Хроніка перасьледу 29 красавіка: ператрусы і арышты ў Наваполацку, Барысаве, Берасьці Слоніме

Менскі абласны суд. Архіўнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Ператрусы і арышты ў Наваполацку, Барысаве, Берасьці, Слоніме

23 красавіка ў Наваполцку затрымалі не менш за 12 жанчын, у іх дома правялі ператрусы, некалькі чалавек адразу адвезьлі ў віцебскі СІЗА, астатніх дапытвалі ў Наваполацку. З іх 8 чалавек адпусьцілі тым самым вечарам, піша @vicspring.

У адной з затрыманых знайшлі падпіскі на «экстрэмісцкія» рэсурсы, яе пратрымалі пад вартай 3 сутак і ў мінулы панядзелак асудзілі да штрафу. Вядома, што на ўчорашні дзень прынамсі 2 жанчыны заставаліся за кратамі.

З усіх жанчын узялі падпіскі аб нявыезьдзе і неразгалошваньні. Аднак, паводле некалькіх іншых крыніцаў, затрыманьні былі зьвязаныя з культурніцкімі праектамі і сталі наступствам таго, што 9 красавіка МУС прызнаў «экстрэмісцкім фармаваньнем» шэраг культурніцкіх ініцыятываў. Пра гэта было абвешчана толькі 24 красавіка, а затрыманьні адбыліся напярэдадні.

Як піша «Вясна», затрыманьні былі ня толькі ў Наваполацку: вядома, што трох жанчын затрымалі ў Барысаве, яшчэ некалькі: у Слоніме, Берасьці і Жодзіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 20 красавіка: маладую маці з Гомля асудзілі ў палітычнай справе

Айцішніцу, якую затрымалі па прыезьдзе зь Вільні, асудзілі на тры гады

Вольгу Буланаву пакаралі па «справе Гаюна». Яна жыла ў Вільні, але пэрыядычна езьдзіла на радзіму ў Беларусь, піша «Наша Ніва».

43-гадовую Вольгу Буланаву арыштавалі 21 траўня 2025 года і зьмясьцілі ў СІЗА. Яе асудзілі ў Менскім гарадзкім судзе паводле частак 1 і 2 артыкула 361‑4 КК (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці). 3 студзеня Вользе прысудзілі тры гады калёніі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 23 красавіка: 68‑гадовага пэнсіянэра будуць судзіць за «здраду дзяржаве»

МУС Беларусі прызнаў Reform.nеws «экстрэмісцкім фармаваньнем»

Паводле рашэньня ведамства ад 28 красавіка, дачыненьне да праекту маюць Фёдар Паўлючэнка, Аляксандр Атрошчанкаў і Аляксей Жукаў, піша Reform.news.

Беларускія ўлады выкарыстоўваюць абвінавачаньні ў экстрэмізьме для барацьбы з палітычнымі апанэнтамі і іншадумствам у цэлым.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 24 красавіка: у Беларусі ператрусы ў дзеячоў культуры. Культурніцкія праекты аб’явілі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі»

На былую палітзьняволеную Ганну Курыс завялі новую крымінальную справу

Ганна распавяла «Вясьне», што крымінальная справа распачатая паводле артыкула 361-4 Крымінальнага кодэксу (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці).

Падставай для гэтага стала яе інтэрвію сайту праваабарончага цэнтру «Вясна», у якім яна распавяла пра ўмовы свайго ўтрыманьня падчас зьняволеньня.

У сувязі з новай справай былой палітзьняволенай зьмянілі меру стрыманьня. Гэта азначае, што ў выпадку вяртаньня ў Беларусь яе павінны неадкладна зьмясьціць пад варту ў СІЗА.

Гэты выпадак адбываецца на фоне працяглых рэпрэсій і ціску на тых, хто адкрыта кажа пра парушэньні правоў чалавека, а таксама вызваленьня і вывазу зь Беларусі некаторых палітвязьняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Турма за неапублікаваную гісторыю ў Instagram. Гісторыя палітзьняволенай Ганны Курыс. ВІДЭА

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Мікола Статкевіч паведаміў, што дагэтуль лічыцца зьняволеным у Глыбоцкай калёнііШто пагражае ўдзельнікам «турэмных чатаў», якія прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі»Палітвязьням пісьмова пагражаюць выдварэньнем. Паўла Белавуса перавялі ў магілёўскую турму. Хроніка перасьледу 13 красавіка

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».