«Марына Золатава — чалавек». Вялікая гутарка з былой галоўнай рэдактаркай Tut.by, палітзьняволенай і швачкай гомельскай калёніі

Марына Золатава

«Марына» — так Золатава прадстаўлялася ў калёніі пры знаёмстве. І, кажа, ніколі не падкрэсьлівала, што раней была галоўным рэдактарам Tut.by. Год таму яна з азартам працавала швачкай гомельскай калёніі, латала свае ружовыя сукенкі і не магла купіць новую, а цяпер абменьваецца «кружочкамі» зь дзецьмі, катаецца на роліках і вучыць польскую мову.

Марына прыходзіць на інтэрв’ю за пару хвілін да дамоўленага часу. Падымаецца па сходах на чацьвёрты паверх, хаця ёсьць ліфт.

«Памятаю, як Марына заўсёды казала, каб хадзіць пешкі», — прыгадвае калега побач часы да ейнага зьняволеньня.

Зграбная, у спартовым стылі, зь нязьменнай кароткай фрызурай залацістых валасоў. Яна просіць, калі магчыма, зьвяртацца да яе «Марына», без «спадарыня». Папярэджвае, што ёй можа забракаваць словаў па-беларуску на даўгое інтэрвію, але так ні разу і не пераходзіць на расейскую.

У адказах яна часам сыходзіць у тэму зьняволеньня і палітвязьняў, нават калі пытаньне наўпрост не было з гэтым зьвязанае. Зноў і зноў пералічвае імёны яе знаёмых жанчын, якія застаюцца за кратамі: «Ірачка», «Анечка», «мая Людміла». І сьмяецца на дапушчэньне: не, на штодзень яна ня ўвесь час гаворыць пра турму.

Напрыканцы гутаркі Марына глядзіць на сланечнікі і гаворыць, што любіць такія кветкі.

«Мой муж кажа, што ў мяне сланечнік у воку. Бачыце?» — паказвае яна сваё вока з рудой сарцавінкай і сьветлымі вейкамі.

Варшава

Больш за чатыры месяцы Марына Золатава жыве ў Варшаве. Яе вызвалілі з калёніі ў Гомлі летась 13 сьнежня і адразу бяз пашпарту адправілі ва Ўкраіну, празь некалькі дзён яна трапіла ў Польшчу.

«Мне вельмі падабаецца», — кажа яна пра новы горад і краіну жыхарства.

Свае цяперашнія ўмовы называе «рэжымам лайт», бо ў адрозьненьне ад многіх іншых вызваленых Марына прыехала да сваёй сям’і, якая раней пераехала за мяжу.

«Гэта адразу мяняе ўзровень камфорту», — заўважае Золатава.

Яна расказвае, што бывала ў Польшчы яшчэ са студэнцтва.

«Я ўвесь час думаю, што Беларусь магла б пайсьці па такім жа шляху. Польшча выглядае такой, якой магла б быць Беларусь», — мяркуе яна.

Тое, што Золатавай перадусім падабаецца ў Польшчы, — гэта свабода: калі чалавек можа рабіць, што хоча, рэалізоўваць свае ідэі ня толькі для ўласнай карысьці, але і на карысьць грамадзтва. Ёй падабаецца, што беларусы ў Варшаве актыўна адкрываюць свае бізнэсы і «паказваюць сябе зь лепшага боку».

Польскую мову Марына пачала вучыць яшчэ 25 гадоў таму, ва ўнівэрсытэце на кірунку славянскай філялёгіі: баўгарскую дасканала, а польскую крышку.

«Мне польская мова вельмі падабаецца. Мне падабаецца, як яна гучыць, фанэтыка. Мне вельмі падабаецца падыход палякаў да словатворчасьці. Мне здаецца, што ў гэтым — адлюстраваньне характару народу: калі яны кажуць не футбол, а piłka nożna. Інтэрнацыянальныя словы ўжываюцца ва ўсіх мовах, а палякі выдумваюць нешта сваё», — разважае суразмоўца.

Нядаўна Марына здавала іспыт па польскай мове. Вынікі даведаецца толькі празь некалькі месяцаў. Яна мяркуе, што з аўдзіраваньнем, чытаньнем і граматыкай асаблівых праблемаў няма, а вось з маўленьнем і сачыненьнем было цяжкавата. Яна шкадуе, што ня можа актыўна выкарыстоўваць польскую мову, бо цяпер у Польшчы паўсюдна шмат расейскай.

