2 траўня ва Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі заляцеў паветраны балён, заявіў сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка ў эфіры тэлеканалу «Ми — Україна». Паводле яго, гэта быў рэтрансьлятар сыгналу для ажыцьцяўленьня расейскіх атак па Ўкраіне.
Херсон. 3 траўня раніцай расейскі дрон ударыў па аўтамабілі, у якім ехалі працаўнікі мясцовага прадпрыемства. Загінуў 60-гадовы мужчына, яшчэ пяць чалавек атрымалі траўмы. Неўзабаве адбыўся другі напад — на машыну хуткай дапамогі. На шчасьце, мэдыкі не пацярпелі. Днём раней ад расейскіх атак у Херсоне загінулі двое чалавек.
Адэскі раён. Бесьпілётнікі атакавалі жылыя і адміністрацыйныя будынкі, а таксама порт. Два чалавекі загінулі, пяцёра пацярпелі.
Чарнаморск пасьля расейскай атакі, 3 траўня
Сумская вобласьць. 2 траўня ад расейскіх атак загінуў 1 чалавек і 18 пацярпелі (зь іх 1 чалавек памёр ад ранаў у шпіталі ўжо 3 траўня). У нядзелю расейскія атакі працягваліся. Дрон атакаваў зернявоз, кіроўца ў шпіталі ў цяжкім стане.
Запароскі раён. Ад авіяўдару 2 траўня загінуў адзін мірны жыхар, яшчэ двое атрымалі раненьні, у тым ліку дзіцё.
Данецкая вобласьць. Расейскія вайскоўцы 25 разоў абстралялі населеныя пункты. Загінулі двое мірных жыхароў, дзевяць атрымалі раненьні.
Днепрапятроўская вобласьць. Расейскія вайскоўцы атакавалі аўтазаправачную станцыю і пацэлілі ў аўтобус, у якім ехалі 40 дзяцей. Дзеці пасьпелі пакінуць аўтобус да ўдару. Аднак 10-гадовы хлопчык і пяцёра дарослых атрымалі траўмы сярэдняй ступені цяжкасьці. За сёньня было ўжо больш за 10 атак дронаў. У Крывым Розе праз дрон усчаўся пажар у шматпавярховіку.
Дніпро. Ад расейскіх атак ракетамі, беспілётнікамі і артылерыяй 3 траўня загінуў адзін чалавек, 25 атрымалі раненьні, сярод іх — чацьвёра дзяцей.
Мікалаеў. 3 траўня ад расейскай ракетнай атакі па Мікалаеве 5 чалавек атрымалі раненьні. Пашкоджаныя 17 прыватных будынкаў, шматкватэрны дом і аўтамабілі.
Расея. Над Маскоўскай вобласьцю 2 траўня зьбілі 6 дронаў — над Істрай, Адзінцовам, Чэхавам, Солнечнагорскам, Каломнай і Валакаламскам. Каля Валакаламску, у вёсцы Чэрнева, загінуў 77-гадовы мужчына, паведаміў губэрнатар вобласьці. У Смаленскай вобласьці ад абломкаў дронаў пацярпелі тры чалавекі, паведамілі мясцовыя ўлады.
Белгародзкая вобласьць. Два чалавекі загінулі і сем атрымалі раненьні ад атак украінскіх дронаў, паведаміў мясцовы губэрнатар.
Ленінградзкая вобласьць. Украінскія дроны зноў атакавалі порт Прыморск. Губэрнатар вобласьці паведаміў пра больш як 60 зьбітых бесьпілётнікаў і пра «ўзгараньне» ў порце, якое ўжо ліквідавалі. Падчас налёту адзін дрон заляцеў у паветраную прастору Эстоніі, і адзін — Фінляндыі.
Паводле ж прэзыдэнта Ўкраіны, вынікі атакі куды большыя: «Падарваны ракетны карабель „Каракур“, таксама вартавы катэр і яшчэ адзін танкер ценевага нафтавага флёту. Значныя пашкоджаньні нанесеныя таксама і інфраструктуры нафтаналіўнога порту», — напісаў Уладзімір Зяленскі.
Новарасійск. Украінскія вайскоўцы падарвалі два нафтавыя танкеры расейскага ценевага флёту каля порту Новарасійск у Чорным моры, заявіў у сацсетках 3 траўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. На апублікаваным ім відэа відаць набліжэньне, відавочна, марскога бесьпілётніка да вялікага судна — імаверна, танкера.
Мінус 116 км². У красавіку расейскія войскі ўпершыню з жніўня 2024 году панесьлі чыстыя тэрытарыяльныя страты, падлічыў Інстытут вывучэньня вайны. Паводле яго, расейскае войска страціла кантроль прыкладна над 116 км² акупаванай тэрыторыі. А тэмпы прасоўваньня расейскіх войскаў зьніжаюцца зь леташняга лістапада.