Пра разьвітаньне зь любімым сабакам, валанцёрства з каровамі і веру ў тое, што беларуская рэпрэсіўная сыстэма можа зьмяніцца да лепшага.
Праваабаронца Наста Лойка была памілаваная зь вялікай групай у 250 палітвязьняў пасьля візыту ў Беларусь спэцпасланьніка ЗША Джона Коўла. Яна апынулася ў ліку 15 чалавек, якіх вывезьлі за мяжу 19 сакавіка. Наста цяпер у Варшаве. Цягам месяцу яна прыходзіла ў сябе і нарэшце пагадзілася даць інтэрв’ю Свабодзе.
«Супакоілася і падумала „Ладна“»
— Наста, Вы пачалі займацца праваабарончай дзейнасьцю, калі былі яшчэ зусім юнай дзяўчынай і вучылася ў юрыдычным каледжы. Чаму быў такі выбар: ня суд, не пракуратура, а абарона правоў чалавека?
— Калі я вучылася ў юрыдычным каледжы, дапамагала рэгістраваць адну праваабарончую арганізацыю. А яе не рэгістравалі, мы абскарджвалі, прайшлі ўсе судовыя інстанцыі. Здаецца, гэта быў 2008 год, пасьля 3 курса. Я так расчаравалася ў прававых мэханізмах, настолькі гэта было не падобна да таго, чаму мяне вучаць, што я хацела забраць дакумэнты. Але былі вакацыі, аддзел кадраў не працаваў. Я крыху супакоілася за месяц і падумала: «Ладна, давучуся».
Да таго ж, у мяне быў вельмі важны прафэсійны фактар: я вельмі любіла хадзіць у кедах, не люблю афіцыйную дзелавую вопратку. І разумела, што ў пракурорскіх ці судовых інстанцыях я кар’еру не зраблю: туды нельга хадзіць у такой форме. І таму давялося заняцца правамі чалавека. Тым больш, што гэта каштоўнасна мне блізка. Зараз, дарэчы, я ў кедах, і першая пара абутку, якую я набыла ў Варшаве пасьля калёніі — гэта кеды.
— І адразу пасьля юрыдычнага каледжу Вы трапілі ў тады ўжо легендарную «Вясну»?
— Спачатку я была ў Камітэце рэпрэсаваных «Салідарнасьць», а потым была сьмешная гісторыя, як мяне пераманілі ў «Вясну». Валянцін Стэфановіч неяк сказаў, што яны шукаюць у «Вясну» юрыстку ў прыёмную, можа, магу каго парэкамэндаваць. Я адказала, што пашукаю. Потым сышла з Камітэту і сама ім напісала: «Ці знайшлі вы юрыстку?» Валянцін адказаў: «Наста, ты так нам падабаесься, але Алесь Бяляцкі забараніў пераманьваць з канкуруючых арганізацый». Я адказала, што я ўжо свабодная. Усё так склалася, што 8 сваіх лепшых гадоў у праваабароне я прысьвяціла «Вясьне». Яна мяне шмат чаму навучыла, і я старалася шмат чаго ўкласьці ў «Вясну». Спадзяюся, што гэта было ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва — з улікам таго, што валянтэрская служба «Вясны»дагэтуль існуе і шмат чаго добрага, думаю, я ўнесла.
«Траўматычная эміграцыя»
— Пасьля «Вясны» была праца ў «Human Constanta», якая абараняе правы іншаземцаў. Вы праваабаронца са стажам, чалавек далёка не наіўны. Але Вы даседзелі ў Беларусі да лістапада 2022 года — калі ўжо «зачысьцілі» увесь трэці сэктар, незалежныя СМІ, праваабарончыя арганізацыі. Вы не маглі ня ведаць пра небясьпеку, Вас папярэджвалі, былі трывожныя «званочкі» — адміністрацыйныя арышты. Чаму ня зьехалі раней?