Канцэрт, ролікі, язда

«Паступова, крок за крокам аднаўляюся, як чалавек. Мне здавалася ў турме: калі я выйду, ўсе важныя справы пасьпею зрабіць у адзін дзень. А яно так не атрымліваецца», — сьмяецца Марына.

Апошнія чатыры месяцы ў яе пераважна радасныя, кажа Золатава: яна на волі, побач блізкія, яна можа выбіраць, чым займацца, і «часам выходзяць людзі». Яе вельмі парадавала, што нядаўна вызвалілі жанчын, якія сядзелі за пасылкі палітвязьням, і што ім дазволілі застацца ў Беларусі.

Перад экзамэнам з польскай мовы Марына хадзіла на канцэрт Irdorath. З Надзеяй Калач, вакалісткай гурта, яны сядзелі ў адной камэры на «Валадарцы», расказвае суразмоўца. Амаль штовечар Надзея сьпявала там свае песьні.

«Гэта вельмі натхняльная была падзея. Калі яна стала сьпяваць на канцэрце песьні, якія я чула ў камэры, я проста не магла стрымацца», — расказвае Марына.

У Варшаве яна шмат ходзіць пешкі. Любіць бываць у парках і на набярэжнай Віслы. Па апошняй зручна катацца на роліках — як калісьці на лыжаролернай трасе ў Вясьнянцы ў Менску. Ролікі Марыне зь Беларусі ўжо прывезьлі.

«Я вельмі люблю Менск, вельмі па ім сумую. Гэта мой родны горад і… — кажа яна і робіць доўгую паўзу. — Я там нарадзілася і ведаю ўсе раёны, магу вадзіць экскурсіі. Ёсьць такое слова, якое зьявілася, бадай, пакуль я сядзела, — „вайб“. Вось вайб агульны ёсьць у Варшавы і Менску. Хаця цяпер які Менск, я не ўяўляю. Я там была апошні раз у траўні 2021 году».

Яна дадае, што спадзяецца калісьці пабываць у Менску і іншых месцах Беларусі, бо перад турмой толькі пачала падарожнічаць па краіне. Неўзабаве плянуе аднавіць навыкі язды на машыне ў Польшчы.

Сям’я

Начныя сьнежаньскія фота з Варшавы, дзе чацьвёра схапіліся ў абдымках, бы гульцы футбольнай каманды перад матчам, абляцелі сеціва. Так выглядала сустрэча Марына Золатавай, ейнага мужа Васілія, дачкі Надзеі і сына Фёдара пасьля больш як чатырох гадоў разлукі.

Марына Золатава пасьля вызваленьня і вывазу ва Ўкраіну. 13 сьнежня 2025 году

«Акрамя таго, каб абняць сваіх родных, прыціснуць, пачуць гэтую энэргію, цяпло, пах, у цябе няма іншых жаданьняў, якія маглі б выцесьніць гэта. Гэтае адзінае жаданьне перакрывае ўсё іншае. Калі аўтобус прыехаў у Варшаву, дзяцей немагчыма было не заўважыць: Надзя была ў чырвоным паліто, а Федзя ў чырвоных нагавіцах, яшчэ і на мыліцах. Я вокам выхапіла іх, і больш нічога ня бачыла», — успамінае яна.

Кажа, што абдымкаў з роднымі ёй дагэтуль не хапіла — для іх варта выкарыстоўваць кожны момант.

«Самая страшная страта — гэта страта часу, — адзначае Марына. — Чатыры з паловай гады быў далёка ад сям’і. Ня бачыў, як сталелі твае дзеці, як мянялася іх жыцьцё, ня бачыла мужа, не магла прытуліцца да матулі. Мне гэтага больш за ўсё шкада».

Яна мяркуе, што нават з-за кратаў у яе атрымлівалася падтрымліваць кантакт і быць прысутнай у сям’і, бо ейныя родныя часта пісалі ёй лісты, і яны даходзілі.

«Хаця дзеці станавіліся больш дарослымі і самастойнымі. Гэта незаўважна атрымалася», — адзначае яна.

Маці дадае, што дагэтуль, імаверна, яшчэ ня ўсё даведалася, што адбывалася ў жыцьці ейных дзяцей, пакуль яна была за кратамі. «Немагчыма расказаць адразу ўсё».

