Вячорка: У нас афігенная дыяспара, але ныцьцё пра тое, што ўсё кепска, дэматывуе, мы не ўмеем прадаваць посьпехі

V Канфэрэнцыя беларусаў сьвету ў Варшаве. Франак Вячорка

«У нас афігенная дыяспара, яна абсалютна неверагодная. І калі раней казалі: трэба павучыцца ў габрэяў, яшчэ ў кагосьці, — зараз усе вучацца ў нас і нам трэба проста разбудоўваць гэты патэнцыял, наколькі магчыма».

Такое меркаваньне выказаў галоўны дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка на дыскусіі «Палітычная адвакацыя: выклікі і магчымасьці» ў межах V Канфэрэнцыі беларусаў і беларусак сьвету (1-2 траўня, Варшава).

Паводле словаў вячоркі, палітыкам, палітычным структурам, самому офісу Ціханоўскай «не хапае вельмі часта канкрэтных кейсаў» той ці іншай праблемы.

«Бывае, прыяжджаем на сустрэчу, усе ныюць: усё кепска, нічога не выдаецца (напрыклад, дакумэнты. — „Позірк“.). Потым пачынаеш капаць: ніводнага канкрэтнага кейсу, які можна было б узяць, вырашыць», — заявіў Вячорка.

«Калі ў нас будуць канкрэтныя прыклады, прэцэдэнты, якія мы ствараем і вырашаем, потым іх лёгка маштабаваць на ўсю беларускую супольнасьць», — падкрэсьліў ён.

«Аднаго ныцьця пра тое, што ўсё кепска, недастаткова, — лічыць Вячорка. — Калі мы будзем казаць, што ўсё кепска, не вырашаецца, мы толькі дэматывуем і нашых партнэраў, і нашыя структуры».

На канфэрэнцыі ў Варшаве падчас выступу Ціханоўскай паднялі плякаты з крытыкай на яе адрас. ФОТА

На думку дарадцы, трэба акцэнтаваць увагу на посьпехах, але «мы не ўмеем прадаваць сябе, прадаваць свае посьпехі». «Думаю, што тут (у Польшчы. — „Позірк“.) і па выніках гэтай канфэрэнцыі нам трэба пасьпяховыя прыклады запакаваць, раскруціць, паказаць іншым суполкам у іншых краінах, дзе меншая беларуская дыяспара, як гэта было вырашана. Супраца офіса, напрыклад, з гішпанскай дыяспарай у справе прызнаньня пратэрмінаваных пашпартоў — выдатны прыклад», — заявіў прамоўца.

На яго перакананьне, толькі супрацай дэмакратычных структур, палітыкаў, «якія адкрываюць дзьверы», і суполак на месцах можна дасягнуць выніку. «Калі мы будзем дзейнічаць паасобку, мы не адкрыем дзьверы альбо не давядзем справу да канца», — заявіў Вячорка.

Паводле яго слоў, вырашэньне канкрэтных праблем, іх маштабаваньне на наступны год павінна стаць прыярытэтам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Варшаве пачалася канфэрэнцыя беларусаў і беларусак сьвету. Відэатрансьляцыя