— Я спрабавала ўзважыць усе рызыкі. Па-першае, у мяне была свая стратэгія ў 2020 годзе: я не ўдзельнічала ні ў якіх акцыях, ня ставіла ніякія подпісы, працягвала быць абсалютна апалітычнай. Мне падавалася, што гэта стварае нейкую бясьпеку, мінімалізуе рызыкі. Да таго ж, нас, праваабаронцаў, курыравалі супрацоўнікі КДБ. А частка супрацоўнікаў КДБ звольнілася, і быў даволі вялікі пляст актывістаў, да якіх яшчэ не прыйшлі. Мне падавалася, што частка інфармацыі папросту зьнікла, а паколькі асноўныя рэпрэсіўныя функцыі перайшлі да ГУБАЗіКу, атрымалася, што мы апынуліся ў такой «шэрай зоне».
Але базавыя рэчы бясьпекі для мяне працавалі. Я паставіла мабільнік на авіярэжым. Мяне чамусьці не маглі знайсьці, хаця здымала кватэру на сваё імя і асабліва не хавалася. Мяне затрымалі толькі 13 жніўня 2021 года: я стала падазронай па справе праваабарончага цэнтру «Вясна». Трое сутак правяла на Акрэсьціна, і мяне адпусьцілі, але з забаронай на выезд. Два разы мне дазволілі выяжджаць: нібыта крымінальная справа ёсьць, але я спакойна выяжджала і вярталася.
Было некалькі важных рэчаў, якія мяне трымалі. Па-першае, я разумела, наколькі траўматычная эміграцыя, бо шмат гадоў абараняла правы замежных грамадзянаў у «Human Constаnta». І гэтую траўму я хацела адтэрмінаваць максымальна.
Па-другое, на той момант затрымалі шмат маіх сяброў, я хацела падтрымліваць іх родных. Кансультавала, дапамагала зь перадачамі. Мне не хацелася іх кідаць. Хацела пабыць у Беларусі як мага даўжэй. Далей падзеі разгортваліся так: 6 верасьня 2022 года я іду на прысуд на Марфы Рабковай і мяне затрымлівае ГУБАЗіК. Мне даюць 30 сутак адміністрацыйнага арышту.
«Я як той калабок: і ад бабулі сышла, і ад дзядулі сышла»
— Аднак пасьля той адседкі ў 30 сутак Вас нечакана адпусьцілі. Але гэта ўжо 2022 год, калі бальшыня актывістаў альбо за кратамі, альбо эмігравала. Няўжо не было трывогі?
— 6 кастрычніка 2022 года выходжу з Акрэсьціна і не магу паверыць, што я на свабодзе. Больш за тое: даяжджаю дадому, а ў паштовай скрыні ліст з Цэнтральнага апарату Сьледчага камітэту: крымінальная справа спыненая, забарона на выезд скасаваная. Я як той калабок: і ад бабулі сышла, і ад дзядулі сышла, ні ў каго да мяне прэтэнзій няма. Гэта мяне крыху разьняволіла, і дарма. Але я пачала плянаваць ад’езд на лістапад 2022 года. 28 кастрычніка мяне затрымалі. Крыху не пасьпела.
— Спачатку Вам інкрымінавалі «народны» 342 артыкул, але ён рассыпаўся, бо Вы ня бралі ўдзелу ў пратэстах. І замянілі на частку 3 артыкула 130 — распальваньне варожасьці ў дачыненьні да супрацоўнікаў суду і ГУБАЗіКу. Судовы працэс быў закрыты, прысуд — 7,5 гадоў пазбаўленьня волі. Што давала сілы трымацца?
— Я знаходзіла ў месцах зьняволеньня для сябе нейкія сэнсы: спрабавала дапамагаць людзям да апошняга. Камусьці штосьці раіла, давала юрыдычныя парады, праводзіла трэнінгі, псыхатэрапію: патрымаць за ручку, абняць, суцешыць…
Самае цяжкае выпрабаваньне для мяне — гэта паўгода ў поўнай ізаляцыі ў ПКТ. Я зразумела, што цалкам залежу ад людзей: падтрымка давала сэнс майго пэрсанальнага зьняволеньня. Так атрымалася, што сэнс зьнікае. А як ратаваць сябе? Я не была гатовая да ПКТ. І ад шоку, ад стрэсу тры тыдні ў мяне зусім не расьлі пазногці. То бок, арганізм узяў паўзу і ўключыў рэжым самаберажлівасьці: фізіялягічна маё цела вось так адрэагавала.