«Калі нешта прыемнае адбывалася ў жыцьці дзяцей, мужа, то, канешне, яны мне пра гэта пісалі. Я ведала, што муж бегае паўмаратоны і маратоны, што дачка паступіла ва ўнівэрсытэт, здала іспыты з польскай і ангельскай (моваў)», — кажа Марына.

Дачка цяпер вывучае ангельскую і гішпанскую філялёгію ў Варшаўскім унівэрсытэце. Сын сёлета рыхтуецца здаваць выпускныя экзамэны і паступаць, але куды — пэўна, ня ведае ён сам, заўважае маці.

Іхнія дзеці жывуць разам у Варшаве, але асобна ад бацькоў, расказвае Марына. У апошнія тыдні яны радзей бачыліся, бо Марына з мужам рыхтаваліся да іспыту з польскай мовы, дзеці таксама былі занятыя вучобай.

«Канешне, мы ўвесь час падтрымліваем сувязь, абменьваемся кружочкамі ў тэлеграме. Учора дзетачкі даслалі фотку, як яны разам ядуць дранікі, якія прыгатаваў сын. Гэта было вельмі кранальна. Калі дзеці жывуць разам і клапоцяцца адно пра аднаго, гатуюць адно аднаму ежу, гэта вельмі клясна», — дзеліцца маці.

Людміла Чэкіна і Марына Золатава ў судзе.

Калі яны сустракаліся ў апошні раз, то выдумлялі «піражкі» — кароткія вершы.

«У мяне захавалася частка лістоў, якія мне прыходзілі ў СІЗА. Там былі лісты ад майго стрыечнага брата, у якім ён прысылаў сьмешныя „піражкі“. Я зачытвала іх дзецям. Ім вельмі спадабалася. Мы вырашылі сесьці сачыняць свае. Гэта было клясна», — успамінае Марына.

У Беларусі ў Марыны засталіся маці і брат. Маці ўжо двойчы прыяжджала да дачкі ў госьці. Яны разам езьдзілі ў Гданьск, наведвалі музэй «Салідарнасьці».

«На выхадзе ёсьць інсталяцыя з партрэтамі беларускіх палітвязьняў. Вельмі кранальна бачыць там шмат знаёмых твараў, якія на той момант ужо былі на волі. Мы з мамай былі там, калі ўжо вызвалілі Кацю Андрэеву, Марфу Рабкову, Насту Лойку. Музэй „Салідарнасьці“ — гэта хутчэй гісторыя пра шлях да волі. У гэтым месцы ты па-першае лепш разумееш польскую гісторыю, а па-другое бачыш шмат паралеляў з падзеямі ў нашай краіне», — кажа Марына.

Жанчыны

Першы раз Марына расплакалася ў зьняволеньні, расказвае яна, калі ўбачыла ў калёніі жанчыну, якая раней прысылала ёй пасылкі.

«Вельмі прыкра, што за пасылкі, за акт дабра, за тое, што чалавек хоча дапамагчы іншаму чалавеку, яго саджаюць у турму. Зь іншага боку, мне было вельмі прыемна пасьля пазнаёміцца з гэтым чалавекам», — дзеліцца яна.

Гэтая палітзьняволеная ўжо на волі. Такіх жанчын, зь якімі Марына раней ліставалася, а потым сустрэлася за кратамі, было некалькі.

Золатава кажа, што пэрыядычна вяртаецца думкамі ў турму, успамінае зьняволеных жанчын. Асабліва часта яна думала пра сваіх каляжанак узімку, бо «гэтая зіма з усіх калянійскіх зім, здаецца, была самай цяжкай»: вельмі халодна і шмат сьнегу.

Яна згадвае некаторыя імёны жанчын, якім асабліва цяжка знаходзіцца ў калёніі: 70-гадовую Ірыну Мельхэр, якая вельмі дрэнна сябе адчувае і мае прысуд у 17 гадоў, Ірыну Такарчук і Ганну Стражэвіч — пэнсіянэрак, якія сядзяць за пасылкі палітзьнволеным.

«Я вельмі перажываю за Анечку Аблаб. У яе тры сыны і толькі адзін зь іх дарослы. Яна ўжо 4,5 гады ў турме, а ўсяго 11. За Яну Пінчук вельмі перажываю. Вельмі шмат людзей. Сёньня ты аднаго ўзгадаў, заўтра другога. Я разумею, што мужчын сядзіць значна болей, але мне сытуацыя з жанчынамі больш знаёмая, таму я гавару пра іх. Вельмі перажываю за Олю Брыцікаву, за Насьцю Лазарэнку, адвакатку. Ірачка Злобіна — чалавек больш за пяць гадоў сядзіць, і зусім не зразумела, за што», — дзеліцца былая палітзьняволеная.

