Перамогу ў Лёнданскім маратоне адсьвяткаваў кеніец Сабаст’ян Савэ. Ён прабег дыстанцыю ў 42 км 195 м за 1:59.30. Сярэдні тэмп бегуна склаў 2.50/км.
Этыёп Яміф Кеелча фінішаваў другім з паказьнікам 1:59.41. Гэта найхутчэйшы ў гісторыі дэбют у маратонскім бегу.
Да сьцягоў Кеніі і Этыёпіі на мэдальных прыступках далучыўся сьцяг яшчэ адной краіны ўсходняй Афрыкі — Уганды. Яе прадстаўнік Джэйкаб Кіпліма завяршыў дыстанцыю з часам 2:00.28. І гэта таксама хутчэй за папярэдні ўсясьветны рэкорд!
Такім чынам, двое маратонцаў, Савэ і Кеелча сталі першымі на Зямлі, хто прабег «каралеўскую» дыстанцыю хутчэй, чым за 2 гадзіны. Адразу трое маратонцаў пераўзышлі папярэдні найхутчэйшы паказьнік у сьвеце. Аднойчы чалавек ужо «выбягаў» з 2 гадзінаў, але тады была акалічнасьць, якая не дазволіла ўнесьці вынік у статыстычны залік: у кастрычніку 2019 году яшчэ адзін кеніец Эліуд Кіпчоге прабег маратон з часам 1:59.40, але дасягненьне не зарэгістравалі як усясьветны рэкорд, бо Кіпчоге бег у адмысловым абутку, не выконваліся стандартныя правілы спаборніцтваў адносна тэмпу і ўжываньня вадкасьці, і гэта не было адкрытымі спаборніцтвамі.
Папярэдняе зафіксаванае афіцыйна дасягненьне належала кенійцу Келвіну Кіптуму, той у 2023 годзе за 2:00.35 прабег Чыкаскі маратон. Менавіта ягоны рэкорд і стаяў да Лёнданскага маратону-2026.
Спартовыя экспэрты бачаць адным з рэцэптаў неймавернага посьпеху кенійца Савэ надзвычайна лёгкія красоўкі, якія ня проста выкананыя з найсучасьнейшых матэрыялаў, але й важаць меней за 100 грамаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Маратон у кроксах. Як беларус вырашыў паставіць незвычайны ўсясьветны рэкордУсясьветны рэкорд і ў жанчын
Выбітныя дасягненьні на гэтым у Лёндане ня скончыліся. Усясьветны рэкорд адбыўся і ў жаночым забегу. Тыгст Асэфа з Этыёпіі прабегла дыстанцыю за 2:15.41. Яна на 9 сэкундаў пераўзышла папярэдняе найвышэйшае дасягненьне, якое сама ж паставіла год таму якраз у Лёндане.
29-гадовая Асэфа — алімпійская чэмпіёнка і срэбная мэдалістка першынства сьвету.
На дыстанцыі зь ёй змагаліся кенійкі Хэлен Абіры і Джайсілін Джэпкасгеі, якіх яна здолела апярэдзіць. Абіры саступілі Асэфе і на Алімпіядзе ў Парыжы — там яна была трэцяй. У гэтым забегу яна апярэдзіла сваю зямлячку Джэпкасгеі на 0,02 сэкунды.
Тыгст Асэфа пабіла свой жа рэкорд сьвету ў маратоне і ня стрымлівала сваёй радасьці