Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні, гэта азначае, што беларусы і расейцы ня змогуць выступаць пад дзяржаўным сьцягам, у нацыянальнай форме, а ў выпадку перамогі пад час цырымоніі ўзнагароджаньня ня будзе гучаць дзяржаўны гімн.
У той жа час, допуску да ўдзелу ў спаборніцтвах, арганізаваных World Boxing і European Boxing, будзе папярэднічаць праверка спартоўцаў.
Трэнэры, дапаможны пэрсанал і афіцыйныя асобы каманд таксама павінны будуць насіць нэўтральную форму, якую неабходна будзе прадставіць World Boxing перад спаборніцтвамі для яе зацьвярджэньня.
Міжнародная фэдэрацыя боксу (World Boxing) была створаная ў 2023 годзе. Гэта новая спартовая арганізацыя займаецца кіраваньнем аматарскага боксу і накіроўвае сваю дзейнасьць на захаваньне яго ў праграме Алімпійскіх гульняў. Арганізацыя зьявілася як альтэрнатыва Міжнароднай асацыяцыі боксу (IBA) праз праблемы з празрыстасьцю ў IBA і атрымала часовае прызнаньне Міжнародным алімпійскім камітэтам. Арганізацыю ачольвае казахстанскі баксэр Генадзь Галоўкін.