«Белавія» скасавала палёты на віетнамскі курорт яшчэ да старту праграмы

На вуліцах Віетнаму

Авіякампанія піша пра «арганізацыйныя прычыны».

У траўні мелі пачацца чартэрныя рэйсы зь Менску ў віетнамскі Дананг. Пра іх скасаваньне паведаміў «АэраБелСэрвіс», піша Рэспубліканскі саюз турыстычных арганізацый.

Усе рэйсы скасаваныя «ў сувязі з арганізацыйнымі прычынамі». Як паведаміла турфірма у рассылцы турыстычным агентам, усе заяўкі, забраняваныя на Дананг, будуць ануляваныя «без штрафных санкцый».

«АэраБелСэрвіс» прапанаваў перакіраваць турыстаў на іншыя напрамкі з простым пералётам зь Менску. Гэта можа быць Нячанг ў Віетнаме, кітайскі Хайнань або Пхукет ці Патая ў Тайляндзе.

Акрамя таго, магчымая замена непасрэднага пералёту ў Дананг на палётную праграму Менск — Нячанг з далучаным унутраным пералётам да Данангу.

Палётная праграма для турыстаў Менск — Дананг — Менск мелася стартаваць з 10 траўня. Гаворка ішла пра туры на 10-11 начэй. Праграма магла стаць для «Белавія» ўжо трэцяй, што яна выконвае ў Віетнам. Цяпер беларусам даступны простыя пералёты на Фукуок і ў Нячанг. Праўда, на Фукуок яна скончыцца да 30 красавіка, затое праграма ў Нячанг толькі стартавала 20 красавіка.

Беларусы могуць ляцець у Віетнам бязь візы, калі тэрмін знаходжаньня ў краіне не перавышае 30 дзён з даты ўезду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Рэгулярных рэйсаў «Белавія» ў Эміраты ня будзе прынамсі да 20 траўня


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Белавія аднаўляе палёты ў Ізраіль