МЗС уручыў армянскаму дыплямату ноту пратэсту пасьля візыту Ціханоўскай у Ерэван

Будынак МЗС Беларусі

5 траўня ў Міністэрства замежных справаў Беларусі выклікалі часовага паверанага ў справах Армэніі Артура Саргсьяна. Яму заявілі «рашучы пратэст» і ўручылі ноту «ў сувязі зь нядаўнімі недружалюбнымі дзеяньнямі армянскага боку», гаворыцца ў кароткім паведамленьні МЗС.

4 траўня ў Армэнію прыбыла беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская, гэта яе першы візыт у краіну. У Ерэване яна ўдзельнічала ў якасьці госьці ў саміце Эўрапейскай палітычнай супольнасьці, правяла сустрэчы з сусьветнымі лідэрамі і армянскім прэмʼер-міністрам Ніколам Пашыньянам.

Раней, 1 траўня, сьпікер Нацыянальнага сходу Армэніі Ален Сіманьян у інтэрвію Грамадзкай тэлевізіі Армэніі заявіў пра спробу расейскага ўмяшаньня ў парлямэнцкія выбары. У гэтым кантэксьце ён адзначыў, што ўлады ў Ерэване не дазволяць «ператварыць Армэнію ў губэрню». «Мы ня будзем кіравацца так, як кіруецца Беларусь», — нагадвае словы Сіманьяна «Позірк».

4 траўня прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Руслан Варанкоў заявіў, што гэтыя словы «ня што іншае, як перадвыбарчы папулізм і адчайная спроба адцягнуць уласны электарат ад найцяжэйшых унутраных праблемаў».

«Беларусь — сувэрэнная дзяржава, якая самастойна вызначае фармат сваіх саюзьніцкіх адносінаў з Расіяй. Мы ганарымся гэтым супрацоўніцтвам і нікому не дазволім нас павучаць. Спробы ўцягнуць Менск ва ўнутрыпалітычныя сваркі пад лёзунгамі мітычнага ўмяшаньня — грубае парушэньне элемэнтарнай дыпляматычнай этыкі», — сказаў сьпікер МЗС.

«Вынікі ж так званага збалянсаванага празаходняга курсу афіцыйнага Ерэвану наглядныя: дэпапуляцыя, хранічная эканамічная нестабільнасьць і поўная замежнапалітычная залежнасьць, якая змушае марыянэткава абслугоўваць чужыя саміты», — адзначыў Варанкоў, відавочна, маючы на ўвазе згаданы саміт Эўрапейскай палітычнай супольнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Старшыня армянскага парлямэнту назваў Беларусь «губэрняй» Расеі. У Менску жорстка адказалі

Армэнія пад кіраўніцтвам Пашыньяна, які прыйшоў да ўлады ў 2018 годзе пасьля пратэстаў супраць ранейшых кіраўнікоў краіны, узяла курс на збліжэньне з Эўразьвязам.

Пры гэтым апошнімі гадамі адносіны паміж Менскам і Ерэванам значна пагоршыліся. Прычынай таму стаў апошні карабаскі ваенны канфлікт з Азэрбайджанам (першая фаза — канец 2020 году, другая — канец 2023-га), у выніку якога непрызнаная Нагорна-Карабаская Рэспубліка, якую падтрымлівала Армэнія, спыніла існаваньне, а тэрыторыі перайшлі пад кантроль Баку.

Ерэван, які стаяў каля вытокаў стварэньня Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы, папракнуў вайскова-палітычны блёк у бязьдзейнасьці ў гэтай сытуацыі. Больш за тое, паводле сьцьверджаньня Пашыньяна, некалькі краін АДКБ фактычна дапамагалі Баку. Не назваўшы гэтыя дзяржавы наўпрост, армянскі прэмʼер недвухсэнсоўна намякнуў, што адна зь іх — Беларусь.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Ерэване праходзіць саміт Эўрапейскай палітычнай супольнасьці, на яго запрасілі Ціханоўскую