«Вярнуць Беларусі бязьядзерны нэўтральны статус!» У цэнтры Вільні адбыўся мітынг на 40-годзьдзе Чарнобыльскай трагедыі

На «Чарнобыльскім шляху» 2026 у Вільні. У Беларусі ўсе недзяржаўныя акцыі ўшанаваньня чарнобыльскай трагедыі цяпер пад негалоснай забаронай

26 красавіка ў Вільні беларусы ўсклалі кветкі да помніку ахвярам Чарнобылю і правялі мітынг, на якім выказалі стаўленьне да разьмяшчэньня на тэрыторыі краіны расейскіх ракетаў і далейшага выкарыстаньня ядзернай энэргетыкі.

Сымбалічны «Чарнобыльскі шлях» уключаў таксама забег і роварны прабег ад помніка «Маці Чарнобылю» да плошчы імя Кудзіркі ў цэнтры Вільні. У вечаровай праграме адзначэньня сумнай даты таксама было таэтралізаванае чытаньне ўрыўкаў кнігі Сьвятланы Алексіевіч «Чарнобыльская малітва» ў тэатры «Мроя-Хол».

Сёньня ў сьвеце адзначаюць 40 год Чарнобыльскай катастрофы. Беларусы, якія жывуць у Літве, а 12-й гадзіне сабраліся каля помніку «Маці Чарнобыля», пастаўленаму ў памяць ахвяраў катастрофы і яе ліквідатарам у гарадзкім парку Сапегаў. Вянкі і букеты кветак разам з замежнымі дыпляматамі ўсклалі на помніку таксама прадстаўнікі офісу Ціханоўскай і ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі.

«Беларусам адразу пасьля аварыі не сказалі пра радыяцыю, калі трэба было казаць і папярэджваць. Мае сваякі, сям’я бабулі, якія жылі непадалёк ад месца аварыі, у той дзень паехалі капаць бульбу. Было 25 градусаў цяпла, людзі распрануліся, загаралі, і толькі потым стала вядома, наколькі было небясьпечна. Цяпер на месцы бабчынай вёскі расьце лес. 20% беларускіх тэрыторый, тысячы людзей пацярпелі ад Чарнобылю, мы ня можам забывацца пра такую трагедыю, каб яна не паўтарылася», — сказаў журналістам пасьля цырымоніі Алесь Бяляцкі.

Алесь Бяляцкі

Паводле праваабаронцы, рэжым Лукашэнкі працягвае палітыку затойваньня пагрозы атаму, а Беларускую АЭС пабудавалі наўмысна ўсяго за 30 кілямэтраў ад Вільні.

«Мяркую, гэта няправільна, і калі сытуацыя ў Беларусі зьменіцца, мы мусім вырашыць праблему, бо станцыя небясьпечная й для Вільні», — дадаў Бяляцкі.

Плякат у памяць па 40-годзьдзе трагедыі

Антыядзерны заклік

Чарнобыльскі мітынг на плошчы імя Вінцаса Кудзіркі пачаўся пасьля таго, як на ім зьявіліся ўдзельнікі прабегу і роварнага заезду ад помніку «Маці Чарнобылю».

«Прабеглі за 17 хвілін», — расказаў удзельнік прабегу, дарадца офісу Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі. На чорнай саколцы, якую надзеў палітык, было напісана «Час мінуў — пагроза засталася».

Дзяніс Кучынскі (у цэнтры) у час прабегу

Ускладаньне кветак да помніку ліквідатарам і ахвярам Чарнобылю

Сярод нацыянальных беларускіх бел-чырвона-белых сьцягоў, якія былі на плошчы, вылучаўся жоўта-блакітны сьцяг Украіны ў руках ужо немаладой жанчыны. Тацяна Суркова, украінка з Сумаў, адмыслова прыйшла на беларускі «Чарнобыльскі шлях», бо «гэта адна бяда». Тацяна з прафэсіі лекарка, шмат гадоў пасьля аварыі яна лекавала ліквідатараў, ведае і выпадкі, калі дактары ўжо не маглі дапамагчы.

«Дачка маёй сяброўкі захварэла на лейкемію, а тады ў Беларусі навучыліся добра лячыць гэтую хваробу. Але тую дзяўчынку мы не ўратавалі», — з сумам расказала ўкраінка.

