Праваабаронцы ўпершыню зафіксавалі на мяжы зь Беларусьсю забарону выезду для расейскага прызыўніка

Мабілізацыя ў Расеі. Ілюстрацыйнае фота

Прызыўнік з Пецярбургу, грамадзянін Расеі, атрымаў позву ў войска ў красавіку 2026 году. Ён спрабаваў выехаць з Расеі празь Беларусь.

Як паведаміла Расейская служба Радыё Свабода з спасылкай на «Рух сьвядомых адмоўнікаў ад вайсковай службы», гэта першы такі выпадак.

Спачатку яго зьнялі з авіярэйсу на Беларусь, другім разам яму ўдалося выехаць праз Смаленск на цягніку ў Менск, а ў менскім аэрапорце яго двойчы здымалі з рэйсаў у Тбілісі (Грузія) і Ерэван (Армэнія).

Пры гэтым прызыўніку ніводнага разу ня выдалі ніякіх афіцыйных дакумэнтаў аб забароне на выезд, а ўсё тлумачылі вусна.

«У гэтай гісторыі некалькі ўнікальных практык, якіх мы пакуль ня бачылі: па-першае, абмежаваньні на выезд на сухапутнай мяжы паміж Расеяй і Беларусьсю, якая традыцыйна лічыцца бясьпечным маршрутам выезду, па-другое, абмежаваньне на выезд у аэрапорце Менску для грамадзяніна Расеі, што гаворыць пра пачатак абмену зьвесткамі з электроннага рэестру вайсковага ўліку і рэестру позваў паміж памежнікамі дзьвюх дзяржаваў», — адзначылі праваабаронцы.

У верасьні 2024 году ў тэставым рэжыме пачаў працаваць адзіны рэестар вайсковаабавязаных грамадзян Расеі — позвы рассылаюць у электронным выглядзе. Позву лічаць атрыманай, нават калі адрасат яе ня бачыў.

У рэестры пазначаныя ўсе зьвесткі аб вайсковым уліку і аб грамадзянах, якія павінны на яго стаць, у тым ліку пашпартныя зьвесткі, інфармацыя аб адукацыі, стане здароўя і гэтак далей. Доступ да рэестру маюць Міністэрства абароны, ФСБ і іншыя сілавыя структуры.

У сакавіку 2026 году праз гэты рэестар пачалі ўводзіць абмежаваньні для прызыўнікоў, у тым ліку забарону на выезд.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Дэзэртыраў у расейскім войску паболела на 30 працэнтаў