Прынамсі палова жанчын, якія цяпер знаходзяцца ў калёніі ня толькі за палітыку, на ейную думку, ня мусяць там знаходзіцца. Золатава са шкадаваньнем заўважае, што ня ўсе суразмоўцы хочуць слухаць ейныя аповеды пра турму. Яна думае пра тое, каб задакумэнтаваць свой досьвед за кратамі, магчыма, напісаць пра гэта кнігу.

Былая галоўная рэдактарка

У дзень, калі Марыну Золатаву вывезьлі ва Ўкраіну, валянтэры руху «Хачу жыць» запісалі зь ёй невялікае відэа.

«Мяне завуць Марына Золатава. Я была галоўным рэдактарам партала Tut.by», — прадстаўляецца там яна.

На пытаньне, ці ёй лёгка казаць гэтае «былы галоўны рэдактар», суразмоўца надоўга замаўкае.

«Гэта досыць балючае пытаньне. Няпоўны 21 год Tut.by існаваў, але спадзяюся, што Tut.by яшчэ будзе ў Беларусі, у гісторыі Беларусі, што гэта такая зьява, якую немагчыма выкрасьліць, немагчыма выдаліць, немагчыма забыць, бо Tut.by на нас значна ўплываў. Гэта вельмі важная частка і майго жыцьця і, мне здаецца, грамадзкага. Менавіта таму мы атрымалі з Людмілай (Людміла Чэкіна — былая дырэктарка Tut.by — PC) такія велізарныя тэрміны. Я спадзяюся, што кропку пакуль ставіць рана», — кажа былая галоўная рэдактарка партала.

У калёніі Марына, кажа, ніколі не падкрэсьлівала, што яна рэдактар Tut.by, што працавала ў сфэры мэдыя. Пры знаёмстве прадстаўлялася: «Марына».

«Навошта гэта? Ты ўсталёўваеш сувязі з чалавекам, які будзе з табой непасрэдна кантактаваць, а не з тваім мінулым бэкграўндам. Таму важна зафіксаваць той стан рэчаў, які цяпер адбываецца, а ня тое, што было некалі. Канешне, шмат хто пазнаваў мяне. Але мне важна было, каб ува мне бачылі не рэдактара Tut.by, а Марыну Золатаву», — кажа яна.

На пытаньне: хто гэта Марына Золатава, яна адказвае «чалавек», на ўдакладненьне «а яшчэ?» — «Мне здаецца, гэтага хопіць», усьміхаецца яна.

«Паважаць сябе і іншых. Ня ставіць сябе вышэй, ня ставіць сябе ніжэй. Разумець, што побач з табой людзі. Яны ўсе розныя, магчыма, табе хтосьці не падабаецца. Магчыма, ты камусьці не падабаесься. Але вы жывяце разам на гэтай тэрыторыі, і вам трэба ўзаемадзейнічаць», — расказвае яна сваё бачаньне, як заставацца за кратамі чалавекам.

Марына думае, што ў яе збольшага атрымлівалася падтрымліваць гэтую раўнавагу ў адносінах, таму ў яе не было канфліктаў з іншымі асуджанымі.

Журналістыка

Золатава пакуль ня вырашыла, ці будзе вяртацца ў журналістыку. Але заўважае, што сярод беларускіх мэдыя ёй падабаецца тое, што робіць «Люстэрка», «тое, як яны самааддана працуюць, вельмі годна». Пры гэтым яна цяпер ня вельмі ўважліва сочыць за падзеямі, за жыцьцём мэдыя.

«Але я бачу, што ўмовы функцыянаваньня мэдыя вельмі зьмяніліся. Больш за ўсё турбуе, што мэдыя, скіраваныя на асьвятленьне сытуацыі ў Беларусі, ня могуць існаваць у нармальных умовах. Яны пастаўленыя па-за законам, ня могуць нармальна атрымліваць інфармацыю, асьвятляць падзеі ў Беларусі, пісаць рэпартажы — няма таго, што мы прывыклі ўспрымаць нармальнай журналісцкай працай. Я ня ведаю, як можна ў такіх умовах працаваць. Але гляджу на калег — і нейкім чынам гэта атрымліваецца», — разважае Золатава.

Яна ня хоча вяртацца ў такую журналістыку, дзе, прыкладам, нельга называць рэальнае імя аўтара артыкула.