Паводле лічбаў ААН, з 1986 году ахвярамі Чарнобылю сталі больш за 4 тысячы чалавек, зь іх большасьць ва Ўкраіне і Беларусі.

Тацяна Суркова

Дэйнісу Шыманскасу 80 гадоў. Былы інжынэр згадаў, як у 1987 годзе яго выклікалі на вайсковыя зборы і адправілі пад Чарнобыль. Мужчына, які цяпер ходзіць з кійком, тады быў капітанам запасу, яго прызначылі камандзірам штабу батальёну полку грамадзянскай абароны зь Літвы.

«Тры месяцы там прабыў. Баранілі людзей і мясцовасьць ад радыяцыі», — сьцісла расказаў літовец пра свой удзел у ратавальных работах. Цяпер як ліквідатару літоўская дзяржава плаціць яму дадатак да пэнсіі — каля 150 эўра.

«Яшчэ, паводле ўзросту, маю лекі дармовыя, фактычна бясплатны праезд у гарадзкім транспарце. У матэрыяльным сэнсе ў мяне ўсё добра. А вось трывога ёсьць — дарэмна беларусы станцыю пабудавалі гэтак блізка. Дрэнна гэта», — сказаў Свабодзе Дэйніс Шыманскас.

Дэйніс Шыманскас

Кіраўнік партыі «Беларускія зялёныя», былы палітвязень Зьміцер Кучук назваў падзеі ў сёньняшняй Беларусі «палітычным Чарнобылем» і заклікаў удзельнікаў мітынгу працягваць барацьбу за перамогу дэмакратыі ў Беларусі. Паводле палітыка, беларусам таксама трэба дамагацца вываду расейскай ядзернай зброі і закрыцьця АЭС у Астраўцы.

«Рэжым, пабудаваны на хлусьні і грэбаваньні інтарэсамі людзей, непазьбежна абрынецца», — запэўніў мітынгоўцаў Кучук.

Зьміцер Кучук

У час мітынгу

Адзін з выступаў на мітынгу

На тое, што пуцінская Расея і рэжым Лукашэнкі выкарыстоўваюць атамную энэргетыку для шантажу суседніх дзяржаваў зьвярнуў увагу Кястуціс Навіцкіс, былы міністар навакольнага асяродзьдзя Літвы. Становішча ў Беларусі былы адказны чыноўнік уважае за расейскую акупацыю і асуджае спробы «вялікага атамнага тэрарызму».

На акцыі памяці пра Чарнобыль

Беларус Сяргей Суконаў прэзэнтаваў на мітынгу сваю песьню «Пакуль ня позна». У размове са Свабодай палітычны ўцякач згадаў, як на пачатку 1990-х гадоў ва ўсіх крамах прадаваліся дазімэтры, якія тады вырабляліся на «Інтэграле». Паводле Сяргея, на кароткі час у барацьбе з радыяцыяй беларуская ўлада дзейнічала разам з грамадзтвам, але «з прыходам да ўлады Лукашэнкі ў 1994 годзе ўсё зьмянілася». У сваёй песьні беларус заклікаў да змаганьня за бязьядзерную плянэту Зямля.

Удзельнікі мітынгу на плошчы і мінакі маглі пазнаёміцца з тэкстам «Рэзалюцыі да 40-годзьдзя Чарнобыльскай радыяцыйнай катастрофы». Сярод ейных пунктаў:

  • вярнуць Беларусі бязьядзерны нэўтральны статус;
  • адкрыць інфармацыю пра Астравецкую АЭС, уключна з усімі здарэньнямі на ёй і весьці публічны радыяцыйны маніторынг згодна эўрапейскіх стандартаў.

Гэта толькі два з 17 патрабаваньняў рэзалюцыі, прынятай «Альянсам „Зялёная Беларусь“, „Экадомам“, „Зялёнай сеткай“, Беларускай партыяй „Зялёныя“, а таксама іншымі пяцьцю арганізацыямі ды ініцыятывамі.

Удзельнікаў мітынгу песьнямі і творамі віталі літоўскі музыка Ігнас і беларускі этна-гурт „Ойра“, які выконвае народныя матывы і песьні, у тым ліку вёсак, адселеных праз Чарнобыль.

Мінуў час, пагроза засталася

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Жыцьцё з радыяцыяй як «аб’ект гандлю». Эколягі і навукоўцы абмеркавалі «сакрэты Чарнобылю, якія дагэтуль хаваюць»