Паводле старшыні камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкаму Віктара Гуцько, у бліжэйшай пэрспэктыве лінію давядуць толькі да плошчы Бангалор, а далей будаўніцтва пойдзе ў іншым кірунку:
«Лінію мэтро мы давядзем да плошчы Бангалор, а далей плянуем рухацца ўздоўж вуліцы Арлоўскай і праспэкта Пушкіна да станцыі „Пушкінская“».
Гэта азначае, што замест працягу трэцяй лініі ў Зялёны Луг аддаецца прыярытэт будаўніцтву новага ўчастку, які зьвяжа яе з другой лініяй у раёне станцыі мэтро «Пушкінская».
Раней плянавалася, што дзеля мэтро пад знос пойдзе прыватная забудова, у тым ліку на вуліцы Максіма Багдановіча. Але цяпер гэтыя пляны адкладаюцца: у Зялёным Лузе знос пераносяць на нявызначаны тэрмін, затое пад знос трапяць дамы ўздоўж вуліцы Арлоўскай, дзе і пойдзе новы ўчастак.
Афіцыйна гаворка ідзе пра зьмену прыярытэтаў. Аднак ёсьць і практычныя прычыны:
- для пракладкі лініі ў Зялёны Луг патрэбны масавы знос прыватнага сэктару;
- гэта азначае перасяленьне жыхароў, кампэнсацыі і будаўніцтва новага жыльля;
- праект атрымліваецца складаным і дарагім, без буйных інвэстараў яго рэалізацыя малаверагодная.
Пасьля завяршэньня ўчастку да плошчы Бангалор мэтрабудаўнікі сканцэнтруюцца на фактычным запуску новай (чацьвёртай) лініі, якая пойдзе ў бок «Пушкінскай». Тэрміны ж вяртаньня да ідэі мэтро ў Зялёны Луг застаюцца няпэўнымі.