Але нават калі я была ў супэрглухой ізаляцыі ў ПКТ, я адчувала на нейкім усясьветным, касьмічным узроўні вялізную хвалю салідарнасьці.
«Зьняволеньне — гэта падарожжа»
— Праваабаронца апынулася за кратамі. Што Вы там убачылі невядомае, новае для сябе?
— Сваё знаходжаньне за кратамі я прынцыпова не называю рэпрэсіўным пэрыядам, а выключна ўспрымаю як досьвед, як падарожжа, як маніторынг пэнітэнцыярнай сыстэмы. Я спрабую назіраць, што там адбываецца. І, канечне, я зрабіла шмат новых высноваў.
Напрыклад, я ня ведала праблемы з кваліфікацыяй гвалтоўных злачынстваў. Шмат людзей сядзяць за адны і тыя ж дзеяньні з рознай кваліфікацыяй. Жанчына сп’яну выпадкова зачапіла іншага чалавека, а гэта кваліфікавалі, як замах на забойства: нож яна не сама паклала, а яго дасталі з рук. Маўляў, хацела забіць. І 6,5 гадоў атрымала.
Другая праблема — холад бэтону. Яшчэ з савецкага часу ў месцах несвабоды паўсюль бэтон — у РАУС, СІЗА, нават у судах. Я летам езьдзіла ў суд зь цёплай байкай, таму што немагчыма было сядзець у «адстойніках» на бэтоннай лаве, яна вельмі халодная. Гэта шкодна для здароўя, а людзі гадзінамі там сядзяць. Зрабіць драўлянае пакрыцьцё — гэта ж ня так дорага.
Мяне вельмі непакоіць пытаньне ШІЗА, бо гэта ня проста бесчалавечнае абыходжаньне, гэта замацавана на заканадаўчым узроўні. Плюс няма абмежаваньняў, хто туды можа патрапіць. Там былі людзі пасьля 70 гадоў, з тэмпэратурай, кормячыя мамачкі, людзі зь ВІЧ, якія могуць памерці ад любога скразьняка. Да таго ж, павялічылі тэрмін знаходжаньня ў ШІЗА да 15 сутак.
Вялікая праблема, якая мяне непакоіць — гэта людзі з залежнасьцямі. У мяне склалася ўражаньне, што самая неабароненая група ў Беларусі — людзі з алькагольнай залежнасьцю. Яны «езьдзяць» па коле: 15 сутак, ЛПП, потым калёнія і 174 артыкул Крымінальнага кодэксу нібыта за нясплату алімэнтаў. Ад гэтага пакутуюць найперш дзеці.
Адна з профільных тэмаў, якую я хачу працягваць — гэта турэмная рэформа. У мяне ёсьць шмат ідэй, мяркую падключыць да гэтай працы моцных інтэлектуалаў, якія самі прайшлі турэмны досьвед, каб мы гэта зрабілі на карысьць нашых суайчыньнікаў, якія ўсё яшчэ знаходзяцца за кратамі.
«Я бачу кропкі росту, як унутры сыстэмы ўсё мяняецца»
— Наста, але Вы прайшлі праз гэтую турэмную сыстэму, некалькі тэрмінаў па 15 сутак адбылі на Акрэсьціна, былі на Валадарцы, у жаночай калёніі, ведаеце ўсё знутры. Вы верыце, што гэтую сыстэму можна зьмяніць?
— Я бачу кропкі росту, як унутры сыстэмы ўсё мяняецца. Нават стаўленьне да нас у калёніі: адно было, як «заехала» Тоня Канавалава, іншае, як Марфа Рабкова, і я бачыла стаўленьне да нас, калі мы вызваляліся — гэта зусім розныя варыянты стасункаў, яны станавіліся іншымі і больш адэкватнымі. Ад нейкіх незразумелых падставаў яны дайшлі да ўзроўню інтэлектуальных гульняў, калі да Машы Калесьнікавай у атрад «падкідвалі» людзей. Мы называлі гэта «камандзіроўка ў 18 атрад на 2 тыдні». Гэта, прынамсі, цікава і разнастайна было. І я веру, што нейкія кропкі росту магчымыя. Як магчыма ГУБАЗіКу не затрымліваць і не зьбіваць людзей. Я веру, што яны могуць перастаць гэта рабіць — перайсьці на папярэджаньні, прэвэнтыўныя размовы. Рэпрэсіўная машына пэўныя абароты набрала, але я веру, што яна можа спыніцца.
