Як валянтэры падслухоўвалі пад дзьвярыма судовых заляў, а судзьдзя абараняла праваабаронцу ад прэс-сакратаркі МУС, як пагаршаўся зрок ад дакумэнтаваньня і як людзі далучаліся да арганізацыі, калі пасадзілі «вясноўцаў» — расказваем пра апошнія шэсьць гадоў працы «Вясны» і сакрэт ейнага посьпеху, які быў нягледзячы на затрыманьне ключавых асобаў і маштабны перасьлед.
Сёлета праваабарончы цэнтар «Вясна» адзначае 30 гадоў сваёй дзейнасьці. Расказваем, як ён працаваў апошнія шэсьць гадоў.
У 2020 годзе «Вясна» назірала за выбарамі, а калі рэпрэсіі набылі небывалы маштаб, стала дакумэнтаваць катаваньні людзей і парушэньні закону прадстаўнікамі ўлады ў Беларусі. «Вясноўцы» дапамагалі затрыманым перадачамі, іх сваякам — кансультацыямі, назіралі й фіксавалі судовыя працэсы ў палітычных справах. Яны спрычыніліся да міжнароднага сьледзтва ў справе катаваньняў, якія маглі чыніць беларускія службоўцы.
Хроніка «Вясны» 2020–2026 гадоў:
- Вясна — лета 2020 году — назіраньне за выбарчай прэзыдэнцкай кампаніяй.
- Ад лета 2020 — маштабнае дакумэнтаваньне катаваньняў і рэпрэсіяў.
- 17 верасьня 2020 году — затрымалі каардынатарку валянтэрскай службы «Вясны» Марфу Рабкову. Прысуд — амаль 15 гадоў калёніі.
- 2 кастрычніка 2020 году — затрымалі валянтэра «Вясны» Андрэя Чапюка. Прысуд — 5 гадоў і 9 месяцаў калёніі.
- 18 студзеня 2021 году — затрымалі праваабаронцу з Гомля Леаніда Судаленку, асудзілі на тры гады калёніі.
- 21 студзеня 2021 году — затрымалі праваабаронцу «Вясны» з Рэчыцы Тацяну Ласіцу, асудзілі на 2,5 году калёніі.
- 16 лютага 2021 году — ператрусы ў офісе «Вясны» у Менску і ў некаторых «вясноўцаў» дома, прычына — «фінансаваньне пратэстаў».
- 14–16 ліпеня 2021 году — затрымалі старшыню «Вясны» Алеся Бяляцкага, сябра Рады Валянціна Стэфановіча і юрыста Ўладзя Лабковіча. Пазьней іх асудзяць на 10, 9 і 7 гадоў калёніі адпаведна.
- 7 кастрычніка 2022 году — Алесь Бяляцкі стаў ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру разам з украінскім «Цэнтрам грамадзянскіх свабодаў» і расейскай праваабарончай арганізацыяй «Мэмарыял».
- 6 сьнежня 2022 году — затрымалі журналістку з Гомля Ларысу Шчыракову, якая сярод іншага нібыта перадавала інфармацыю «Вясьне». Яе асудзілі на 3,5 году калёніі.
- 23 жніўня 2023 году — улады Беларусі прызналі «Вясну» «экстрэмісцкім фармаваньнем».
- 12 сакавіка 2024 году — затрымалі жыхара Берасьця Віталя Чопіка, які назіраў за палітычнымі судамі. Яго асудзілі на 7 гадоў калёніі, Чопік дагэтуль застаецца ў зьняволеньні.
- 13 сьнежня 2025 году — дзякуючы намаганьням амэрыканскага боку вызвалілі Алеся Бяляцкага і Ўладзя Лабковіча і вывезьлі іх за межы Беларусі.
- 19 сакавіка 2026 году — вызваленьне Валянціна Стэфановіча і Марфы Рабковай і вываз іх за мяжу.
База палітвязьняў
«Зрабіць чалавека бачным і гучным»
Праваабарончы цэнтар «Вясна» вядзе сьпіс палітвязьняў — цяперашніх і былых, а таксама тых, хто прайшоў праз адміністрацыйныя палітычныя суды. Такія падрабязныя, разгорнутыя базы вядуць не ўва ўсіх краінах, дзе ёсьць палітычныя зьняволеныя.
«З пачатку прэзыдэнцкай кампаніі — 2020 палітвязьнямі былі прызнаныя 4594 чалавекі», — гаворыцца на старонцы «Вясны».
Яшчэ ў траўні 2020 году такога падрабязнага сьпісу ў Беларусі не было, але і палітвязьняў яшчэ можна было пералічыць на пальцах.
«Тады ў нас нават не было паўнавартаснай базы палітвязьняў — проста адна старонка на сайце, дзе мы ўручную пісалі імёны з гісторыямі і самі выразалі фатаздымкі і ўстаўлялі іх у сіненькі кружочак», — успамінае журналістка і праваабаронца «Вясны» Дзіяна Пінчук.
Дзіяна Пінчук
Цяпер гэты сьпіс — пра тысячы лёсаў рэпрэсаваных. У многіх профілях зьмешчаныя фота чалавека, зьвесткі пра яго і ягоны перасьлед, пра затрыманьне, суд, навіны з месцаў зьняволеньня. Базу рэгулярна абнаўляюць.
