У беларускіх ВНУ скарацілі колькасьць бюджэтных месцаў для расейскіх абітурыентаў. Зь якой прычыны

Архіўнае ілюстрацыйнае фота

У Міністэрстве адукацыі Беларусі паведамілі, што для грамадзян Расеі ў 2026 годзе выдзелілі 850 бюджэтных месцаў па 131 спэцыяльнасьці ў 30 вядучых ВНУ краіны.

«Залічэньне адбываецца без уступных іспытаў на падставе вынікаў Адзінага дзяржаўнага экзамэну (АДЭ). Мінімальны бал па профільных прадметах павінен складаць ня менш за 70 % ад максымальна магчымага. Прыярытэтнымі кірункамі застаюцца інжынэрна-тэхналягічныя спэцыяльнасьці, ІТ, мэдыцына, пэдагогіка і сельская гаспадарка», — адзначылі ў ведамстве.

Расейскія абітурыенты, якія хочуць вучыцца на бюджэтнай аснове, павінна падаць дакумэнты 12-17 ліпеня, і да 1 жніўня, калі жадаюць паступіць на платнае навучаньне.

У міністэрстве дадалі, што ў межах саюзных дамоўленасьцяў расейскія студэнты маюць роўныя правы з грамадзянамі Беларусі: ім гарантуюць месца ў інтэрнаце, спрошчаны парадак уезду па ўнутраным пашпарце, а дыплёмы беларускіх ВНУ прызнаюцца ў Расеі аўтаматычна.

Пасьля заканчэньня навучаньня за кошт беларускага бюджэту грамадзяне Расеі павінны адпрацаваць па разьмеркаваньні два гады. Яны будуць мець усе правы маладых спэцыялістаў.

Цяпер у беларускіх ВНУ вучацца больш за 2 тысячы грамадзян Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларускія мэдунівэрсытэты зьменшылі колькасьць платных месцаў амаль да нуля. Якія будуць наступствы

Што папярэднічала

Упершыню квоты на бюджэтныя месцы ў беларускіх ВНУ для расейскіх абітурыентаў увялі ў 2024 годзе. Тады яна складала адну тысячу месцаў. Паводле прадстаўнікоў Міністэрства адукацыі Беларусі, зь іх выкарыстоўвалая толькі прыблізна 30 %.

У Расеі таксама ёсьць квота на навучаньне за кошт бюджэту беларускіх грамадзян — 1 300 месцаў, пачынаючы з 2023 году. Сёлета гэтая лічба не зьмянілася. Беларусы, якія паступаюць па квоце, маюць права на стыпэндыю і месца ў інтэрнаце. Абавязковага разьмеркаваньня выпускнікоў у расейскіх ВНУ няма.

Цяпер беларускіх выпускнікоў агітуюць на навучаньне ў Расеі празь сетку «Русских домах», якія сталі больш актыўна працаваць у Беларусі пасьля 2020 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Недабор у сілавікоў і настаўнікаў, конкурс на ІТ і дызайнэраў: куды сёлета паступалі беларускія абітурыенты