У Латвіі з ракі вылавілі плыт зь беларускімі цыгарэтамі, якія пасылалі ў краіну кантрабандай

Кантрабандныя беларускія цыгарэты, спакаваныя на плыт

Латвійскія памежнікі паведамілі пра спыненьне партыі кантрабанды зь Беларусі. Яе колькасьць няўхільна расьце.

Чарговы плыт зь беларускімі кантрабанднымі цыгарэтамі, які плыў па Дзьвіне, выявілі 26 красавіка ў Краслаўскім краі Латвіі — у Піедруйскай воласьці, якая мяжуе зь Верхнядзьвінскім, Мёрскім і Браслаўскім раёнамі Віцебскай вобласьці Беларусі.

Дзяржаўная памежная ахова Латвіі паведаміла, што ў час патруляваньня нарад заўважыў падазроны аб’ект, які плыве па рацэ. Выкарыстоўваючы маторную лодку, памежнікі спынілі плыт і зьнялі зь яго «восем простакутных пакункаў, абгорнутых у чорную поліэтыленавую плёнку», піша са спасылкай на памежнікаў «Позірк».

Паведамляюць аб канфіскацыі 50 000 цыгарэт NZ Gold і 30 000 цыгарэт Queen Superslim зь беларускімі акцызнымі маркамі.

Знаходку перадалі паліцыі. Тая адкрыла чарговую справу ў межах XIX главы Крымінальнага закону (злачынствы супраць нацыянальнай эканомікі).

Гэта ўжо трэці падобны выпадак у красавіку. 10 красавіка памежнікі выцягнулі зь Дзьвіны покрыўкі з трактарных апонаў, у якіх транспартаваліся 66 120 цыгарэт NZ Gold, 16 красавіка — плыт з 62 060 цыгарэт NZ Gold Superslim зь беларускімі акцызнымі маркамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Латвійскі дэпутат Росьлікаў зьехаў у Беларусь і не жадае вяртацца: «Хочаце, каб на мяжы на мяне надзелі кайданкі?»


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Польшчы затрымалі беларуса, якога падазраюць у перапраўцы празь мяжу 160 мэтэазондаў з цыгарэтамі