Я вельмі хачу штосьці спрабаваць зьмяняць у Беларусі, каб канфліктнасьць спынілася, і мы разам пачалі думаць, як гэта пераадолець. Нават калі я буду за мяжой. Калі я ім замінала там, я буду тут.
— Наста, але вернемся ў калёнію. Пры Вас было некалькі хваляў памілаваньняў. І лёгіку — каго канкрэтна за што памілавалі, знайсьці цяжка. Не было крыўдна, што камусьці з палітычных пашанцавала, а астатнім — не?
— Былі людзі, якім вельмі цяжка ў калёніі, і яны жылі адной думкай: хоць бы хутчэй выйсьці. Я ад гэтай думкі максымальна адыходзіла. У мяне была моцная падтрымка, шмат сяброў у калёніі. Я для сябе вырашыла, што гэта таксама кавалак жыцьця, я хачу пражыць яго яскрава і цікава. Я працягвала назіраць за людзьмі, падтрымліваць іх. І калі хтосьці выходзіў, я за кожную была вельмі рада, выходзіць яна па сканчэньні тэрміну ці па памілаваньні. Гэта было проста шчасьце для мяне, грэла і трымала некалькі тыдняў! Некаторыя перажывалі: «Чаму ня я»? А я была шчасьлівая. Нават казала адміністрацыі: «Ну калі ўжо наступныя вызваленьні? Мне не хапае эндарфінаў, вызваляйце каго-небудзь хутчэй!»
Калі я выйшла 23 студзеня 2026 года з ПКТ, я трошкі ведала пра вызваленых у сьнежні. Атрымала ліст ад маці, яна пісала, што вызвалілі 123 чалавекі, у тым ліку Машу Калесьнікаву. Супрацоўнік мне яшчэ адно прозьвішча назваў. Я думала, што толькі дваіх жанчын вызвалілі. Аказалася, што 32!
Мне пачалі распавядаць пра начныя вывазы. Усе былі вельмі натхнёныя: «Хутка нас усіх вызваляць!» Але я разумела, што выйшла толькі адна восьмая частка. А нас каля 130, і наўрад ці гэта будзе адзін заход. Я была гатовая, што мне давядзецца яшчэ чакаць, тым больш, у калёніі заставалася шмат людзей, якія сядзяць з 2020 — 21 года. Для мяне было больш справядліва, каб спачатку вызвалілі іх — няважна, дзе яны апынуцца — у Беларусі ці за мяжой, абы на волі. Нават калі я сядзела ў ПКТ і гадзіньнік паказваў 13.13, я загадвала два жаданьні: каб хутчэй скончылася вайна, і каб хутчэй усе апынуліся на свабодзе.
«Я пазнаёміла Марфу з будучым мужам, яна пазнаёміла мяне з маім будучым сабакам»
— У Вас вельмі цёплыя адносіны з маладой праваабаронцай, асуджанай на 14 гадоў і 9 месяцаў Марфай Рабковай. Як яна зьявілася ў «Вясьне»?
— Мы знаёмыя з Марфай шмат гадоў. Яшчэ ў 2016-м яна была затрымана па сваёй крымінальнай справе на 3 сутак, калі выйшла, я яе кансультавала. А потым я пазнаёміла Марфу з будучым мужам, а яна пазнаёміла мяне з маім будучым сабакам Эрыкам. Такі ў нас атрымаўся абмен. А калі я заехала ў калёнію, яна ўжо паўгоду там была. Мы працавалі на фабрыцы ў адной зьмене. Пэрыядычна абменьваліся «малявамі» — а гэта было забаронена ў калёніі. Вельмі пашанцавала, што нас вызвалялі разам.