«Абсалютная большасьць людзей там ня проста адзінкі ў сьпісе рэпрэсаваных. Можна насамрэч пабачыць чалавека і пачытаць нешта пра яго — сабраныя партрэты, біяграфічныя зьвесткі, падборкі артыкулаў. Прычым SEO-спэцыялісты неяк так змаглі наладзіць, што пры пошукавым запыце імені чалавека ў гугле яго профіль на „Вясьне“ часта зьяўляецца на першым месцы», — адзначыў былы палітвязень Ягор Марціновіч у сваім допісе на Facebook.
Ён параўноўвае сьпісы беларускіх праваабаронцаў з вэнэсуэльскімі і заўважае, што там увогуле няма пайменнага сьпісу, а толькі гісторыі асобных палітвязьняў. «Каго, калі, за што пасадзілі, каго адпусьцілі — аніхто ня ведае і не даведаецца», — дадае Марціновіч.
«Гэта тытанічная праца. Яна патрабуе вельмі шмат высілкаў і абсалютнай уключанасьці. Яе папаўняюць людзі, якія ведаюць штосьці пра зьняволеных з публічнай інфармацыі, таксама розныя людзі, якія чытаюць (сайт „Вясны“), могуць ведаць палітвязьняў і скарэктаваць інфармацыю, якая ў нас ёсьць. Часам я зьдзіўляюся той колькасьці прозьвішчаў і той інфармацыі, якую я ведаю пра гэтых людзей», — кажа праваабаронца і журналістка «Вясны» Яна Галаган.
Яна Галаган
Зь ейных словаў, абнаўляюць базу «Вясны» некалькі чалавек.
«Мы па крупінках зьбіраем інфармацыю, якую рэжым цяпер старанна хавае. Дзесьці ў 2021 годзе да нас прыйшло разуменьне: мы ня проста складаем актуальны сьпіс палітзьняволеных. Мы ствараем архіў пацярпелых ад рэпрэсіяў. Гэта праца на будучыню — каб ніводнае імя не было забытае ці сьцёртае з гісторыі. Пакуль недасяжная юрыдычная рэабілітацыя гэтых людзей, мы займаемся іх інфармацыйнай рэабілітацыяй — вяртаем ім імёны і годнасьць праз публічнасьць», — адзначае Дзіяна Пінчук.
Яна Галаган мяркуе, што большасьць людзей бачаць у сьпісе палітвязьняў хутчэй лічбу, асабліва калі ня ведаюць іх асабіста.
«Але для праваабаронцаў тут кожны — асобны лёс, за якім стаіць яшчэ куча людзей: сям’я, блізкія, знаёмыя. Сабраць карэктную інфармацыю пра чалавека, зрабіць яго бачным, гучным, зафіксаваць ягоны стан, цікавіцца, ведаць, абнаўляць інфармацыю пра яго, удакладняць стан яго здароўя — мне здаецца, важнасьць гэтай працы разумеюць толькі самі палітвязьні і сваякі людзей, якія цяпер у закладніках», — гаворыць суразмоўца.
Яна заўважае, што атрымаць інфармацыю ад родных палітвязьняў бывае складана, бо тыя перажываюць за бясьпеку сваіх блізкіх. Ёсьць зьвесткі, якія паведамляюць праваабаронцам толькі для ўнутранага карыстаньня. Паводле Дзіяны Пінчук, шмат інфармацыі ім перадаюць былыя палітвязьні, калі аказваюцца ў бясьпецы.
«Цяпер людзі больш запужаныя. Яны больш рупяцца, каб якая-хаця інфармацыя нікуды не выходзіла. Усе рашэньні (публікаваць зьвесткі ці не. — РС) прымаюцца пасьля доўгага аналізу сытуацыі, кантэксту і абставінаў. Мы часта абмяркоўваем гэтыя пытаньні з былымі палітвязьнямі і часта прыходзім да высновы, што публікаваць вельмі важна, бо маўчаньне разьвязвае рукі сілавікам, дае ім дазвол рабіць усё, што заўгодна», — кажа суразмоўца.
Кажуць, што за любую згадку пра палітвязьняў у мэдыя іх за кратамі караюць, звычайна штрафным ізалятарам. Аднак Яна Галаган сьцьвярджае, што гэта не заўсёды так.
Юрыст «Вясны» Павал Сапелка патлумачыў, што арганізацыя імкнецца разьдзяляць рэальныя і ўяўныя небясьпекі для палітвязьняў. Паводле аналізу, той факт, што праваабаронцы назавуць кагосьці з асуджаных палітвязьнем, яму не нашкодзіць. «Вясна» таксама зрабілі выснову, што няважна, згадваюць палітзьняволенага ў публічнай прасторы ці не, бо ён можа атрымаць такое самае пакараньне за што-небудзь іншае.
«Мы прыйшлі да высновы, што ўлады самі добра ведаюць, хто палітзьняволены, і самі вызначаюць, які лёс яго чакае», — камэнтуе юрыст.
Павал Сапелка
Аднак праваабаронцы заўважылі, што калі публічна пісаць пра палітзьняволенага больш падрабязна, пра ўмовы ягонага ўтрыманьня, то яго могуць за гэта караць.
«Мы пісалі, калі бачылі, што гэта ўжо не пагоршыць становішча палітзьняволенага. Калі ішлося пра жыцьцё — ужо было не да таго, як будуць ацэньваць нашыя публікацыі. Але гэта складанае пытаньне. Каб прыняць рашэньне ў такім пытаньні, штораз трэба шмат маральных высілкаў», — тлумачыць палітыку арганізацыі Сапелка.
