Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 29 красавіка: Reform.nеws прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем»

абноўлена
Менскі абласны суд. Архіўнае фота
Менскі абласны суд. Архіўнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Айцішніцу, якую затрымалі па прыезьдзе зь Вільні, асудзілі на тры гады

Вольгу Буланаву пакаралі па «справе Гаюна». Яна жыла ў Вільні, але пэрыядычна езьдзіла на радзіму ў Беларусь, піша «Наша Ніва».

43-гадовую Вольгу Буланаву арыштавалі 21 траўня 2025 года і зьмясьцілі ў СІЗА. Яе асудзілі ў Менскім гарадзкім судзе паводле частак 1 і 2 артыкула 361‑4 КК (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці). 3 студзеня Вользе прысудзілі тры гады калёніі.

МУС Беларусі прызнаў Reform.nеws «экстрэмісцкім фармаваньнем»

Паводле рашэньня ведамства ад 28 красавіка, дачыненьне да праекту маюць Фёдар Паўлючэнка, Аляксандр Атрошчанкаў і Аляксей Жукаў, піша Reform.news.

Беларускія ўлады выкарыстоўваюць абвінавачаньні ў экстрэмізьме для барацьбы з палітычнымі апанэнтамі і іншадумствам у цэлым.

На былую палітзьняволеную Ганну Курыс завялі новую крымінальную справу

Ганна распавяла «Вясьне», што крымінальная справа распачатая паводле артыкула 361-4 Крымінальнага кодэксу (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці).

Падставай для гэтага стала яе інтэрвію сайту праваабарончага цэнтру «Вясна», у якім яна распавяла пра ўмовы свайго ўтрыманьня падчас зьняволеньня.

У сувязі з новай справай былой палітзьняволенай зьмянілі меру стрыманьня. Гэта азначае, што ў выпадку вяртаньня ў Беларусь яе павінны неадкладна зьмясьціць пад варту ў СІЗА.

Гэты выпадак адбываецца на фоне працяглых рэпрэсій і ціску на тых, хто адкрыта кажа пра парушэньні правоў чалавека, а таксама вызваленьня і вывазу зь Беларусі некаторых палітвязьняў.

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG