Нацбанк патлумачыў новыя правілы пазыкаў для насельніцтва. Каротка: што трэба ведаць

Беларускі рубель

У Беларусі з 23 красавіка ўвялі абмежаваньне валютных апэрацый паміж людзьмі і большы кантроль за пазыкамі. Што гэта значыць на практыцы? У Нацбанку далі тлумачэньні.

Цяпер нельга даваць і браць пазыкі ў замежнай валюце паміж фізычнымі асобамі; таксама нельга прывязваць суму пазыкі да курсу валюты. Выключэньне толькі адно: гэта дазволена блізкім сваякам (муж і жонка, бацькі, дзеці, родныя браты і сёстры, бабулі і дзядулі). Правіла распаўсюджваецца і на сытуацыі з удзелам замежнікаў.

«У дамове пазыкі паміж фізычнымі асобамі-рэзыдэнтамі нельга вызначаць суму пазыкі і грашовыя абавязацельствы ў замежнай валюце або ў эквіваленце да яе, а таксама ва ўмоўных грашовых адзінках. Гэта абумоўлена тым, што такія ўмовы перакладалі валютныя рызыкі на адзін з бакоў, ставячы ўдзельнікаў у няроўнае становішча», — заяўляюць у Нацбанку.

Пазыкі ў рублях паміж людзьмі — дазволеныя, але з новымі абмежаваньнямі:

  • нельга ўключаць «драконаўскія» штрафы і завышаныя працэнты;
  • нельга ў аднабаковым парадку павялічваць працэнты;
  • чалавек мае права датэрмінова вярнуць пазыку бяз штрафаў.


Хто можа даваць грошы «пад працэнты»

Звычайныя кампаніі і ІП больш ня могуць проста так даваць пазыкі людзям. Гэта могуць рабіць толькі: мікрафінансавыя арганізацыі (лямбарды і інш.), асобныя спэцыялізаваныя структуры.

Важная сацыяльная норма: нельга закладаць адзінае жыльлё (кватэру або дом) пад пазыку.

Што гэта значыць на практыцы

  • Калі вы пазычаеце грошы не сваяку — толькі ў рублях.
  • Калі хочаце аформіць пазыку ў валюце — гэта магчыма толькі ўнутры сям’і.
  • «Шэрыя» схемы зь мікрапазыкамі дзяржава спрабуе прыбраць.

«Гэтыя забароны даюць магчымасьць абараніць грамадзян ад неабгрунтаваных валютных рызык», — тлумачаць у Нацбанку. Аднак беларусы ў сацсетках абураюцца тым, што дзяржава ўводзіць большы кантроль за грашовымі адносінамі паміж людзьмі.