява з прычыны нізкіх стандартаў бясьпекі.
Летась пасьля выбуху на іншай фабрыцы ў правінцыі Хунань загінулі дзевяць чалавек, а ў 2023 годзе тры чалавекі загінулі пасьля выбухаў у жылых дамах у паўночным горадзе Цяньцзінь.
У лютым 2026 году ў выніку асобных выбухаў у крамах фаервэркаў у правінцыях Хубэй і Цзянсу загінулі 12 і 8 чалавек адпаведна.