Санкцыі ўвялі таксама супраць асобаў, якія набліжаныя да Лукашэнкі.
«Гэта сыгнал многім нашым партнэрам, на што варта ціснуць, каб усё ж такі зьмяншаць узровень гэтай вайны, яе інтэнсіўнасьць. Расея ня мае добрай волі, яе трэба прымушаць да тых ці іншых крокаў, якія патрэбныя для зьмяншэньня агрэсіі, і хай яны ўжо потым гэта называюць сваімі „жэстамі добрай волі“. Трэба, каб Беларусь не была ўцягнутая ў вайну. Трэба, каб не было апэрацыяў супраць іншых эўрапейскіх краінаў. Трэба, каб у гэтай вайне Расіі супраць Украіны быў мір годны», — падкрэсьліў Зяленскі.
У гэты санкцыйны пакет увайшлі 16 грамадзян Беларусі і 11 юрыдычных асобаў.
У прыватнасьці, Украіна прымяніла санкцыі да беларускіх прадпрыемстваў, якія вырабляюць артылерыйскія снарады калібраў 122 мм і 152 мм для расейскіх акупантаў. Сярод іх — «Ольса», Менскі завод «Тэрмапласт», Кавальскі завод цяжкіх штамповак, якія вырабляюць дэталі для снарадаў. Таксама пад санкцыі трапілі Рэспубліканскае ўнітарнае вытворчае прадпрыемства «ІК 9», якое вырабляе ўпакоўку для снарадаў, і «НафтаХімДыягностыка», дзе выпрабоўваюць боепрыпасы.
Абмежаваньні накладзеныя і на Віцебскі завод электравымяральных прыбораў, які пастаўляе абсталяваньне для рамонту і мадэрнізацыі расейскай бранятэхнікі, і «Радыётэхніка», што вырабляе кампанэнты для вайсковай тэхнікі Расеі.
Акрамя таго, Украіна прымяніла санкцыі супраць заводу, які рамантуе расейскія самалёты, у прыватнасьці сямействаў «Ту», «Як» і «Іл».
Сярод фізычных асобаў — блізкі паплечнік Аляксандра Лукашэнкі Віктар Шэйман.
«Ён выконвае даручэньні самаабвешчанага прэзыдэнта, праводзіць міждзяржаўныя перамовы і наладжвае ценявыя адносіны ў бізнэсе. Датычны да арганізацыі „эскадронаў сьмерці“, якія зьнішчалі апазыцыйных палітыкаў, актывістаў і грамадзкіх дзеячоў. Адзін з арганізатараў схемаў ухіленьня ад санкцыяў, якія ўвялі Украіна і дзяржавы-партнэры супраць расейскіх і беларускіх кампаніяў». — гаворыцца ў заяве.
Таксама санкцыі ўведзеныя супраць Віктара і Дзьмітрыя Лукашэнкаў. Яны, як піша сайт Зяленскага, уцягнутыя ў экспарт прадукцыі ў абыход міжнародных санкцыяў, пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня і рээкспарт праз тэрыторыю Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
BelPol: Беларусь працягвае выконваць абаронныя замовы РФ, вырабляе прыцэлы і дэталі да боепрыпасаўСьпіс грамадзян Беларусі з указу Зяленскага
- Дзьмітры Баразноў, 48 гадоў
- Максім Карпыза, 35 гадоў
- Дзьмітры Кісель, 55 гадоў
- Віктар Лукашэнка, 50 гадоў
- Дзьмітры Лукашэнка, 46 гадоў
- Аляксандар Маркоўскі, 31 год
- Павел Муравейка, 54 гады
- Аляксандар Рахманаў, 49 гадоў
- Аляксандар Салдаценка, 47 гадоў
- Аляксей Сушкевіч, 37 гадоў
- Максім Сырай, 44 гады
- Дзьмітры Чарэй, 47 гадоў
- Віктар Шэйман, 67 гадоў
- Аляксандар Шэлянгоўскі, 52 гады
- Натальля Шкет, 40 гадоў
- Станіслаў Яраховіч, 34 гады
Сьпіс юрыдычных асоб
- Менскі завод грамадзянскай авіяцыі № 407
- Барысаўскі завод плястмасавых вырабаў
- Віцебскі завод электравымяральных прыбораў
- Кавальскі завод цяжкіх штамповак у Жодзіне
- Менскі завод «Тэрмапляст»
- Магілёўскае прадпрыемства «Ольса»
- Ашмянская «Радыётэхніка»
- Горацкая вытворчасьць вайсковай тары ў папраўчай калёніі «ИК 9»
- Бабруйская «НафтаХімДыягностыка».
- Менская філія расейскай кампаніі «Чып і Дып», якая займаецца электроннымі кампанэнтамі
- Менскае прадпрыемства «407 Тэхнікс», якое займаецца рамонтам авіяцыйнай тэхнікі