Літоўская мытня афіцыйна пацьвердзіла, што ўжо з 3 траўня пачнуць дзейнічаць абмежаваньні на ўвоз паліва ў краіну, піша abw.by.
Адпаведную пастанову раней апублікавалі на афіцыйным сайце літоўскай мытні. З гэтага часу ў Літву з Расеі і Беларусі можна будзе завезьці не больш за 200 літраў паліва ў стандартных баках. Абмежаваньні будуць дзейнічаць да 31 сьнежня 2027 году.
23 красавіка сейм Літвы прыняў рашэньне працягнуць санкцыі супраць Расеі і Беларусі і забараніць імпарт паліва з гэтых краін у Літву ў стандартных паліўных баках аўтамабіляў, калі аб’ём паліва ў іх перавышае 200 літраў.
З 1 студзеня 2025 году абмежаваньні на ўвоз паліва зь Беларусі дзейнічаюць у Латвіі. Аб’ём той самы — ня больш за 200 літраў. Пры перавышэньні аб’ёму ўезд аўтамабіля на тэрыторыю краіны забараняецца.
Акрамя таго, устаноўлена, што грамадзяне Расеі пазбавяцца дазволу на часовае пражываньне ў Літве, калі на працягу апошніх трох каляндарных месяцаў больш за адзін раз наведаюць Расею або Беларусь. Вынятак зроблены толькі для перавозьнікаў і асоб, якія падарожнічаюць з аб’ектыўных прычынаў, якія не залежаць ад іх.
У шэрагу краін, якія мяжуюць зь Беларусьсю, павысіліся цэны на нафту, як і агулам у сьвеце. Што тычыцца Беларусі, якая закупляе расейскую нафту, дык цэны ў краіне ня вырасьлі моцна. Гэта паспрыяла таму, што многія грамадзяне Літвы пачалі актыўна езьдзіць у Беларусь і купляць там больш таннае паліва.