У Вільні адкрыецца выстава беларускай мастачкі, зьвязаная з Чарнобылем

Ксіша Ангелава на выставе памяці Алеся Пушкіна ў Варшаве, 6 жніўня 2025 году

У Цэнтры беларускай супольнасьці й культуры ў Вільні 3 траўня мае адкрыцца новая выстава малюнкаў мастачкі Ксішы Ангелавай «Пакажы мне сваю Рану».

Выстава прысьвечана Чарнобыльскай тэме, і вось як аўтарка запрашае на яе:

«Чарнобыль пераканаў мяне, падлетка: дзяржава можа падвесьці. Дзяржава можа схлусіць. Можа забіць. Бо гэта як і з бацькамі, калі яны не выконваюць сваіх абавязкаў, а ты не жадаеш дапусьціць нават думкі. Сёньня мы зноў чуем, як ядзерныя пагрозы выкарыстоўваюцца ў якасьці палітычных інструмэнтаў. Але хіба мы ня ведаем як супрацьстаяць як паніцы, так і абыякавасьці. Хіба не лепш спадзявацца на свае ўласныя меркаваньні і браць на сябе адказнасьць за сваю будучыню.

Што зьмянілася з 1986 году? Ці будзе сёньня абарона людзей больш эфэктыўнай? Ці будзе інфармацыя празрыстай? Ці будзе эвакуацыя праведзена своечасова?»

Цэнтар беларускай супольнасьці і культуры ў Вільні (таксама Беларускі дом) — некамэрцыйная арганізацыя беларусаў у Літве.

Ксіша Ангелава — беларуская мастачка, унучка рэпрэсаванага першага рэктара БНТУ Міканора Ярашэвіча. У Беларусі яна публікавала свае працы пад псэўданімам «Ніканор Казіміравіч». Ангелава скончыла тэатральны факультэт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. З 2011 году займаецца іканапісам. Яе працы ўпрыгожваюць храмы Беларусі, Украіны, Расеі, Грузіі, Францыі, Нямеччыны, Польшчы. Зь лістапада 2020 году Ксіша таксама малюе партрэты беларускіх палітзьняволеных.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

1100 партрэтаў, цяжкая хвароба і ўсё адно надзея. Вялікая размова з Ксішай Ангелавай

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Мастак, „падвешаны“ паміж небам і зямлёй». Рэпартаж з выставы памяці Алеся Пушкіна