Упершыню зь Беларусі ў Літву не прапусьцілі аўтобус празь перабор паліва

Памежны пераход «Меднікі» (Medininkai)

З 3 траўня ў Літве ўвялі абмежаваньні на ўвоз паліва зь Беларусі. Празь іх 5 траўня на мяжы разьвярнулі рэйсавы аўтобус, які ехаў зь Менску ў Коўна, паведаміла «Люстэрка».

Як апавёў «Люстэрку» адзін з пасажыраў, аўтобус выехаў зь Менску а 4-й раніцы і на мяжы ў Медніках яго не прапусьцілі літоўскія мытнікі:

«Нам сказалі, што не паедзем далей праз паліва, больш нічога не тлумачылі. Давялося выклікаць таксі да Вільні з найбліжэйшай запраўкі з боку Літвы. Ці прапусьцілі аўтобус пасьля, ня ведаю: трэба было сьпяшацца на самалёт».

Паводле мужчыны, перавозьнік не прапанаваў яму кампэнсацыі за нязручнасьці.

Журналіст «Люстэрка» пад выглядам працадаўцы аднаго з пасажыраў зьвязаўся з кампаніяй «Інтэркарс», празь якую пасажыр купляў білет. Там пацьвердзілі, што аўтобус не прапусьцілі. А наконт кампэнсацыі параілі зьвярнуцца наўпрост да перавозьніка — кампаніі «ІП Баертранс». Аднак там на званкі ніхто не адказаў.

3 траўня ў Літве дзейнічаюць новыя абмежаваньні супраць Беларусі і Расеі ў сувязі з ваеннай агрэсіяй супраць Украіны. Адно зь іх — пры ўезьдзе ў Літву ў баках можа быць ня больш за 200 літраў паліва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Літва ўвяла абмежаваньні на ўвоз паліва зь Беларусі