Украінца Аляксандра Катовіча, які прабыў больш за два гады ў беларускай турме за крытыку расейскай агрэсіі, схапілі ў Кіеве супрацоўнікі вайсковага камісарыяту і змабілізавалі ў войска. Цяпер мужчына знаходзіцца ў шпіталі з псыхіятрычным дыягназам і спадзяецца атрымаць статус абмежавана прыдатнага да вайсковай службы, каб служыць у тыле. Бо зусім ухіліцца ад вайны ён наўрад ці здолее.
«Бусіфікавалі»
Украінца Аляксандра Катовіча, зь ягоных словаў, затрымалі супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтру камплектаваньня і сацыяльнай падтрымкі (ТЦК, так цяпер ва Ўкраіне называюцца вайсковыя камісарыяты. — РС) 17 лютага. Ён сам кажа што яго «схапілі» і «бусіфікавалі».
Ва Ўкраіне зьявілася адмысловае слова «бусіфікаваць» (ад слова бус = мікрааўтобус), так называюць сытуацыю, калі мужчын прызыўнога ўзросту на вуліцы затрымліваюць супрацоўнікі ТЦК і садзяць у мікрааўтобус, каб пазьней адправіць на вайну. Мужчыны, якія ня хочуць ваяваць, рознымі спосабамі спрабуюць ухіліцца ад службы, хтосьці ўцякае «ляснымі сьцежкамі» за мяжу, бывалі і напады на супрацоўнікаў ТЦК.
«Я ішоў па вуліцы. Машына заяжджала ў двор. Перада мной выходзяць хлопцы. Я адразу пачаў казаць, што маю дакумэнты, я палонны, зараз на рэабілітацыі, лекуюся. Нічога не дапамагло. Мяне павезьлі. Сказалі: „Давай мы зараз пад’едзем у аддзел паліцыі, там табе паліцыянт выпіша папярэджаньне за тое, што ты ў вышуку, і вы з адвакатам пойдзеце і ўсе пытаньні вырашыце“», — расказвае ён.
Аляксандар Катовіч да арышту ў Беларусі, фота з прыватнага архіву
Аляксандар кажа, што не паверыў і не хацеў ехаць. Але супрацоўнікі ТЦК прапанавалі яму ехаць добраахвотна, або яны яго запхнуць у бус сіламоц. Ён урэшце пагадзіўся сесьці сам. Мужчына кажа, што яго падманулі і павезьлі не ў паліцыю, а ў ТЦК. У тым жа будынку на іншым паверсе знаходзілася вайкова-лекарская камісія. Катовічу адразу ж загадалі яе праходзіць. Дадому ён ужо не вярнуўся.
Катовіч пасьля вызваленьня зь беларускай турмы
«Далей былі рэкрутэры, адбіралі сабе байцоў. Я запісаўся ў падразьдзел кібэрбясьпекі. У ТЦК у той дзень ужо выкарысталі ліміт адпраўкі вайскоўцаў на навучаньне, таму я застаўся ў ТЦК на ноч. Ранкам назвалі маё прозьвішча. Я кажу: „Мяне ўжо забраніравалі (у падразьдзел кібэрбясьпекі)“. Але той хлопец паціснуў плячыма: „Я нічога не магу зрабіць. Едзь“», — расказвае суразмоўца.
У бліндажы
Аляксандр расказвае, што яго прывезьлі ў іншы раён Кіева, дзе адбіралі мужчын у штурмавы полк, а ўрэшце завезьлі ў вайсковую частку на паўднёвым усходзе Украіны. Яшчэ тыдзень пасьля гэтага ён заставаўся ў тым жа адзеньні, у якім яго забралі прадстаўнікі ТЦК. Пераапрануўся, калі ў частку прыйшло матэрыяльнае забесьпячэньне.
«Лес. Прылятаюць дроны. Прылятаюць ракеты. Нячаста. Але калі прылятае, то ў бліндажы вельмі чуваць. Плёнка на бліндажы трымцела. Першыя дні было вельмі цяжка. Я быў у шоку: дзе я? Мы жывем у зямлі, ходзім у адным адзеньні, адных чаравіках», — апісвае атмасфэру ў вайсковай частцы Аляксандар.
Аляксандар пасьля прымусовай мабілізацыі ва Украіне
Яны з змабілізаванымі хлопцамі жылі ў бліндажы, выкапаным у зямлі і абкладзеным бярвеньнем, расказвае Катовіч. Бліндаж месьціўся на балоце. Калі ў сакавіку пачаў таяць сьнег, іхнае жытло залівала вада. Даводзілася чатыры-пяць разоў у дзень выносіць адтуль вёдрамі па 900-1000 літраў вады. Недзе праз тыдзень ім далі помпу.
«Ты ўстаеш, а ў цябе ўжо па шчыкалатку вада стаіць», — расказвае ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Радасьць зь мяшком на галаве. Гісторыя ўкраінца, які адседзеў у беларускай турме за падтрымку ЎкраіныПадрыхтоўка да вайсковай справы заняла 54 дні. З словаў Аляксандра, палову часу яны выконвалі фізычную працу, а палову — вучыліся.