Назіраньні за судамі
«Падслухоўваць пад дзьвярыма»
«Там была сумятня. У першыя сэкунды пачаў зьбягаць судзьдзя. Пракурор, дастаткова малады хлопец, сумеўся і не разумеў, што рабіць. Спужалася сакратарка судзьдзі, бо не маглі знайсьці ключы ад клеткі. Шукалі супрацоўніка, які сышоў з ключамі. Здавалася, што ўсё цягнулася хвілін дзесяць, а насамрэч, пэўна, хвіліны дзьве. Я потым часта задавалася пытаньнем, ці думалі яны ў той момант, што яны ў гэтым вінаватыя».
Так успамінае суд над менчуком Сьцяпанам Латыпавым, на якім ён спрабаваў сябе забіць, праваабаронца Яна Галаган.
Сьцяпан Латыпаў пасьля спробы суіцыду ў залі суду
Яна Галаган расказвае, што назірала за судамі ў палітычных справах з восені 2020 году да лета 2021-га, пакуль ня зьехала зь Беларусі. Часам праводзіла ў судах па чатыры дні на тыдзень, з ранку да вечара. Рабіла гэта як валянтэрка, без заробку. На працэсах яна фіксавала парушэньні ўладамі заканадаўства, у тым ліку — ці білі падсуднага, у якіх умовах яго трымаюць.
Валянтэрка сачыла за сотнямі крымінальных і адміністрацыйных справаў. Асабліва шмат іх здаралася пасьля нядзельных маршаў. За дзень яна магла паслухаць 20-30 адміністрацыйных працэсаў. «Гэта канвэер», — сьцьвярджае яна.
«Быў дзень, калі судзьдзя за 15 хвілінаў разгледзела 13 адміністрацыйных справаў», — успамінае дзяўчына.
На працэсы над непублічнымі людзьмі спачатку лёгка было трапіць, згадвае Яна. Праваабаронцы фіксавалі лёс чалавека, які для сваякоў быў «зьніклым», бо яны ня ведалі пра ягонае затрыманьне.
«Чалавек мог паведаміць, што ў яго ў зачыненай кватэры засталіся жывёлы. Таму трэба было знайсьці знаёмых, якія маюць доступ у кватэру, каб выратаваць жывёліну», — расказвае суразмоўца.
Яна Галаган зьвяртае ўвагу, што сама прысутнасьць праваабаронцаў на працэсе падтрымлівала фігурантаў справы, асабліва калі не прыходзіў ніхто з блізкіх.
«Калі ты на судзе ў чалавека, у якога няма сваякоў, пра якога ніхто ня ведае, слухаеш, што заўтра яму трэба ехаць на абсьледаваньне, якога ён доўга чакаў, бо ў яго пацьверджаная анкалёгія, а суд выносіць рашэньне арыштаваць яго на 15 содняў, то разумееш, што для яго важна ведаць, што на судзе прысутны хоць нехта, што ён не адзін», — мяркуе Яна.
У судах Яна таксама кансультавала сваякоў падсудных, дзе браць інфармацыю, якія правы мае падсудны, як падаць скаргу, дзе ўзяць фармуляр.
Аднак ужо ў кастрычніку–лістападзе 2020 году суды пачалі прыхоўваць інфармацыю пра палітычныя справы.
«Мне было прасьцей арыентавацца ў Фрунзэнскім судзе Менску, я ведала, у якіх кабінэтах праходзяць слуханьні. І мне даводзілася хадзіць і падслухоўваць пад дзьвярыма, што адбываецца. Былі выпадкі, калі іншая судзьдзя праходзіла міма і пагражала: „Я ведаю, чаго ты тут стаіш. Я зараз выклічу ахову, і цябе тут затрымаюць“», — успамінае яна.
«Я ведаю, на каго вы працуеце»
Аднойчы судзьдзя стала на бок валянтэркі. Пачынаўся працэс над мужчынам, які нібыта абразіў Вольгу Чамаданаву, тагачасную прэс-сакратарку Міністэрства ўнутраных справаў. Падазраваны на суд не прыйшоў.
«Чамаданава пачала высьвятляць, хто я такая, чаму сюды прыйшла. Пачала мне пагражаць і крычаць, чаму чужыя ў залі, што трэба мяне выкідаць. Судзьдзя, якая выносіла палітычныя прысуды, так раззлавалася на яе, што стала мяне абараняць і сказала, што паводле закону я магу знаходзіцца ў гэтым памяшканьні. Я хвалявалася, што на выхадзе мяне штосьці чакае, але ўсё было спакойна», — успамінае суразмоўца.
Пераважна ў судах да яе ставіліся нэгатыўна: «Я ведаю, на каго вы працуеце», — успамінае Яна Галаган. Аднак дзяжурны міліцыянт у адным з судоў празь нейкі час перастаў яе запісваць у журнал наведнікаў, проста казаў: «Прывітаньне», — і прапускаў.
На час абеду з будынку суду выправаджвалі ўсіх назіральнікаў, але часам працэсы працягваліся нават у абед. Задачай ахоўніка было пракантраляваць, каб усе выйшлі. Задача «вясноўцаў» — адсачыць суд. Таму яны ў пачатку абеду хаваліся ў прыбіральнях або закутках калідораў, каб іх не выганялі, расказвае Яна.
«Аднойчы я выходжу на абед, і ахоўнік мяне спыняе: „Слухай, я не разумею, чаго ты сюды кожны дзень ходзіш“. Я кажу: „У сэнсе чаго? Вы ж ведаеце, што я назіраю за судамі. — „Я ўсё роўна не разумею. Ну навошта табе?“ Я кажу: „Хачу дамагчыся справядлівасьці, зафіксаваць хаця б, што чалавека асудзілі, бо яго могуць шукаць“. Ён кажа: „Я гэта разумею. Але я не разумею, навошта гэтым займаесься ты?“ Ён не разумеў, што ёсьць эмпатыя, вера ў чалавечнасьць, што хочацца дапамагчы людзям», — успамінае гутарку Яна.
