Пралятаюць 50 мэтраў бяз крылаў, ласуюцца суквецьцямі бярозы й вольхі, жывуць у дуплах і зьяўляюцца людзям на вочы раз на 20 гадоў. Хто такая вавёрка-палятуха.
У Беларусі спрабуюць захаваць вавёрку-палятуху, якая жыве толькі ў Гарадоцкім і Віцебскім раёнах. Для гэтага навукоўцы майструюць палятухам хаткі і гнёзды. Колькі такіх зьвяроў жыве ў краіне, вядома вельмі прыблізна. Навукоўцы называюць лічбы ад 500 да 1900 асобін. Што гэта за зьвер?
«Яна адносіцца да атраду грызуноў, — кажа ў размове з Свабодай эколяг і экспэртка альянсу „Зялёная Беларусь“ Інэса Балоціна. — Сямейства вавёркавых. Але гэта не зусім тая вавёрка, якую мы ведаем, проста таксама грызун, як і мышы, як і соні. Палятуха вонкава крыху падобная да вавёркі і таксама жыве на дрэвах. Але, адрозна ад вавёркі, яна па зямлі ня можа шмат бегаць. Яна мае адмысловую скураную складку для палёту, і таму ёй па зямлі цяжка перасоўвацца. Яе там лёгка могуць злавіць драпежнікі. А звычайная вавёрка і па зямлі хутка скача».
Вавёрка-палятуха пад Гарадком, сфатаграфаваная ўдзень
Ратаўніца лясоў
Акрамя гэтага, кажа Інэса, палятуха ад звычайнай вавёркі адрозьніваецца харчаваньнем. Яна жывіцца пераважна расьліннай ежай — суквецьцямі дрэваў, а менавіта асіны, бярозы і вольхі. Маладой карой, лісьцем іншых расьлінаў. Звычайныя ж вавёркі зусім ня грэбуюць і жывёльнай ежай.
Вавёрка-палятуха — адзін з найрадзейшых у Беларусі зьвяроў. Апошнімі гадамі яе бачылі толькі ў двух раёнах на поўначы краіны — Віцебскім і Гарадоцкім. У ХІХ стагодзьдзі палятуха была распаўсюджаная амаль на ўсёй тэрыторыі Беларусі, але пасьля яе перасталі згадваць.
«У 1997 годзе ў Віцебскай вобласьці яе заўважылі лесьнікі. Яны сьпілавалі дрэва, у дупле якога была палятуха, — расказвае экспэртка. — Тады пра яе ўспомнілі, але пасьля таго амаль 20 гадоў ніхто палятуху ня бачыў. Хацелі ўжо нават з Чырвонай кнігі выключыць, думалі, што зьнікла. Але ў 2017 годзе біёлягі, якія маюць хобі шукаць рэдкія віды, зноў знайшлі палятуху».
Палятуха ў палёце. Зрабіць такі здымак надзвычай складана праз тое, што гэты зьвер вельмі рэдка паказваецца пры дзённым сьвятле
Біёлягі гэтыя, якія мелі дачыненьне да ўжо закрытай уладамі Беларусі экалягічнай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны», шукалі палятуху і іншыя рэдкія віды ня проста так. Паводле беларускага заканадаўства, абарона рэдкага «чырванакніжнага» віду азначае ня толькі забарону забойства такіх жывёлаў, але і захаваньне месца іх жыхарства. І калі ў лясным масіве жыве палятуха ці іншы «чырванакніжны» від, то ўлады могуць абмежаваць або ўвогуле забараніць высечкі такога лесу.
Звычайныя вавёркі таксама перыядычна скачуць з дрэва на дрэва, але іх магчымасьці далёкія ад палятух
«Ёсьць такі спосаб абараніць лес, — працягвае Інэса. — Месца жыхарства зьвера перадаецца пад ахову. Для гэтага трэба знайсьці від і задакумэнтаваць яго. Высьветліць, колькі асобінаў. Усё гэта перадаецца ў мясцовыя структуры Міністэрства прыроды і райвыканкам. Але там гэтыя дакумэнты на гады могуць завісаць. Часам бывае, што пакуль справа дойдзе да ўзгадненьня і прыняцьця рашэньня аб перадачы пад ахову, тое месца ўжо высеклі».
Генэтычная ўнікальнасьць
З словаў суразмоўцы, нячастую фіксацыю сустрэчаў з палятухамі у Беларусі можна патлумачыць ня толькі рэдкасьцю гэтай вавёркі. За ёю проста ніхто асабліва не сочыць. Тая ж звычайная вавёрка, напрыклад, цікавіць паляўнічых. Яна ў сьпісе зьвяроў, на якіх дазволена паляваньне. Іншыя зьвяры, якія шкодзяць палеткам ці пасадкам дрэваў, трапляюць пад увагу лясных ці сельскіх гаспадарак. А палятуха жыве сваім жыцьцём, не асабліва закранаючы чалавечыя справы.