Да таго ж, мы зь ёй нарадзіліся ў адзін дзень — 6 студзеня (з розьніцай у 6 гадоў, яна маладзейшая). І першы наш сумесны Дзень народзінаў у 2024 годзе выглядаў так. Мой атрад прыходзіў крыху раней на фабрыку. Наш «жоўты гурток» быў тады даволі вялікі. Я кажу: «Сёньня ў Марфы народзіны, павіншуйце яе, а я зьбягаю на працу». Прыходзіць Марфа, яе ўсе віншуюць. Яна кажа: «Дык і ў Насты сёньня Дзень народзінаў». А Каця Бахвалава нават падумала, што Ўсясьветны дзень правоў чалавека не 10 сьнежня, а 6 студзеня — на наш Дзень народзінаў.
— А як адбылося Ваша вызваленьне? Ці было ў Вас нейкае прадчуваньне?
— Само вызваленьне было нечаканае. Мабыць, ПКТ — гэта быў разьвітальны тур перад маім вызваленьнем. Намёкі зьявіліся, бо мы дакладна ведалі, што перамовы з амэрыканскім бокам былі прызначаны на 19 сакавіка.
17 сакавіка я размаўляла з адной палітзьняволенай, мы ішлі пасьля працы, яна мне кажа: «Ты ж была ў ПКТ, ня ведаеш, як адбываецца вызваленьне. Таму мы чакаем заўтра, што будзе штосьці адбывацца». Я адказала: «Супэр, чакайце».
Марфа Рабкова (справа), Наста Лойка, Валянцін Стэфановіч пасьля вызваленьня разам з літоўскай дыпляматкай Астай Андрыяўскене. Фота зробленае неўзабаве пасьля вывазу праваабаронцаў у Літву
Ідзем далей, мяне чакае апэратыўны супрацоўнік: «Стой тут, пад штабам». Заходжу ўнутр, атрымалася дзіўная размова: «Заўтра вас выклічуць зноў». Праз пару гадзін я іду на вячэру, і мне «зьлілі» інфармацыю: мяне і Марфу заўтра здымаюць з працы на фабрыцы. А фабрыка — гэта сьвятое.
На заўтра я дайшла да фабрыкі. Нас даглядаюць, мацаюць, тут зьяўляецца супрацоўнік у цывільным (ён нават не пасьпеў пераапрануцца ў форму) і кажа: «Пайшлі за рэчамі», потым у карантыннае аддзяленьне. Туды прывялі і Марфу. Але нам ніхто не сказаў: «Вас памілавалі, вас вывозяць, вас вызваляюць». Мы ня ведалі, куды нас павязуць, не падпісвалі ніякіх папер. Калі нас ужо павезьлі, супрацоўнік «Альфы» (спэцпадразьдзяленьне КДБ — РС) даў падпісаць паперу на сухі паёк у дарогу. Там было напісана: «Месца прызначэньня — СІЗА КДБ». Марфа пачала енчыць: «Я не хачу да Каці» (а мы ведалі, што Каця Бахвалава знаходзіцца ў СІЗА КДБ).
Калі мы ўехалі ў Менск, замест таго, каб ехаць па Партызанскім праспэкце, збочылі на кальцавую. Марфа пытаецца: «А дзе зьезд на Калядзічы? Я не хачу ў Калядзічы!». Зьезд каля Лошыцы, мы зьяжджаем з кальцавой і нас вязуць у Калядзічы.
— Ці бачылі вы нейкія паперы, дакумэнты — на падставе якіх вас вызвалілі?
— Нас вызвалілі без адзінай паперкі, акрамя «пасьведчаньняў асобы» на аркушы А4. Іх аддалі амэрыканцам, а яны ўжо на мяжы нам. Мне гэта паперка дарагая, таму што ў калёніі я рабіла новы пашпарт, мяне фатаграфавалі ў калёніі. Новы пашпарт мне так і не аддалі, а на даведцы той здымак. На літоўскай мяжы нам аформілі візы на 2 тыдні, яны ўжо ня дзейнічаюць, але я трымаю сваю, як памяць.
