У Беларусі зноў папярэдзілі аб імавернай небясьпецы праз моцны вецер

Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі з 24 красавіка захоўваюцца неспрыяльныя ўмовы надвор’я. Праз ураган практычна ва ўсіх рэгіёнах адбыліся надзвычайныя здарэньні — лясныя пажары, адключэньне электраэнэргіі, пашкоджаныя дахі жылых будынкаў. Траўмы праз падзеньні дрэваў атрымалі сама меней два чалавекі.

У Міністэрстве ў надзвычайных сытуацыях Беларусі папярэдзілі, што 27 красавіка на большай частцы тэрыторыі краіны чакаюць узмацненьня паўночна-заходняга і заходняга ветру парывамі 15-20 мэтраў за сэкунду, а ўдзень месцамі да 24 мэтраў за сэкунду, у многіх раёнах пройдуць дажджы і мокры сьнег.

Сярод фактараў небясьпекі ў ведамстве назвалі пашкоджаньне ліній сувязі і электраперадач, адключэньне электрычных падстанцый і электраэнэргіі, пашкоджаньне або падзеньне слаба замацаваных канструкцый, дахаў будынкаў і збудаваньняў, падзеньне дрэў.

У выходныя праз моцны вецер зафіксавалі падзеньне дрэваў у Берасьцейскай, Віцебскай, Горадзенскай, Менскай вобласьцях і ў Менску.

Празь непагадзь пашкоджаньні атрымалі 8 легкавых аўтамабіляў — у Менску (3), у Берасьцейскай вобласьці (1) і ў Горадзенскай вобласьці (4).

У Берасьцейскай вобласьці і ў Менску ратаўнікі дапамагалі здымаць пашкоджаныя элемэнты канструкцый будынкаў і збудаваньняў. Паводле апэратыўнай інфармацыі, ніхто не пацярпеў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ураган у Беларусі: вецер абрываў лініі электраперадач, гарэў лес, затрымаўся цягнік праз падзеньне дрэў на чыгунку