«Вавёрка-палятуха гэтая нікога больш не цікавіла асабліва, — кажа Інэса. — Мяса паляўнічым яна не дае і шкуры таксама. Паляўнічым яна не патрэбная, як і лясной гаспадарцы. Усім начхаць было на яе, скажам так. А навукоўцы ўзяліся знайсьці жывёлаў рэдкага віду, каб ня толькі іх перадаць пад ахову, але і абараніць ад высечак лес, дзе палятухі жывуць, і ўсю яго біяразнастайнасьць».
Вавёрка-палятуха
Тады, у 2017-м, палятуху заўважылі траха не выпадкова. Біёлягі цікавілісяі савіным гняздом, а побач зь ім раптам заўважылі крылатую вавёрку. Упершыню за 20 гадоў.
«Агулам Беларусь знаходзіцца на ўскрайку арэалу вавёрак-палятух, — працягвае Інэса. — Яны жывуць у Сібіры, у тайзе. У Кітаі таксама, на вялікіх прасторах Эўразіі. У маштабах сьвету гэта зьвер ня вельмі рэдкі. Беларусь для яго — мяжа расьсяленьня. Яшчэ ў Фінляндыі яны жывуць, у краінах Балтыі. У Эстоніі яе вывучаюць, эстонскія навукоўцы нават прыяжджалі ў Беларусь паглядзець на беларускую палятуху, бо іх цікавіць яе генэтычны склад».
Цікавасьць да генаў беларускай палятухі ў эстонскіх навукоўцаў ўзьнікла ня проста так. Рэч у тым, што для гэтага зьвера нехарактэрныя міграцыі на вялікія ці нават адносна малыя адлегласьці. Нягледзячы на сваю «крылатасьць», вавёркі-палятухі зусім ня любяць працяглых вандровак, а таму добра захоўваюць генэтычную ўнікальнасьць.
«Яны жывуць ізалявана і на розных тэрыторыях магчымыя іх розныя падвіды, — тлумачыць Інэса. — Далёка яны ня лётаюць. Палятухі, якія жывуць, напрыклад, у Фінляндыі, не стасуюцца з палятухамі, якія жывуць тут у нас, у Віцебскай вобласьці. Ствараюцца падвіды, і гэта вельмі цікава генэтыкам, якія вывучаюць паходжаньне новых відаў».
Палёты на 50 мэтраў
Як выглядае дзень вавёркі-палятухі? Дакладней, ноч, бо зьвяры гэтыя вядуць пераважна начны лад жыцьця, што дадае складанасьці назіраньню за імі. Як ужо гаварылася раней, спускацца на зямлю яны ня вельмі любяць, бо ім нязручна хадзіць па цьвёрдай паверхні. Таму палятухі стараюцца харчавацца на нейкім асабліва зручным для іх дрэве, дзе яны недасяжныя для драпежнікаў. Схованкі яны робяць у дуплах, складаюць там запасы ежы, хоць і ня сьпяць зімой.
«Плянэруюць у паветры яны прыкладна на 50 мэтраў, — расказвае Інэса. — І ня толькі плянэруюць, а могуць у палёце паварочваць або нават выпісваць сьпіралі, гэта ня проста скачок уніз па роўнай траекторыі. Але вось больш чым 50 метраў за раз гэтай вавёрцы цяжка пераадолець у паветры. Але яна можа з дрэва на дрэва зноў пералятаць. Прайсьці 50 мэтраў па зямлі палятусе складана і небясьпечна. Таму ў прарэджаных высечкамі лясах палятухам складана, яны там паступова зьнікаюць».
Звычайная вавёрка ў Беларусі жыве паўсюль, у тым ліку ў гарадах і паселішчах побач з чалавекам
50 мэтраў для невялічкага зьвера, даўжыня цела якога каля 25 см, — гэта як скачок на 350 мэтраў для чалавека. Ворагі палятух — драпежныя птушкі і лясныя куніцы. Але найпершая небясьпека для палятух — высечкі дрэваў. Бяз дрэваў і густых мяшаных лясоў з вольхамі гэтыя зьвяры проста ня могуць існаваць.
«Яна таму і зьнікае, — кажа Інэса. — Ёй патрэбныя дрэвы — бяроза, асіна і найперш вольха. І ня ўсякія, а старыя. І трэба, каб яны былі з дупламі, бо палятухі жывуць у дуплах. І каб дрэвы былі пладаносныя. Калі лес прарэджаны, то палятуха ня можа перамяшчацца па кронах. Жывуць яны парамі. Калі самка мае малых дзяцей, то самец звычайна пераходзіць у асобнае дупло недзе побач. Зімой у адным дупле разам з бацькамі могуць туліцца і маладыя зьвяркі».
Найлепшая абарона для палятух — спыніць высечкі старых мяшаных лясоў. З словаў экспэрткі, ім небясьпечныя нават санітарныя лясныя высечкі. Таму калі раптам удаецца знайсьці недзе месцы пасяленьня палятух, гэта адразу дае падставы абараніць ад высечкі ўвесь лес. І ў ім ужо спакойна могуць жыць ня толькі «крылатыя» вавёркі, але й іншыя зьвяры.