У першым квартале 2026 году ўлады Грузіі выслалі рэкордна шмат беларускіх грамадзян

Тбілісі, Грузія. Архіўнае фота

У Грузіі заўважна пабольшала высланых замежных грамадзян, у тым ліку беларусаў.

Рэкордна шмат беларускіх грамадзян — восем чалавек — выслалі ў першым квартале 2026 году ўлады Грузіі, сьведчыць праведзены «Позіркам» аналіз дадзеных мясцовай паліцыі. Выслалі шасьцёх мужчын (чатырох узростам ад 26 да 40 гадоў, па адным — ад 18 да 25 і ад 41 да 65 гадоў) і дзьвюх жанчын (па адной ва ўзросьце ад 18 да 25 і ад 26 да 40 гадоў).

У 2025 годзе Грузія выслала шасьцёх беларускіх грамадзян (усе мужчыны; чатырох у трэцім квартале, па адным — у першым і чацьвёртым), што стала гадавым рэкордам. За папярэднія шэсьць гадоў (2019–2024) з гэтай краіны былі высланыя трое грамадзян Беларусі (па адным у 2020, 2021 і 2023 гадах).

Агульная статыстыка сьведчыць аб актывізацыі грузінскіх сілавікоў: у 2021 годзе выслалі 77 іншаземцаў, у 2022-м — 165, у 2023-м — 190, у 2024-м — 363, у 2025-м — 1311. У лютым грузінскія ўлады заявілі, што ў 2026 годзе зьбіраюцца дэпартаваць 4 тысячы іншаземцаў-нелегалаў.

Дэпартамэнт міграцыі МУС Грузіі пачаў бесьперапынныя рэйды для выяўленьня так званых «нелегалаў», у тым ліку абыходзячы кватэры. Да беларусаў, паводле зьвестак «Позірку», заходзілі таксама.

Мясцовыя СМІ і актывісты дыяспараў паведамлялі аб дэпартацыях іншаземцаў на надуманых падставах. Пяць беларусаў (чацьвёра мужчын, адна жанчына) у першым квартале 2026 году былі зьмешчаныя ў мясцовы цэнтар часовага ўтрыманьня, сьведчаць зьвесткі паліцыі.

  • Грузія стала адной з асноўных краін знаходжаньня беларусаў, якія ўцяклі ад перасьледу рэжыму Лукашэнкі ў 2020 годзе і пазьней.
  • У той жа час мясцовыя ўлады не задаволілі ніводнага іх хадайніцтва аб прытулку.
  • Беларусы, якіх пераследуюць з палітычных матываў, асабліва тыя, у каго заканчваецца тэрмін дзеяньня нацыянальнага пашпарта (зь верасьня 2023 году, пасьля адпаведнага ўказу Лукашэнкі, яго нельга памяняць у замежных прадстаўніцтвах Беларусі), пераяжджаюць з Грузіі ў Эўразьвяз і атрымліваюць абарону там.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Аляксандар «Маляваныч» Ждановіч вярнуўся ў Польшчу пасьля таго, як яго не пусьцілі ў Грузію

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Пратрымалі паўтары гадзіны, далі паперу па-грузінску». Гісторыя яшчэ аднаго беларуса, якога не пусьцілі ў Грузію пасьля «візарана»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Вам тут ня радыя». Грузінскі праваабаронца пра выцісканьне беларусаў з краіны

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Мы вас мусім вярнуць на тэрыторыю Польшчы». Журналіст Андрэй Мялешка расказаў, як яго з дачкой не пускаюць у Грузію