6 вайсковых машын, 20 машын суправаджэньня. Прыезд Лукашэнкі ў рэзыдэнцыю на Гомельшчыне трапіў на спадарожнікавы здымак

Падчас рабочай паездкі па Гомельскай вобласці Аляксандр Лукашэнка мог начаваць у сваёй рэзыдэнцыі ў Ляскавічах Петрыкаўскага раёну пад узмоцненай аховай. Свабода атрымала спадарожнікавы здымак, на якім бачны ягоны верталёт Мі-8, два дзясяткі аўтамабіляў, а таксама, імаверна, вайсковая тэхніка.

Штогадовая паездка ў Чарнобыльскую зону — рэдкі выпадак, калі выкарыстоўваецца гэтая рэзыдэнцыя Лукашэнкі, адна зь сямі загарадных, вядомых журналістам.

З 24 па 27 красавіка Аляксандар Лукашэнка наведаў некалькі раёнаў Гомельскай вобласьці — Мазырскі, Петрыкаўскі і Нараўлянскі.

Пра месцы, дзе ён спыняўся на ноч, яго прэс-служба не паведамляла. Але, як высьветліла Свабода, як мінімум адзін прыпынак быў зроблены ў яго рэзыдэнцыі ў вёсцы Ляскавічы Петрыкаўскага раёну. Пра гэта сьведчыць спадарожнікавы здымак, зроблены кампаніяй Planet Labs 27 красавіка ў 8:53 раніцы.

Рэзыдэнцыя ў Ляскавічах падчас візыту туды Аляксандра Лукашэнкі. На здымку заўважны яго верталёт (справа), 6 меркаваных вайсковых машынаў (зьлева і ўнізе) і каля 20 цывільных машынаў рознага прызначэньня (у цэнтры). 27 красавіка 2026 году

На здымку бачны верталёт белага колеру, што стаіць на верталётнай пляцоўцы ўсярэдзіне тэрыторыі рэзыдэнцыі і каля 20 цывільных аўтамабіляў рознага прызначэньня каля аднаго з заездаў на яе. Таксама на здымку можна заўважыць 6 машынаў, якія могуць належаць вайскоўцам. Усе яны колеру хакі і стаяць асобна ад астатніх. Дакладны тып тэхнікі вызначыць немагчыма празь якасьць атрыманага спадарожнікавага здымку, але прынамсі тры зь іх падобныя да вайсковых грузавікоў.

Верталёт МІ-8 з бартавым нумарам EW-001DP, які Аляксандар Лукашэнка выкарыстоўваў падчас працоўнай паездкі на Гомельшчыну

На дасяжных Свабодзе архіўных спадарожнікавых здымках гэтага аб’екту зь мінулых гадоў бачна, што падобнага звычайна тут не назіраецца.

Ад рэзыдэнцыі ў Ляскавічах да ўкраінскай мяжы каля 50 кілямэтраў. Пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ў 2022 годзе ў небе над рознымі раёнамі Гомельскай вобласьці пачалі рэгулярна заўважаць бесьпілётнікі. Як правіла, іх залёты супадалі з масавымі паветранымі атакамі Расеі на ўкраінскія гарады. Але своечасовую інфармацыю пра залёты такіх дронаў на тэрыторыю Беларусі ўлады прыхоўваюць. Гэта пацьвердзіў і сам Аляксандар Лукашэнка ў адной з сваіх публічных прамоваў.

Адзін з будынкаў на тэрыторыі рэзыдэнцыі Аляксандра Лукашэнкі ў Ляскавічах 28 лютага 2022 году

Тое, што Аляксандар Лукашэнка сапраўды мог быць у ляскавіцкай рэзыдэнцыі ранкам 27 красавіка (калі быў зроблены спадарожнікавы здымак), пацьвярджаюць паведамленьні ягонай прэс-службы. Паводле іх, 26 красавіка ён інспэктаваў малочна-таварны комплекс «Ляскавічы», а на наступны дзень у 10:12 раніцы на верталёце прыбыў у Нараўлянскі раён. Паміж гэтымі пунктамі 86 кілямэтраў.

