Стала вядома, каго вызвалілі разам з Пачобутам, а каго перадалі ўладам Беларусі

З партрэтамі замежнікаў-палітзьняволеных: мэдыяэкспэртка Ганна Любакова, каардынатарка беларускай народнай амбасады ў Шатландыі Ірына МакЛейн, праваабаронца Анастасія Васільчук, дырэктарка Офісу дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэхіі Крысьціна Шыянок. Ілюстрацыйнае фота

У рамках абмену па схеме «пяць на пяць» Польшчы, які адбыўся 28 красавіка, Польшчы быў перададзены яе грамадзянін палітвязень Томаш Бяроза, Беларусі — экс-удзельнік «Паспалітага рушэньня» Уладзіслаў Надзейка, паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк» са спасылкай на дзяржаўныя СМІ Беларусі.

Такім чынам, вядомыя імёны трох з пяці чалавек, якіх Польшча і іншыя дэмакратычныя краіны вызвалілі ў межах згаданага абмену з Беларусьсю і Расіяй.

Апроч Бярозы, гэта журналіст, актывіст польскай меншасьці Анджэй Пачобут, грамадзянін Польшчы манах-кармеліт Гжэгаж Гавел. Двое іншых зьяўляюцца, мяркуючы па ўсім, грамадзянамі Малдовы, бо раней прэзыдэнтка Малдовы Мая Санду паведаміла аб вызваленьні ў рамках згаданай схемы двух суайчыньнікаў.

Вядомы чатыры прозьвішчы вернутых з польскай тэрыторыі. Акрамя Надзейкі, гэта Аляксандр Балан, які працаваў на беларускі КДБ, і двое грамадзян Расеі — археоляг Аляксандр Буцягін і Ніна Папова.

Як паведамлялася 8 ліпеня 2024 года, Берасьцейскі абласны суд прыгаварыў грамадзяніна Польшчы, палітвязьня Томаша Бярозу да 14 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Па дадзеных праваабарончага цэнтра «Вясна», мужчына прызнаны вінаватым па ч. 1 арт. 3581 (агентурная дзейнасьць) і арт. 358 (шпіянаж) Крымінальнага кодэкса. Справу ў закрытым рэжыме разглядаў судзьдзя Сяргей Беразюк.

Праваабаронцы зьвярталі ўвагу, што прыгавор быў вынесены 14 чэрвеня 2023 года, але вядома пра гэта стала толькі ў ліпені 2024-га. Бяроза адбываў тэрмін у папраўчай калёніі № 22 у Івацэвічах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Беларусі год таму асудзілі грамадзяніна Польшчы. Вырак стаў вядомы толькі цяпер

Аб затрыманьні беларускага грамадзяніна Ўладзіслава Н. і ўзяцьці яго пад варту на тры месяцы 10 верасьня 2025 года паведаміла Агенцтва ўнутранай бясьпекі Польшчы (АУБ). Адзначалася, што ён ажыцьцяўляў разьведвальную дзейнасьць на тэрыторыі Польшчы і Вугоршчыны, а затрыманьне беларуса стала вынікам «працяглай апэрацыі, праведзенай АУБ сумесна з чэскімі, вугорскімі, румынскімі і малдаўскімі спэцслужбамі».

23 верасьня 2025 года паведамлялася, што ва Уладзіслава Н. знойдзены сьпіс суайчыннікаў, якія атрымалі ў Польшчы прытулак. Адзначалася, што на замову КДБ Беларусі мужчына вёў сачэньне за фігурантамі сьпісу, зьбіраў на іх інфармацыю і перадаваў яе ў Менск.

Паводле зьвестак партала reform.news, затрыманы — 33-гадовы Ўладзіслаў Надзейка, які раней знаходзіўся ў беластоцкай харугве «Паспалітага рушэньня».