Былі супрацоўнікі судоў, якія хацелі стварыць у праваабаронцаў уражаньне, нібыта яны зь імі заадно.
«Адзін судзьдзя мне асабіста ў перапынку паміж судамі казаў: „Вы ж не падумайце. Я ўжо палітычныя справы браць ня буду. Я вам асабіста абяцаю, што ўсё“. Я прыходжу праз тыдні два, гляджу расклад суду, а там зноў яго справа. Падыходжу, нагадваю: „Вы ж мне казалі“. Ён адказвае: „Я сёньня на дапрацоўку адпраўлю і справа больш ня вернецца“. З таго часу ён ня браў адміністрацыйных справаў, але актыўна разглядаў суды па пазовах „Мінсктрансу“ (супраць пратэстоўцаў, якія перакрывалі праезную частку. — РС)», — успамінае Яна Галаган.
Называцца сваякамі
На некаторыя паседжаньні, асабліва судоў над вядомымі людзьмі, ісьці было небясьпечна, мяркуе супрацоўніца «Вясны». Тады Яна брала з сабой у суд зубную шчотку і запасныя майткі на выпадак затрыманьня. Праваабаронца наведвала працэсы над Сьцяпанам Латыпавым, Міколам Дзядком, Дзьмітрыем Кубаравым.
«Калі ты прыходзіш на ўсе паседжаньні ў крымінальнай справе чалавека, ты пранікаеш у яго гісторыю. Праз 5-6 гадоў вельмі прыемна бачыць на волі людзей, якіх асудзілі тады на вялікія тэрміны. Гэта вітанкі зь мінулага жыцьця», — прызнаецца дзяўчына.
На працэсе над Міколам Дзядком усіх зачынілі ў судовай залі знутры, успамінае Яна. Там жа сядзелі і супрацоўнікі ГУБАЗіКу.
Мікола Дзядок на судзе, архіўнае фота
«Гэта было небясьпечна, бо ты не разумееш, як будуць разьвівацца падзеі. Было дастаткова страшна», — успамінае дзяўчына.
Пасьля суду над Сьцяпанам Латыпавым, на якім ён паспрабаваў забіць сябе, а фота і відэа гэтага трапілі ў сеціва, Яна Галаган адчувала небясьпеку. Пасьля суду пралукашэнкаўскія прапагандысцкія каналы патрабавалі затрымаць усіх, хто быў на судзе і мог зрабіць тыя здымкі.
«Прыходзілася хавацца па дварах да вечара і вяртацца дадому незвычайным шляхам, каб не натрапіць на міліцыянтаў. Я спрабавала супакоіцца. Мяне ўсе падтрымлівалі, разумелі, што я пабачыла. Здаецца, ужо на наступны дзень я прыйшла на іншы суд», — успамінае праваабаронца.
Яна кажа, што надалей хадзіла на працэсы, бо дапускала, што Сьцяпанава спроба суіцыду можа быць не апошняй у палітычных справах.
«Мы ня можам усё вырашыць. Мы ня можам усіх вызваліць адразу. Мы ня можам паўплываць, каб людзей не затрымлівалі. Мы можам рабіць столькі, колькі можам», — тлумачыць суразмоўца.
На думку Яны, калі не расказваць беларусам і міжнароднай супольнасьці пра рэпрэсіі, то іх стане ня менш, а наадварот. Валянтэрка перакананая, што дзякуючы ў тым ліку дзейнасьці праваабаронцаў нават праз шэсьць гадоў пасьля пратэстаў 2020 году пра Беларусь гавораць у сьвеце, а рэпрэсаваным у Беларусі даюць міжнародную ахову ў краінах Эўразьвязу.
«Рэпрэсіі любяць маўчаньне», — падсумоўвае яна.
Пазьней праваабаронцам сталі забараняць рабіць аўдыёзапіс судоў, потым — і прыходзіць на іх. Урэшце валянтэры ў судах перасталі паведамляць, адкуль яны, асьцерагаючыся затрыманьняў.
«Былі такія сытуацыі, калі лепш называцца не назіральнікам, а сваяком, каб дакладна трапіць, бо потым пачаліся працэсы, куды траплялі толькі сваякі», — дадае суразмоўца.
Валянтэры
«Не ўва ўсіх ёсьць сваякі»
У 2020–2021 гадах «Вясна» абвяшчала пошук валянтэраў, каб назіраць за судамі, і заахвочвала сваякоў палітвязьняў кантактаваць з валянтэрамі праз бот у Telegram.
«Валянтэры-назіральнікі сталі нашымі вачыма і вушамі, іх падтрымка была бясцэнная. Гэта быў час калясальнай стомы, але і такой жа калясальнай салідарнасьці», — успамінае Дзіяна Пінчук.
Зь «Вясной» цяпер супрацоўнічаюць усяго некалькі дзясяткаў чалавек, адзначаюць суразмоўцы Свабоды. Значная частка зь іх — валянтэры, якія не атрымліваюць грошай за сваю дапамогу.
Адна з такіх валянтэрак — Яна Галаган, якая пачынала супрацоўнічаць зь «Вясной» увесну 2020 году. Тады яе натхніла сяброўка-праваабаронца. Дзяўчына спачатку назірала за выбарчай кампаніяй, а потым стала назіраць за судамі. Ужо ўвосень яна праводзіла ў судах па чатыры поўныя дні на тыдзень. Першым часам дзяўчына сумяшчала працу ў іншай сфэры з валянтэрствам ў грамадзкім сэктары.