Даведка, якую Наста Лойка атрымала падчас вызваленьня і выдварэньня зь Беларусі
Літоўская віза на аркушы паперы замест пашпарту
Мы з навінаў ведаем, што нас памілавалі, але ўказу ня бачылі, папер не падпісвалі. «Памілоўку» я пісала, але не па ўсёй працэдуры. Фармальна, магчыма, у мяне «вісіць» яшчэ 3 гады зьняволеньня, і калі я патраплю ў Беларусь, я мушу іх яшчэ адбываць. Я да канца не разумею свайго статусу.
Мне больш за ўсё не падабаецца, што ў нас няма права выбару: застаемся мы ці зьяжджаем, хочам мы «памілоўку» ці гатовыя яшчэ пачакаць і даседзець тэрмін. Я люблю, каб усё было па працэдуры.
А мы як былі ў нейкай «шэрай» прававой зоне, так там і застаемся.
Праз пару тыдняў пасьля вызваленьня маёй маці патэлефанаваў супрацоўнік Першамайскага РУУС і спытаўся, ці ведае яна, дзе я. Маці сказала, што ведае. А ён нібыта не разумеў, дзе я і ў якім статусе.
«Эміграцыя — гэта выклік, зь якім мы мусім спраўляцца»
— Вы ведалі Вы, куды Вас павезьлі з Калядзічаў? Ці былі мяшкі ці шапкі на галовах?
— Не, мы ехалі з адкрытымі тварамі, размаўлялі ў мікрааўтобусе з Кацяй Бахвалавай, з хлопцамі. Пастаялі пару гадзін у лесе каля мяжы, кагосьці чакалі. Пад’ехалі амэрыканцы, сказалі, што мы вольныя.
Алесь Бяляцкі быў першым чалавекам, зь якім я размаўляла яшчэ зь мяжы. Супрацоўніца Міністэрства замежных спраў Літвы набрала яго і дала слухаўку Валянціну Стэфановічу, а мы з Марфай кажам: «І мы хочам пагаварыць!»
Была стомленасьць, сюррэалістычнасьць, да канца яшчэ ня верылася, што мы на волі. І толькі калі ў Вільні зьявілася магчымасьць кагосьці абняць, паразмаўляць, мы паверылі, што гэта рэальнасьць, а ня сон. А потым мне вельмі не хацелася пакідаць Вільню, Марфу Рабкову.
Наста з групай вызваленых і вывезеных за мяжу палітвязьняў
У Варшаве я сустрэлася з сябрамі. Пачалося свабоднае жыцьцё. Варшава ўвесну вельмі прыгожая, аказалася, што бальшыня маіх сяброў менавіта тут. Асноўнае, што я рабіла ў гэты месяц — камунікавала зь людзьмі: сустракалася, абтэлефаноўвала, пісала сябрам. Я прыходжу ў клініку — мяне пазнаюць, у кавярні адміністратарка пазнае, прыходжу ў тэатар — да мяне падыходзяць людзі, вітаюць на волі.
— За месяц Вы ўжо крыху агледзеліся: як ацэньваеце сытуацыю тут, у эміграцыі, якую Вы вельмі доўга адцягвалі — да самага затрыманьня?
— Я сустракаю людзей тут, і многія напужаныя, ёсьць недавер, што шмат вэрбовак, незразумелых рэчаў, многія ў дэпрэсіі. Але я заўважыла такую тэндэнцыю: тыя, хто хацеў, скарысталі гэта як магчымасьць, нанова пачалі жыць, займацца тым, што раней не маглі сабе дазволіць. І гэта зусім іншыя шчасьлівыя людзі. А людзі, якім было цяжка ў Беларусі, цяжка і тут.
Эміграцыя — гэта выклік, зь якім мы мусім спраўляцца. І вельмі важна, каб была сацыяльная падтрымка. У мяне яна ёсьць. Я трошкі ведаю польскую мову, побач шмат людзей, зь якімі я працую разам, сябрую. Я дакладна ведаю, чаго я хачу і што я магу рабіць. Але ўяўляю, колькі людзей ня маюць такога прывілею, колькім людзям патрэбна абарона, падтрымка. Гэта траўма, вельмі радыкальная зьмена асяродку. Ня ўсім гэта проста даецца. Таму я хачу аднаўляць валянтэрскія рухі.