«Журналістыка гэта ледзь ня ў першую чаргу імёны. А тут імёны нельга называць. Ці калі ты ня можаш рабіць базавыя рэчы на месцы падзей — раней такое здавалася немагчымым», — камэнтуе яна.

Швачка

«Золатава — выдатная швачка», — расказала пра Марыну іншая экс-палітзьняволеная Ларыса Шчыракова, калі тая яшчэ знаходзілася за кратамі. Сама Золатава зьдзіўляецца, пачуўшы такое меркаваньне. Найбольш складана ёй было ўцягнуць нітку ў іголку, бо ў яе кепскі зрок, які яшчэ пагоршыўся за час зьняволеньня. Аднак супраціву да гэтай працы, заўважае, у яе не было. Яна была не самай цяжкай з усіх ейных працаў у жыцьці. Часам яна нават атрымлівала асалоду ад шыцьця.

«Калі ўся фабрыка шые форму, а нашая брыгада — пасьцельную бялізну. У нас была бялізна з коцікамі і надпіс на ангельскай мове: „Гэты коцік ня будзе супраць, калі ты ляжаш на самым краі гэтага ложка“. Гэта было міла. Прынамсі ў той момант я не пакутавала», — усьміхаецца яна.

Іхняя брыгада, са словаў суразмоўцы, шыла найчасьцей форму для будаўнічай фірмы «МАПІД», для МНС, таксама для ўнутраных беларускіх войскаў. Маральных ваганьняў, ці варта шыць гэтую форму ў Марыны не было. «Я ня ведаю, у чым тут праблема. Ты і так у турме», кажа яна.

«Было вельмі клясна глядзець па целеку: „О-о, наша куртачка!“», — сьмяецца суразмоўца, калі кажа пра форму ратавальнікаў.

Марына на сваім працоўным месцы ў рэдакцыі TUT.BY. Архіўнае фота

Яна заўважае, што нават зьяўляўся азарт, каб добра шыць, як гэта бывае пры новай задачы, якую трэба вырашыць.

Праблема гэтай працы, зьвяртае ўвагу былая палітзьняволеная, для яе ня ў тым, што менавіта трэба было рабіць, а ў тым — што яе трэба было рабіць не па ўласнай волі.

Чым Марына будзе займацца далей, яна яшчэ вызначаецца. Да таго ж у яе пакуль няма дазволу на працу ў Польшчы.

«Дакладнага адказу на пытаньне, што я буду рабіць заўтра ці калі вырасту, у мяне пакуль няма». — усьміхаецца яна.

Калёнія

«Крык — гэта тое, што спачатку мяне вельмі зьдзівіла ў калёніі, бо ў СІЗА такога не было. Асуджаныя прывыклі паміж сабой так кантактаваць, бо, відаць, так было прынята ў іх жыцьці, для іх гэта было нармальнай зьявай, па-іншаму яны, відаць, не навучыліся. Ты да гэтага прывыкаеш і разумееш, што для іх гэта спосаб перадачы інфармацыі, што яны не ўкладаюць у гэты крык злосьці. Крык вельмі напружвае мяне», — кажа яна.

Каб адпачыць ад такой нагрузкі ў выглядзе крыку Марына выходзіла падыхаць паветрам, пахадзіць па тэрыторыі.

Самым непрыемным ў зьняволеньні Золатава называе прымус.

«Ты сам не вырашаеш, што ты робіш, што ты апранеш сёньня, што ты будзеш есьці, чытаць. Ты мусіш хадзіць у шэрагах па пяць чалавек, ты ня можаш сам пайсьці куды-небудзь. Ты мусіш рабіць тую працу, якую ты мусіш, а ня тую, якую хочаш. Аднолькавасьць гэтая. Шмат было момантаў, калі табе здавалася, што ў тым, што вы робіце, няма ніякага сэнсу. Інвэнтарныя работы, калі табе трэба перацягнуць вядро з пяском куды-небудзь, а потым твая калега ператасквае яго назад, або са сьнегам тое самае», — расказвае былая палітзьняволеная.

Золатава расказвае, што, як і ўсе, насіла форму калёніі: ружовую сукенку і хустку, а ў «целагрэйкавы сэзон» з кастрычніка па травень — целагрэйку.