«Я не плянавала з гэтым зьвязваць сваё жыцьцё, але пасьля назіраньня за выбарамі я ўжо не змагла бяз гэтага, бо бачыла, што магу дапамагаць і што ёсьць патрэба ў дапамозе», — прызнаецца суразмоўца.
Цяпер яна працуе ўжо ў штаце «Вясны» як праваабаронца і журналістка. Фіксуе парушэньні ўладаў Беларусі, зьбірае інфармацыю пра палітычны перасьлед у краіне, размаўляе з былымі палітвязьнямі.
«Валянтэрская справа дала мне шмат знаёмстваў. У судах я сустрэла безьліч клясных людзей, якія мяне падтрымлівалі, з якімі я працягваю кантактаваць, — ня толькі сярод валянтэраў, але і сярод асуджаных. Я сумую па тым лямпавым часе, калі можна было на месцы шмат усяго зрабіць. Займаючыся валянтэрскай дапамогай у Беларусі, ты можаш бачыць адразу вынік сваёй працы», — камэнтуе Яна.
Валянтэры «Вясны» кансультавалі сваякоў затрыманых праз чат-бот. У 2020 годзе яны дапамагалі зьбіраць і насіць перадачы ў месцы зьняволеньня затрыманым, калі ў тых не было сваякоў або калі сваякі не маглі часта прыяжджаць.
«Ня ўсе маюць сваякоў, якія носяць перадачы, якія памятаюць, якія падтрымліваюць пасьля вызваленьня. Таму роля праваабаронцаў вельмі важная», — тлумачыць суразмоўца.
Родныя арыштаваных ля ізалятара на завулку Акрэсьціна ў Менску, жнівень 2021 году
Да валянтэрства ў «Вясьне» пасьля 2020 году далучыліся дзясяткі чалавек. Часта гэта былі самі былыя асуджаныя або іхныя блізкія. У канцы 2021 году ў Беларусі прайшла хваля затрыманьняў дзясяткаў валянтэраў «Вясны».
«Іх усіх выпусьцілі. Здаецца, некалькі чалавек былі на „соднях“. Частцы зь іх адразу давялося зьехаць зь Беларусі. Быў допыт КДБ і настойлівае папярэджаньне, што ім нельга больш хадзіць і назіраць за судовымі працэсамі. Назіраньне за судамі ад „Вясны“ спынілася», — кажа Яна Галаган.
Калі «Вясну» прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем» у 2023 годзе, супрацоўнічаць зь ёй стала яшчэ больш небясьпечна.
Аднак і пасьля гэтага жыхар Берасьця Віталь Чопік працягваў назіраць за палітычнымі судамі ў Беларусі. Яго затрымалі ў сакавіку 2024 году, моцна білі. Мужчыну асудзілі на сем гадоў калёніі і 40 тысяч рублёў штрафу. Ягоную кватэру прадалі з аўкцыёну. Віталь дагэтуль за кратамі.
«Людзі прыходзяць у „Вясну“ і зараз. Валянтэры далучаюцца дагэтуль. З моманту затрыманьня калегаў (у ліпені 2021 году. — РС) „Вясна“ пашырылася. Гэта арганізацыя, да якой хочацца далучацца. Яна выклікае цікаўнасьць. Гэта вялікая група, якая працягвае дапамагаць людзям у Беларусі. У нас шмат моладзі», — камэнтуе Яна Галаган.
Прыцягваць увагу
«Каб імя надалей гучала»
Ідэю адзначаць Дзень палітвязьняў 21 траўня агучыла журналістка і праваабаронца «Вясны» Дзіяна Пінчук разам з каляжанкамі ў 2022 годзе, як расказвае яна сама. У гэты дзень годам раней у шклоўскай калёніі загінуў актывіст зь Бярозаўкі Вітольд Ашурак.
Праваабаронцы шукаюць розныя фарматы, каб расказваць пра парушэньні правоў чалавека і прыцягваць да гэтага ўвагу людзей.
«Я расказваю гісторыі. Ужо восем гадоў амаль штодня пішу пра тое, што адбываецца з правамі чалавека і палітвязьнямі ў Беларусі. Для мяне гэта ня проста зводкі навін, а свайго кшталту інфармацыйная рэабілітацыя. Калі чалавека забіраюць у турму, яго спрабуюць зрабіць нябачным, пазбавіць голасу. Я раблю так, каб яго імя надалей гучала, а яго гісторыя не была забытая», — тлумачыць Дзіяна.
Яна расказвае, што праваабаронцы ладзілі ў Варшаве чытку сабраных «Вясной» гісторыяў пра катаваньні.
«Калі акторы з сцэны зачытваюць рэальныя сьведчаньні людзей, гэта ўспрымаецца зусім інакш, чым проста артыкул на сайце», — адзначае яна.
Два гады таму яна зрабіла мэдыяпраект «Магшоты палітвязьняў» з фатаздымкамі, зробленымі ў зьняволеньні і нанесенымі на кубкі.
«Гэта вельмі цяжкія, але важныя кадры — яны пра чалавечую годнасьць насуперак абставінам», — кажа праваабаронца.
Міліцэйскія фота былых палітзьняволеных (зьлева направа): Яна Арабейка, Алена Дзядзюля, Кася Будзько, Вольга Дубовік, Анастасія Булыбенка, Алана Гебрэмарыям. Каляж
У Вільні праваабаронцы правялі акцыю да Дня палітвязьня, стварыўшы вобраз чалавека з жоўтых бірак «экстрэмістаў» зь іхнымі прозьвішчамі.