Рэзыдэнцыя Аляксандра Лукашэнкі ў Ляскавічах — адна зь сямі вядомых незалежным мэдыя загарадных рэзыдэнцыяў, якімі ён карыстаецца. Яна знаходзіцца на беразе Прыпяці. У афіцыйных дакумэнтах называецца «Комплексам па абслугоўваньні дэлегацыяў у прыродаахоўным парку „Прыпяцкі“». У сваю чаргу нацыянальны парк «Прыпяцкі» наўпрост падначалены Кіраўніцтву справамі прэзыдэнта.

Рэзыдэнцыя Аляксандра Лукашэнкі ў Ляскавічах. Фатаздымак Tut.by зроблены з Прыпяці ў 2011 годзе.

Апошняя афіцыйна вядомая сустрэча, якая адбылася у ляскавіцкай рэзыдэнцыі, праходзіла больш за чатыры гады таму, у 2022 годзе. Тады тут у самым пачатку паўнамаштабнай вайны адбыліся кароткія перамовы ўкраінскага і расейскага бакоў. У 2017 годзе тут праходзіла нефармальная сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з тагачасным прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам.

Доступу для звычайных людзей у рэзыдэнцыю няма. Аляксандар Лукашэнка яе выкарыстоўвае толькі для сваіх амаль штогадовых веснавых паездак на Гомельшчыну.

Інтэр’еры аднаго з будынкаў рэзыдэнцыі Аляксандра Лукашэнкі ў Ляскавічах на фота, апублікаваных блогам Nеxta ў 2019 годзе

Каля рэзыдэнцыі пабудаваныя тры верталётныя пляцоўкі, на яе тэрыторыі разьмешчаныя будынак-палац, каля шасьці гасьцявых дамоў, яшчэ адзін вялікі будынак у лесе, спартовы компплекс, гаражы для аўтамабіляў, некалькі спускаў да вады. Усё гэта злучаюць ідэальныя асфальтавыя дарожкі.

«Звычайны драўляны дом, які сяляне пабудвалі. Я да гэтай пары ў гэтым доме жыву», — расказваў пра рэзыдэнцыю Аляксандар Лукашэнка ў 2020 годзе.

Як высьветліла Свабода, сказаў ён гэтую фразу, калі высаджваў дрэвы на ўскрайку верталётнай пляцоўкі на так званым «суботніку» каля той самай рэзыдэнцыі ў Ляскавічах.


Аляксандар Лукашэнка высаджвае дрэвы на ўскрайку верталётнай пляцоўкі рэзыдэнцыі ў Ляскавічах. 25 красавіка 2020 году

У той жа прамове ён сам прызнаўся, што аддаваў загад тагачаснаму дырэктару нацыянальнага парку «Прыпяцкі» Сьцяпану Бамбізу збудаваць гэтую «хату»:

«Шмат было крытыкі: „Ай, ён нас цягне туды — у Чарнобыльскую зону!“ „Чарнобыльскія шляхі“ пад такімі лёзунгамі праходзілі. „Мы тут у чыстым Менску…“ Тады я Сьцяпану кажу: „Так, тут пабудуеш мне хату, і я буду тут жыць кожную вясну, калі вельмі нібыта небясьпечна, вось у гэтыя часы. Я буду тут жыць. Пасяўная пачынаецца адсюль –- і я адсюль кожную вясну пачынаў сваё жыцьцё. Вось у чым была гісторыя так званай „рэзыдэнцыі прэзыдэнта“».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Як выглядае магчымая чарговая рэзыдэнцыя Лукашэнкі каля Сочы і хто яе будуе. Расьсьледаваньне

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка пра СССР, «дэмакратыю» і Чарнобыль. Што ня так? Аналізуе Валер Карбалевіч