У Беларусі істотна скарацілі памер зоны шкоднага ўзьдзеяньня пры здабычы торфу

Торфавы завод у Старобіне, архіўнае фота

Урад зьнізіў патрабаваньні і памер кампэнсацыйных выплатаў за шкоду, нанесеную прыродзе пры распрацоўцы радовішчаў торфу.

Як паведаміла прэс-служба Савету міністраў, гэта зроблена «ў мэтах зьняцьця залішніх абмежаваньняў і забесьпячэньня эфэктыўнай працы тарфяной галіны».

Дакумэнт, апублікаваны на партале Pravo.by, прадугледжвае карэктаваньне мэтодыкі разьліку кампэнсацыйных выплат «за шкоднае ўзьдзеяньне на аб’екты жывёльнага сьвету і асяродзьдзе іх пражываньня».

У прыватнасьці, скарачаецца зона шкоднага ўзьдзеяньня — з 6,5 да 1,5 км. Зьмяншаюцца і лічбавыя паказьнікі рэагаваньня аб’ектаў жывёльнага сьвету на шкоднае ўзьдзеяньне пры распрацоўцы радовішчаў. Дзякуючы гэтаму зьнізіцца плата пры даваньні зямельных участкаў для будаўніцтва палёў для здабычы торфу.

Урад таксама ўводзіць паправачныя каэфіцыенты з улікам таго, як у далейшым будуць выкарыстоўвацца выпрацаваныя радовішчы торфу. Самы нізкі каэфіцыент (0,1) усталяваны для аб’ектаў, якія мяркуецца паўторна забалочваць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Дыктатура супраць балотаў. Як улады Беларусі шкодзяць лёгкім Эўропы


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Латвіі думаюць зноў затапіць асушаныя тарфяныя балоты на мяжы з Расеяй і Беларусьсю