«Мне здаецца, што асэнсаваньне, колькі ж усяго палітвязьняў, прыйшло, калі мы пісалі прозьвішчы на гэтых бірках», — прызнаецца праваабаронца Яна Галаган.
Яна Галаган (справа) і Дзіяна Пінчук на фоне «чалавека з жоўтых бірак».
Асабістая цана
«Страшна было, калі ў кватэру зайшлі людзі з аўтаматамі»
«Гэта быў час неабдымнай, наэлектрызаванай працы. Дзесьці з 14 ліпеня 2020 году праца стала кругласуткавай. Я памятаю гэты стан: ты не адыходзіш ад ноўтбуку з раніцы да позьняга вечара, складаючы сьпісы затрыманых. У гэтым патоку вельмі лёгка было патануць, але ратавала неймаверная адданасьць калег з інфармацыйнага аддзелу. Мы працавалі як суцэльны, зладжаны мэханізм. Было відаць, як усім калегам і каляжанкам цяжка, як балюча вакол бачыць гвалт, але ніхто не спыняўся», — успамінае 2020 год Дзіяна Пінчук.
Увосень таго ж году Дзіяна заўважыла, што ў яе рэзка сеў зрок, давялося купляць акуляры.
«Для мяне, чалавека, які ўсё жыцьцё правёў за кнігамі з ідэальным зрокам, гэта быў сапраўдны шок. Гэта была мая асабістая фізычная цана за тое, каб бачыць і фіксаваць праўду», — кажа яна.
Цаной праваабрончай дзейнасьці былі і складанасьці эміграцыі. Праваабаронца Дзіяна Пінчук кажа, што для яе гэты досьвед выявіўся балючым і траўматычным.
«Тады я ня ведала, што зьяжджаю надоўга. Маё разьвітаньне з мамай, як аказалася пазьней, было разьвітаньнем назаўсёды. Мы з каляжанкай яшчэ пару гадоў вандравалі па сьвеце з тымі самымі заплечнікамі, бо жылі з адчуваньнем: „вось-вось вернемся“. Мы цэлы год працягвалі здымаць і аплачваць нашу кватэру ў Менску, бо фізычна не маглі разарваць гэтую сувязь і прызнаць эміграцыю. Пазьней прыйшло разуменьне, што гэта цана за магчымасьць працягваць сваю дзейнасьць», — разважае Дзіяна.
Праваабаронцы жылі з адчуваньнем рызыкі, што іх затрымаюць.
«Каб хоць трохі ўскладніць працу тым, хто за намі сачыў, мы мусілі ісьці на непрыемныя крокі: я не карысталася ўласнай sim-картай яшчэ зь вясны 2020-га; пэрыядычна не жыла дома; заўсёды была гатовая да таго, што дзень магу скончыць не ў сваім ложку. Гэтыя захады бясьпекі мне вельмі не падабаліся — яны забіраюць адчуваньне нармальнасьці, але ў тых умовах гэта было неабходна, каб працягваць працу», — зазначае Дзіяна.
У выпадку Паўла Сапелкі пацярпеў ня толькі ён сам, але і сям’я.
«Страшна было, калі да мяне ў кватэру зайшлі людзі з аўтаматамі і ўперлі гэтыя аўтаматы ў мяне. Шмат людзей зайшло. Тады мне было страшна і за сябе, і за сям’ю, бо ўсё гэта адбывалася на вачох у маёй пяцігадовай дачкі. Мы потым даволі шмат часу лячыліся», — кажа Павал пра наступствы для ягонага дзіцяці таго ператрусу ў лютым 2021 году.
У зьняволеньне трапілі дзевяць чалавек, якія так ці інакш былі зьвязаныя зь «Вясной». Гэта Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк, Леанід Судаленка, Тацяна Ласіца, Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзь Лабковіч, Ларыса Шчыракова, Віталь Чопік. Іхныя прысуды разам складаюць 62,5 году зьняволеньня.
Фіксацыя катаваньняў
«Пачаў працаваць Міжнародны крымінальны суд»
Юрыст «Вясны» Павал Сапелка адзначыў, што ў 2020 годзе запісваць сьведчаньні беларусаў, якія пацярпелі ад катаваньняў з боку ўладаў, стала вялікім кірункам працы, якога раней у такім маштабе не было. Гэтае дакумэнтаваньне мае дапамагчы ў будучыні прыцягнуць да адказнасьці беларускіх службоўцаў, датычных да катаваньняў людзей.
З словаў Паўла, дзясяткі чалавек цяпер ствараюць дзейныя мэханізмы ацэнкі і разгляду такіх справаў. Над зборам і захаваньнем сьведчаньняў пра катаваньні ў Беларусі працуе група незалежных экспэртаў пры ААН.
«Ужо зараз існуе шмат мэханізмаў, якіх ніколі не было ў дачыненьні да Беларусі. Мы таксама працуем зь некалькімі нацыянальнымі юрысдыкцыямі, якія ці вядуць, ці рыхтуюць крымінальныя справы ў парадку ўнівэрсальнай юрысдыкцыі. Зь вядомых — гэта справа ў Літве па фактах злачынстваў супраць чалавецтва, у тым ліку катаваньняў, пацярпелымі ў якой праходзяць беларускія грамадзяне», — кажа Сапелка.
