На Гарадзеншчыне 5 гадзін тушылі лясны пажар каля літоўскай мяжы

Пажар каля вёскі Узьбераж, фота МНС

Каля шостай гадзіны вечара 2 траўня каля вёскі Узьбераж на Гарадзеншчыне выявілі буйны пажар. Ён ахапіў каля 10 гектараў. Тушылі яго больш за 60 чалавек з дапамогай 15 машын.

Каля 23-й гадзіны пажар удалося ліквідаваць, паведаміла Міністэрства надзвычайных сытуацый.

У суседняй Літве людзей папярэдзілі пра забруджваньне паветра дымам.

Паводле Адміністрацыі Аранскага раёну Літвы, пажар на тэрыторыі Беларусі ўсчаўся каля 16:50. Уначы ён перакінуўся на тэрыторыю Літвы, але пазьней быў патушаны, перадае LRT. Асобна ў артыкуле адзначаецца, што зь Беларусьсю няма абмену інфармацыяй, таму дакладных зьвестак пра пажар у Літвы не было.

Усяго за мінулыя содні ў Беларусі патушылі 15 лясных пажараў агульнай плошчай амаль 12 гектараў, а таксама 59 пажараў травы і хмызьняку агульнай плошчай амаль 9 гектараў. Лясныя пажары былі ва ўсіх абласьцях, апроч Магілёўскай. Па ўсёй краіне забаронена наведваць лясы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Рагачове некалькі дзён з кранаў цячэ вада з хімічным пахам