— Ці сустрэліся Вы з самым дарагім чалавекам — мамай?
— Маму я бачыла, яна прыяжджала ў Варшаву і правяла са мной 4 дні. Мама, канечне, гераічна прайшла гэты шлях. Ёй 78 гадоў, яна кожныя 3 месяцы прыяжджала зь перадачамі ў Гомель, часта пісала мне лісты. Хоць мы вельмі розныя, у нас вялікая розьніца ва ўзросьце, за гэты час зь ёй вельмі зблізіліся, і я ўдзячная ёй за падтрымку. Нікога з больш блізкіх у мяне няма. І ў мяне ёсьць місія — яе падтрымліваць.
«Сяброўка аднавіла сусьветны балянс»
— Наста, Вы такая крохкая, мініятурная, вытанчаная, а ў Вас такі сур’ёзны сабака — аўчарка Эрык. Распавядзіце пра ягоны лёс.
— У мяне ў 2016-м быў вельмі цяжкі пэрыяд, я езьдзіла валянтэрыць у сабачыя прытулкі і вырашыла ўзяць сабе сабаку. Марфа Рабкова яшчэ больш валянтэрыла, і я папрасіла яе падабраць мне вялікага, аўчарападобнага. Марфа па апісаньнях падабрала аўчарку Эрыка. А ён баяўся людзей, не адразу мяне прыняў.
Спачатку было вельмі складана — сумяшчаць працу з кіналягічнымі заняткамі, я чытала кнігі пра дрэсіроўку і псыхалёгію сабак. Ён тады быў дарослы — 1 год і 4 месяцы. Мне давялося зьехаць ад маці. Цягам 5 гадоў я старалася забясьпечыць яму цікавае жыцьцё. Калі мяне затрымалі, я вельмі па ім сумавала. Аднойчы ўначы на Валадарцы я плакала і напісала ліст з просьбай, каб яго вывезьлі, і мне было б спакайней.
Знайшліся добрыя людзі, маладога чалавека я ведала раней, мы працавалі разам, яго дзяўчыну зусім не. Яны забясьпечылі Эрыку настолькі цудоўнае жыцьцё ў невялікім гарадку Чэхіі! Там лясы, вадаёмы, Эрык ходзіць у горы. Я нават ня стала прасіць прывезьці яго ў Варшаву, бо сабаку 10 гадоў, гэта для яго стрэс. Дамовіліся, што як толькі атрымаю дакумэнты, прыеду, і мы будзем вырашаць, што далей рабіць.
Яшчэ супала: мая сяброўка, у якой я жыву ў Варшаве, за тыдзень да майго вызваленьня выратавала сабаку, які 13 гадоў пражыў у клетцы. Новая «мама» Эрыка сказала, што сяброўка аднавіла сусьветны балянс: забрала сабачку з прытулку, і таму мяне вызвалілі. Мне вельмі падабаецца гэта вэрсія! Мы зь ім гуляем кожную раніцу. Так што заклікаю ўсіх браць сабак з прытулку.
Мая сяброўка зладзіла онлайн званок, але сабака, на жаль, не рэагуе на голас, выяву, яму трэба пах і дотык. Мне паказалі ўмовы, у якіх жыве Эрык: ягоная ляжанка значна больш за мае нары. Я вельмі радуюся за Эрыка.
— А што за гісторыя з кароўкамі — Вы напісалі пра гэта ў так званай «базавай інфармацыі для СМІ пра сваю публічную пазыцыю»?
— Я вэганка. І нават у СІЗА мне ўдавалася вэганіць, бо было шмат перадач і пасылак. Але ў калёніі больш жорсткі распарадак дня, і мне давялося есьці зранку малочныя кашы. Мяне гэта вельмі непакоіла з этычнага пункту гледжаньня. Але я для сябе прыдумала апраўданьне: калі вызвалюся, буду валянтэрыць з кароўкамі. У Польшчы я знайшла вельмі добрую арганізацыю, у бліжэйшы час паеду даглядаць старых каровак, якіх уратавалі ад скатабойні. Хачу вывучыць розныя практыкі, каб потым укараняць іх у Беларусі. Думаю, гэта будзе добры досьвед.