У Беларусі непаўналетнім дазволілі працаваць трактарыстамі і спрасьцілі ўмовы для працы сьлесарам

Ілюстрацыйнае фота

У Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны Беларусі выключылі спэцыяльнасьць «трактарыста-машыніста сельскагаспадарчай вытворчасьці» зь пераліку работ, на якія забаронена наймаць асобаў, якім яшчэ ня споўнілася 18 гадоў.

Як вынікае з апублікаванай на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі пастанове, зьмякчылі ўмовы для працы яшчэ ў трох спэцыяльнасьцях.

У прыватнасьці, павялічылі мінімальны разрад выкананьня работ, зь якога забаранілі працу непаўналетніх. Цяпер забаранілі прымаць на працу брашуроўнікам, пераплётнікам і сьлесарам рамонту сельгасмашын і абсталяваньня з трэцяга разраду. Гэта азначае, што на менш кваліфікаваных пасадах непаўналетнія цяпер змогуць працаваць, бо раней абмежаваньні дзейнічалі з другога разраду.

У ведамстве адзначылі, што выключэньне спэцыяльнасьці трактарыста зь ліку забароненых абумоўлена заканадаўчым дазволам атрымліваць з 17 гадоў правы на кіраваньне колавым трактарам і самаходнай машынай катэгорый A, B, C, F. То бок выходзіла сытуацыя, калі выпускнікі заканчвалі вучылішча, але не маглі працаваць паводле спэцыяльнасьці.

Павелічэньне разраду па іншых трох спэцыяльнасьцях патлумачылі тым, што пры выкананьні работ паводле другога разраду «адсутнічаюць фактары павышанай небясьпекі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Беларусі працягваецца прамысловы спад, асабліва ў Менску. Растуць запасы на складах