Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, адзін з найбуйнейшых вытворцаў нафты ў сьвеце, заявілі, што пакідаюць нафтавы картэль OPEC і фармат OPEC+. Як піша агенцтва Reuters, гэтае рашэньне стала сур’ёзным ударам па OPEC, фактычным лідэрам якога зьяўляецца Саудаўская Арабія.
ААЭ аб’явілі аб выхадзе з OPEC у момант, калі вайна ЗША і Ізраілю з Іранам прывяла да рэзкага павышэньня цэнаў на нафту з прычыны закрыцьця Армускай пратокі.
Пашыраны фармат OPEC+ уключае незалежных вытворцаў, у тым ліку Расею, Азэрбайджан і Казахстан. OPEC+ забясьпечвае каля паловы сусьветнай здабычы нафты.
Financial Times адзначыла, што ААЭ ўжо некалькі гадоў былі незадаволеныя палітыкай OPEC і лічылі, што картэль празьмерна абмяжоўвае іх нафтавы экспарт.
У Абу-Дабі патлумачылі выхад з арганізацыі «нацыянальнымі інтарэсамі».
Раней ААЭ мелі спрэчкі наконт паставак нафты з Саудаўскай Арабіяй.