Нядаўна Міжнародны крымінальны суд з ініцыятывы Літвы пачаў сьледзтва наконт выправаджэньня беларусаў, якіх вызваляюць з беларускіх калёніяў. У будучыні гэтае расьсьледаваньне можа падтрымаць таксама Польшча.
Менавіта дакумэнтаваньне злачынстваў, катаваньняў, парушэньняў правоў чалавека старшыня «Вясны» Алесь Бяляцкі называе кірункам, які ў дзейнасьці праваабарончага цэнтру найбольш узмацніўся, пакуль ён быў ў зьняволеньні.
Алесь Бяляцкі
«Гэты кірунак выйшаў на прафэсійны ўзровень. Мы яго пачалі рабіць фактычна ў 2020 годзе. А перад гэтым ён быў пункцірам, бо не было нападаў такога маштабу нападу на грамадзкіх актывістаў, на людзей увогуле. Натаваньне гэтых фактаў вельмі важнае, бо пачаў працаваць Міжнародны крымінальны суд. Я думаю, што частка матэрыялаў будзе выкарыстаная ў гэтым судзе. Маю спадзяваньні, што мы вернемся ў Беларусь, і тады ўнутраная судовая сыстэма таксама будзе абапірацца на той масіў матэрыялаў, які нам удалося сабраць», — мяркуе Алесь Бяляцкі.
Перасабраліся
«Бацькі сышлі і пакінулі цябе дома аднаго»
Затрыманьне старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага, а таксама Валянціна Стэфановіча і Ўладзя Лабковіча ў ліпені 2021 году стала, бадай, наймацнейшым ударам па арганізацыі. Аднак «Вясна» не прыпыняла працу ні на дзень. Частка «вясноўцаў» ужо выехалі да таго моманту зь Беларусі, у Вільні ўжо разгарнулася пляцоўка «Вясны». І гэта было гарантыяй, што «Вясна» ня спыніць працу, заўважае Алесь Бяляцкі.
«Я зьехала ў 2021 годзе, калі атрымала позву ў Сьледчы камітэт у „справе „Вясны“». Алесь Бяляцкі тады настаяў, каб я паехала ў адпачынак хаця б на тыдзень — трохі пераключыцца і адпачыць. Так з адным заплечнікам я паехала ў Кіеў. Гэты «адпачынак» цягнецца дагэтуль. Памятаю, Алесь званіў мне зь Беларусі кожны тыдзень, каб запытаць, як мае справы, напэўна, разумеў, што я хачу вярнуцца. Але затрыманьне калегаў зьмяніла ўсё — нібы я пасталела ўмомант», — успамінае Дзіяна Пінчук.
Актывісты праваабарончага цэнтру "Вясна" на акцыі ў падтрымку арыштаваных калег
Юрыст Павал Сапелка расказвае, што ён зьехаў пасьля ператрусу ў яго ў лютым 2021 году, а дакладней — пасьля сюжэту на дзяржаўнай тэлевізіі, дзе расказвалі, што праваабаронцы нібыта рыхтавалі масавыя пратэсты.
«Тады ў мяне стварылася цьвёрдае ўражаньне, што гэта скончыцца крымінальнай справай. Калі ня знойдуць доказаў, то высмакчуць іх з пальца», — тлумачыць юрыст.
«Ня быў час нам уцякаць. Я не хацеў зьяжджаць зь Беларусі. Мы, праваабаронцы, займаліся нашымі асноўнымі кірункамі дзейнасьці адкрыта. Нічога крымінальнага мы ў гэтым ня бачылі. Мы зьбіралі інфармацыю, давалі інфармацыю, дапамагалі ахвярам палітычных рэпрэсіяў — гэта было ад пачатку стварэньня „Вясны“. Маральнага дазволу зьяжджаць зь Беларусі, калі ішлі масавыя арышты і нашая прысутнасьць там была патрэбная, я сам сабе не даваў», — тлумачыць Алесь Бяляцкі, чаму заставаўся ў краіне.
Ён дадае, што не шкадуе пра той свой выбар, пагатоў наступныя 4,5 году пражыў у Беларусі, хоць не чакаў, што прабудзе ў зьняволеньні столькі часу.
Іншым супрацоўнікам «Вясны» арганізавалі выезд за мяжу ўжо пасьля затрыманьня ключавых асобаў. «Вясноўцы» знаходзіліся ў розных краінах, значная частка ў Вільні. Каманда здолела перасабрацца і перафарматаваць сваю працу за мяжой.
«Ты адкідаеш свае эмоцыі, страхі і думаеш, што трэба згуртавацца і дапамагчы тым, хто мае ў гэтым патрэбу. У найбліжэйшыя дні мы займаліся вывазам тых, хто мог трапіць пад крымінальную працэдуру», — расказвае праваабаронца Яна Галаган.
Актывісты праваабарончага цэнтру "Вясна" на акцыі ў падтрымку арыштаваных калег
«Спачатку былі шок і разгубленасьць. Але пазьней прыйшло ўсьведамленьне: цяпер на нас ляжыць яшчэ большая адказнасьць. Мы павінны былі ня проста працягнуць працу, а захаваць „Вясну“, за якую іх зьмясьцілі за краты», — успамінае Дзіяна Пінчук.
Некалькі чальцоў «Вясны», публічных і непублічных, стварылі Часовую раду, якая ўзяла на сябе адказнасьць за кіраваньне арганізацыяй у час зьняволеньня старшыні, расказаў Павал Сапелка. Такі варыянт з канкрэтнымі асобамі разглядалі, калі яшчэ Бяляцкі і калегі былі на волі. Сапелка таксама быў сябрам гэтай Часовай рады. Уладкаваць дзейнасьць «Вясны» за мяжой дапамаглі і міжнародныя партнэры, адзначае Павал Сапелка. Алесь Бяляцкі дадае, што «вясноўцам» дапамагаў Дом правоў чалавека.