«Бяз хусткі можна толькі ў лякальным двары знаходзіцца. А так трэба яе абавязкова насіць. Выгляд у люстэрку мне ня вельмі падабаўся. У калёніі знаходзіліся дзесяць розных спосабаў павязаць хустку так, каб гэта было калі не прыгожа, то прынамсі арыгінальна. Непрыемна было гэта ўсё на сабе цягаць. У дзень, калі ты апранаеш целагрэйку і разумееш, што так яшчэ сем месяцаў, настрой ідзе ўніз вельмі імкліва», — расказвае яна.

У Марыны было дзьве сукенкі, зь імі «была бяда». Іх трэба было латаць.

«Урэшце на адной сукенцы на латцы была яшчэ адна латка. Цяжка сабе прадставіць, што ў XXI стагодзьдзі можна хадзіць у такім адзеньні з залатанымі рукавамі», — кажа яна.

Яна напісала заяву на новую сукенку летась ўвесну, але да вызваленьня ў сьнежні палітзьняволенай яе так і ня выдалі. Новую сукенку можна было таксама купіць за 40 рублёў. Гэта быў месячны заробак Золатавай на фабрыцы. Яна зарабляла ад 25 да 50 зь нечым рублёў у месяц.

«Я не магла патраціць увесь свой заробак на сукенку, бо я б тады не купіла кефір ці што», — кажа яна.

Грашовыя пераводы з волі Золатавай забаранілі як асобе з «тэрарыстычнага сьпісу». Яна харчавалася, дзякуючы прадуктовым пасылкам ад родных і свайму заробку на фабрыцы.

«Адзінае, што я ўсё ж такі купіла, была хустка», — сьмяецца яна.

Яна кажа, што перажыць час у калёніі ёй дапамагло разуменьне, што яна не зрабіла нічога, за што ёй было б сорамна і фізычная практыка кожны дзень.

«Калі ты з раніцы прачынаесься, зрабіў гігіенічныя працэдуры, ложак, выбягаеш на вуліцу і пачынаеш дыхаць, першыя ўдыхі сьвежага паветра вельмі каштоўныя. Літаральна тры-пяць хвілін разьмяць цела — гэта тое, што дае табе сілы на дзень. Калі ты гэтага не зрабіў, будуць праблемы ў цябе сёньня. Хаця гэта здавалася б дробязь», — расказвае Марына.

Марына Золатава падзялілася, як пераасэнсавала каштоўнасьці за час зьняволеньня:

Варта як мага больш часу праводзіць разам зь сям’ёй.

Варта як мага больш часу быць на сьвежым паветры, глядзець на дрэвы, неба, сонца, бо гэта жыцьцё.

Няма сэнсу імкнуцца зарабіць усе грошы ў гэтым сьвеце.

Няма сэнсу перажываць за падзеі, на якія ты ня можаш паўплываць.

Калі рэчаіснасьць цябе ня вельмі задавальняе, трэба навучыцца спакойна да гэтага ставіцца, не пераймацца з-за гэтага штохвіліну.

Рабіць лепш хаця б той сьвет, які знаходзіцца побач з табой.

Марыне Золатавай 48 гадоў. Нарадзілася і жыла ў Менску. Працавала галоўнай рэдактаркай найбуйнейшага беларускага незалежнага партала Tut.by з 2004 году.

18 траўня 2021 году Золатаву і шэраг супрацоўнікаў Tut.by затрымалі сілавікі, а рэдакцыю разграмілі, забралі тэхніку. Золатаву разам з генэральнай дырэктаркай парталу Людмілай Чэкінай асудзілі на 12 гадоў калёніі нібыта за «нясплату падаткаў», «распальваньне варожасьці», «заклікі да дзеяньняў, якія пагражаюць нацыянальнай бясьпецы Беларусі». Чэкіна — адзіная з «тутбаеўцаў», хто яшчэ застаецца за кратамі.

Марына Золатава прабыла ў зьняволеньні больш за 4,5 гады. 13 сьнежня 2025 году яе вызвалілі з гомельскай калёніі і вывезьлі зь вялікай групай палітвязьняў ва Ўкраіну, адтуль — у Польшчу.

Марына Золатава і раней сутыкалася з перасьледам як галоўная рэдактарка Tut.by у «справе БелТА» у 2018–2019 гадах. Тады ёй прызначылі $3,6 тысяч даляраў штрафу за «несанкцыйнае чытаньне платнай стужкі навінаў дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелТА».

Золатава прабегла два паўмаратоны, займалася плаваньнем, езьдзіць на роліках, добра ведае баўгарскую мову, любіць сьпяваць македонская песьні.