Як вынікае з складзенага ўкраінскім рэсурсам Opendatabot рэйтынгу, Артур Гранц у 2025 годзе нарасьціў даход сваіх кампаній на 6,28% — да 607 668 575 грыўняў (13 810 649 даляраў у эквіваленце).
У агульным рэйтынгу ўкраінскіх бізнэсмэнаў сёлета ён заняў 2 698 месца і страціў 91 пункт, а ў кіеўскім рэйтынгу ён — на 730 месцы (страціў 24 пункты).
Ва Ўкраіне Артур Гранц мае 12 кампаніяў. Ён уласьнік толькі адной зь іх, у іншых 11 ён бэнэфіцыяр. Кампаніі працуюць адразу ў некалькіх сэктарах — у бязмытным гандлі алькаголем, у раздробным гандлі адзеньнем, у друку часопісаў і выданьняў, у кампутарных паслугах, у рэстараннай дзейнасьці, у арэндзе нерухомасьці.
Сёлета 30 красавіка літоўскае выданьне LRT апублікавала вынікі расьсьледаваньня, згодна зь якім Гранц фінансуе рэжым Лукашэнкі праз разьвіцьцё сеткі крамаў бязмытнага гандлю і пры гэтым бесьперашкодна разьвівае бізнэс у Літве. Згодна з расьсьледаваньнем, ён валодае адным з найдаражэйшых рэстаранаў Вільні HeJi і раскошным гатэлем Esperanza Resort у Троках.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Беларуска-армянскі бізнэсовец, які фінансуе рэжым Лукашэнкі, разьвівае свой бізнэс у ЛітвеУ 2024 годзе ўкраінская грамадзкая арганізацыя «НОН-СТОП» спрабавала праз суд дабіцца завядзеньня крымінальнай справы супраць Артура Гранца за незаконны гандаль цыгарэтамі і алькаголем. Паводле актывістаў, бізнэсовец за час поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны стаў «адзіным лідэрам продажу цыгарэт праз сыстэмы Duty Free». Арганізацыя назвала яго «каралём кантрабанды».
Ва Ўкраіне беларус Артур Гранц жыў на падставе дазволу на жыхарства, але ў 2021 годзе выехаў з Украіны ў Гішпанію, дзе мае нерухомасьць. Цяпер, як вынікае з рэйтынгу ўкраінскіх бізнэсоўцаў, ён мае і ўкраінскі пашпарт. Раней было вядома толькі пра яго беларускае і армянскае грамадзянства.