«Мы з шостай да восьмай ранку насілі ваду. Пасьля хадзілі ў сталоўку, забіралі сьняданак. Зь дзявятай да першай гадзіны дня навучаньне: тактычная мэдыцына, тактыка, інжынэрна-сапэрная справа — расьцяжкі, міны; стральба, арыентаваньне на мясцовасьці, сувязь праз рацыю, лекцыя аб зброі, бесьпілётніках. Потым абед. З другой да шостай гадзіны зноў навучаньне. А шостай вячэра. Ты ўжо зьнясілены, бо хадзіў у „броніку“ цэлы дзень, а ён важыць кіляграмаў дваццаць», — расказвае баец.
Таксама навабранцы мелі нарады: будаваць бліндажы, капаць акопы, нарады на кухні — бульбу чысьціць, мыць посуд. Падчас начных дзяжурстваў трэба было паліць печку, выводзіць пабрацімаў у туалет.
У бліндажы
Аляксандар мяркуе, што за гэты час ён ня здолеў падрыхтавацца да баявых дзеяньняў. Паводле яго, ён пасьпеў крыху прывесьці ў тонус свае цягліцы, навучыўся зьбіраць-разьбіраць зброю, страляць.
«Але ў нас артылерыйскі дывізіён. Я нават „Граду“ (баявая машына, рэактыўная сыстэма залпавага агню. — РС) ня бачыў, гарматаў. У нашым профілі, артылерыі, нам нічога не расказвалі. У нас была базавая вайсковая падрыхтоўка, курс маладога байца», — расказвае суразмоўца.
У групе разам зь ім навучаліся мужчыны ад 25 да 47 гадоў. У большасьці яны «пайшлі на дроны», бо цяпер гэты кірунак важны ў баях. Паводле Катовіча, усіх яго саслужыўцаў у Кіеве схапілі супрацоўнікі ТЦК, яны самі не хацелі ехаць на вайну.
Шпіталь
Цяпер Аляксандар знаходзіцца ў шпіталі, праходзіць абсьледаваньні, працэдуры, здае аналізы, лекуецца. На мэдычную частку ідзе паўдня, яшчэ некалькі гадзін па абедзе мужчына можа выходзіць гуляць у горад.
«Я насалоджваюся вясною і прагулкамі. Тут Дняпро побач. Сёньня быў дождж, я ўсё адно пайшоў», — кажа ён.
Дагэтуль украінец, пакуль жыў у Кіеве, некалькі месяцаў хаваўся ад прадстаўнікоў ТЦК, каб яго не змабілізавалі на вайну.
Сёлета ў студзені Аляксандар зьвярнуўся да псыхіятра ва Ўкраіне, калі яшчэ ня быў у войску, з скаргамі на наступствы зьняволеньня ў Беларусі. Ён трывожыцца, кепска сьпіць, сьніць кашмары. Тады Катовічу паставілі дыягназ: посттраўматычны разлад. Урэшце, калі мужчыну змабілізавалі, вайсковая лекарка-псыхіятар зрабіла іншую выснову: трывожна-дэпрэсіўны разлад.
Яна парэкамэндавала скіраваць Катовіча на стацыянарнае лекаваньне ў шпіталь і на вайскова-лекарскую камісію, каб высьветліць, наколькі Катовіч прыдатны да вайсковай службы. Сярод іншых рэкамэндацыяў лекаркі — не дапускаць Катовіча да зброі, дзяржаўнай таямніцы і кіраваньня транспартам; вызваліць ад фізычных нагрузак.
У блінжады са зброяй, падчас навучаньня. Фота з прыватнага архіву
Псыхітарка параіла Аляксандру ўнікаць стрэсавых сытуацыяў, працаваць з псыхатэрапэўтам, а таксама выпісала байцу лекі. Мэдычны дакумэнт з дыягназам і рэкамэндацыямі псыхіятра Аляксандру Катовічу з красавіка 2026 году ёсьць у рэдакцыі Свабоды.
Сёлета ў красавіку Катовіч прыехаў у лякарню. Колькі ён там прабудзе, пакуль невядома. Мужчына спадзяецца, што яму дадуць статус абмежавана прыдатнага да вайсковай службы. Тады яго маглі б накіраваць не на перадавую, а ў тылавыя часткі, прыкладам, займацца лягістыкай. Але шанец 50/50, кажа суразмоўца.
«Звычайна ўсіх накіроўваюць у вайсковую частку і там вырашаюць. Я буду імкнуцца трапіць у тылавыя часткі, а не на „перадок“, працягваць служыць у падразьдзеле, можа, у маёй прафэсіі ў IT. Можна знайсьці для сябе някепскую працу зь някепскім заробкам і працягваць дапамагаць краіне», — тлумачыць суразмоўца.
Варыянту, каб яго цалкам адпусьцілі ў цывільнае жыцьцё, паводле Катовіча, няма. Ён кажа, што калі б атрымаў статус цывільнага палоннага, то разам зь ягоным псыхіятрычным дыягназам гэта магло б быць падставай не служыць. Яшчэ адна падстава вярнуцца да цывільнага жыцьця — раненьне на вайне.
«Гэта амаль немагчыма. Ня толькі для мяне. Там трэба мець вельмі вялікі паслужны сьпіс хваробаў: і хранічных, і не хранічных, каб паспрабаваць. Але гэта ўсё мае быць пацьверджана вайсковымі лекарамі, а ня з волі», — удакладняе ён.
Трыццаць мужчын, якія навучаліся разам з Аляксандрам, зь ягоных словаў, ужо ваююць на пазыцыях.