Беларусь і Расея створаць новы «адзіны рэестар». Цяпер гэта база запазычанасьцяў грузаперавозьнікаў

Ілюстрацыйнае фота

Размова пра адзіную крыніцу зьвестак для кантрольна-наглядных органаў, а таксама для парадку выплаты беларускімі перавозьнікамі штрафаў за парушэньні на тэрыторыі Расеі.

Рашэньне стварыць адзіную базу грузаперавозьнікаў зьявілася ў час працы супольна беларуска-расейскай Камісіі ў міжнародных перавозках, паведаміла Міністэрства транспарту Расеі.

Удзельнікі вырашылі распрацаваць пасьлядоўны «мэханізм непазбежнасьці пакараньня» за парушэньні ў галіне транспарту ў так званай Саюзнай дзяржаве.

Акрамя таго, Беларусь і Расея сынхранізуюць падыходы да перавозкі небясьпечных грузаў. Таксама ўдзельнікі абмеркавалі арганізацыю перавозкі бэнзіну беларускіх НПЗ з выкарыстаньнем расейскіх аўтацыстэрнаў, рэгістрацыю рэзыдэнтаў Беларусі ў расейскіх інфармацыйных базах.

Цяпер у рэестры міжнародных маршрутаў рэгулярных перавозак паміж Расеяй і Беларусьсю зарэгістраваны 121 маршрут, у тым ліку ў 2025 годзе было ўзгоднена 39, у 2026-м — восем. На наступным этапе плянуюць падрыхтаваць супольны плян разьвіцьця аўтаперавозак паміж дзьвюма краінамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

За 10 месяцаў 2025 году аб’ём перавозак грузаў у Беларусі ўпаў больш чым на 3 працэнты

На мінулым тыдні пачала дзеяньне яшчэ адна дамова афіцыйных Масквы і Менску. Зь беларускіх аэрапортаў перасталі выпускаць расейскіх прызыўнікоў.

Калі расейскаму грамадзяніну, які атрымае позву ў войска, забароняць перасякаць мяжу, то ён ня зможа выехаць у тым ліку праз тэрыторыю Беларусі, што пацьвердзілі афіцыйна ў Дзяржаўным памежным камітэце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Улады Беларусі пацьвердзілі, што перасталі выпускаць за мяжу расейцаў-прызыўнікоў