Новы суд на палітвязьнем Верамеевым
22-гадовага палітвязьня Ільлю Верамеева асудзілі за «злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі». Пра гэта паведамляе «Гомельская Вясна». Які тэрмін прызначылі хлопцу, невядома.
У лютым 2022 году Ільлю Верамеева затрымалі пасьля ягоных заклікаў у мясцовым чаце аказваць супраціў вайне Расеі супарць Украіны. Яго раней асудзілі на 6,5 года зьняволеньня. КДБ уключыў яго ў «сьпіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці», а МУС – у «сьпіс экстрэмістаў». Адбываць тэрмін яго накіравалі ў бабруйскую калёнію № 2.
Старонку Статкевіча ў Фэйсбуку прызналі «экстрэмісцкай», парушыўшы асноўны прынцып права
Палітык Мікола Статкевіч разьмясьціў у сваім ТГ-канале фатаграфію рашэньня аб прызнаньні яго старонкі ў Facebook «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Рашэньне прымаў суд Ленінскага раёну Горадні. Заяву пракуратуры разглядала судзьдзя Вольга Шуманская.
Як вынікае з рашэньня, на старонцы Статкевіча ў Facebook выявілі спасылкі на інтэрнэт-рэсурсы, прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі» пазьней за публікацыю гэтых спасылак. Такім чынам суд праігнараваў асноўнае праўнае палажэньне аб тым, што закон ня мае зваротнай сілы.
Напрыклад, паводле рашэньня суду ў віну Статкевічу паставілі, што 31 траўня 2020 году палітык апублікаваў у сваім акаўнце спасылку на інтэрнэт-рэсурс, прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі» рашэньнем суду Чыгуначнага раёну Гомля ад 1 лютага 2023 году.
Былы палітвязень Мікола Статкевіч адзначыў, што ён не карыстаўся гэтым акаўнтам амаль шэсьць гадоў, і ўсе гэтыя гады ён «экстрэмісцкім» ня быў.
Гэта рэдкі выпадак, калі на рукі ўласьніку акаўнту трапіў такі афіцыйны дакумэнт. Улады Беларусі выкарыстоўваюць абвінавачаньні ў «экстрэмізьме» для барацьбы з іншадумствам у цэлым.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Хроніка перасьледу 4 траўня: палітвязьня Ўладзімера Кнігу будуць судзіць трэці раз; вызвалілі Мікіту ЕмяльянаваЯк рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».