Хроніка перасьледу 4 траўня: у Менску затрымалі сям’ю каталіцкіх вернікаў

Менскі гарадзкі суд. Архіўнае фота

Улады Беларусі працягваюць перасьлед грамадзян за палітычную пазыцыю. Свабода вядзе хроніку рэпрэсіяў.

У Менску затрымалі сям’ю каталіцкіх вернікаў

На мінулым тыдні затрымалі каталіцкіх вернікаў зь Менску Вольгу М. і Валерыя К.

Сужэнцы не выходзяць на сувязь як мінімум з чацьвярга, паводле папярэдняй інфармацыі, іх затрымалі дома, піша @christianvision.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 30 красавіка: былога лідэра «Маладога фронту» Яўгена Скочку зьняволілі на 3 гады

Палітвязьня Кнігу трэці раз будуць судзіць за «злоснае непадпарадкаваньне» ў калёніі

У судзе Мазырскага раёна 20 траўня палітвязьня Уладзіміра Кнігу трэці раз будуць судзіць за «злоснае непадпарадкаваньне законным патрабаваньням адміністрацыі калёніі» (ч. 1 арт. 411 КК), піша @stranafund. Раней яму ўжо двойчы дадавалі па году зьняволеньня.

Былога сілавіка і валянтэра каманды Ціханоўскага затрымалі 4 чэрвеня 2020 года. На судзе ён не прызнаў віну і заявіў, што падзеі 29 траўня 2020 года на плошчы Савецкай у Горадні падчас збору подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую — правакацыя сілавых ведамстваў Беларусі.

Яго асудзілі на чатыры гады калёніі паводле арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і арт. 364 КК (гвалт альбо пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў), піша «Вясна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 29 красавіка: ператрусы і арышты ў Наваполацку, Барысаве, Берасьці, Слоніме