Праз затрыманьне ключавых асобаў праваабарончага цэнтру супрацоўнікі не сыходзілі, а наадварот — далучаліся да яго, заўважае Яна Галаган.
«Гэта выклікала хвалю салідарнасьці. Усе гэтыя гады мы былі падтрымкай для іншых, а ў той момант самі апынуліся ў сытуацыі пацярпелых — і грамадзтва гэта адчула. Людзі дапамагалі нам. Рэпрэсіі толькі ўзмацнілі разуменьне, наколькі „Вясна“ важная для Беларусі», — адзначае Дзіяна Пінчук.
«Калі ты разумееш, якую цану плацяць твае калегі, якія ўжо сядзяць, якую цану плаціш ты асабіста ў сваёй іміграцыі, то ты ня можаш сабе дазволіць апусьціць рукі і сказаць: „Усё, я стамілася“. Бо калі ты стамілася, то навошта тады гэта было ўсё? Яшчэ нічога ня вырашана і стамляцца яшчэ рана», — разважае Яна Галаган.
Калі «Вясна» цалкам апынулася ў эміграцыі, яна мусіла перафарматаваць дзейнасьць, каб запэўніць бясьпеку тым людзям у Беларусі, зь якімі яна камунікуе, знайсьці спосаб здабываць інфармацыю онлайн з адкрытых крыніцаў пра перасьлед, у тым ліку ў прапагандысцкіх СМІ. «Вясна» пачала больш разьвіваць кірунак адвакацыі, супрацы зь міжнароднымі арганізацыямі, расказвае Яна Галаган.
«Мы ўсе пачалі адчуваць больш адказнасьці. Пакуль калегі былі за кратамі — гэта як бацькі сышлі і пакінулі цябе дома аднаго, і ты разгублены, баісься. Нас аб’ядноўвала тое, што нам трэба штосьці з гэтым рабіць, трэба знайсьці рашэньне», — успамінае Яна.
Але зьняволеныя «вясноўцы» нават з-за кратаў падтрымлівалі калегаў.
«Памятаю, як пасьля лютаўскіх ператрусаў 2021 году Уладзь Лабковіч сказаў нам: „Трымайце сайт. Будзе сайт — будзе „Вясна“». Гэтая фраза стала для мяне галоўнай матывацыяй на ўсе наступныя гады. Валянцін Стэфановіч умудраўся ў лістах даваць працоўныя парады і заставацца ў курсе справаў. Алесь Бяляцкі ў першай вестачцы з-за кратаў напісаў мне: «Да сустрэчы, Алесь». Я тады падумала: «Раз Алесь напісаў — значыць, сустрэча абавязкова адбудзецца»», — успамінае Дзіяна.
13 сьнежня 2025 і 19 сакавіка 2026 году ключавых асобаў «Вясны» вызвалілі з калёніяў і вывезьлі за мяжу.
«Вызваленьне нашых калегаў — гэта вяртаньне бацькоў. Нашыя бацькі нарэшце вярнуліся, і цяпер можна крыху выдыхнуць», — кажа Яна пра вызваленьне Бяляцкага, Стэфановіча, Лабковіча.
Алесь Бяляцкі гаворыць, што ў зьняволеньні ён амаль нічога ня ведаў пра тое, як працуе «Вясна».
«Штосьці пра дзейнасьць „Вясны“ я даведваўся толькі ад зьняволеных, якія дзякавалі мне за тое, што яны атрымалі дапамогу ад нас. Гэта былі палітычныя вязьні, і не адзін чалавек», — дадае ён.
Алесь Бяляцкі пасьля вызваленьня адзначыў, як яго радуе, што «Вясна» ўвесь час працягвала працаваць, захаваўся касьцяк арганізацыі і да яе далучыліся шмат маладых спэцыялістаў. Да таго ж, паводле яго, «Вясна» за гэты час паказала, што яе праца не залежыць ад канкрэтных асобаў.
«Мне было куды вяртацца. Арганаізацыя жывая, дынамічная. На трыццаці гадах мы не спыняемся», — падсумоўвае ён.
Рэпутацыя
«Мы ня здраджваем сабе»
«Вясна» за час сваёй дзейнасьці не бывала ў цэнтры гучных скандалаў, у якіх яна магла б страціць сваю рэпутацыю. Большасьць супрацоўнікаў «Вясны» непублічныя, у тым ліку і тыя, хто браў на сябе адказнасьць за кіраваньне праваабарончым цэнтрам, калі пасадзілі Алеся Бяляцкага і яшчэ некалькіх сяброў Рады.
«Думаю, „Вясна“ застаецца аўтарытэтнай столькі гадоў, нават у самыя крызісныя моманты, дзякуючы ўнутраным перакананьням сяброў арганізацыі і іх адданасьці справе. Мы заўсёды заставаліся вернымі сваім прынцыпам, нягледзячы на тое, што адбывалася навокал. Людзі бачаць гэтую пасьлядоўнасьць. Яны бачаць, што мы не спыняемся і што за кожным нашым паведамленьнем ці сьпісам стаіць рэальная праца і рэальная рызыка», — мяркуе Дзіяна Пінчук.
На ейную думку, «вясноўцаў» таксама мацуе пераемнасьць.
«Мы працягваем справу тых, хто яе пачынаў 30 гадоў таму, і гэта дае адчуваньне трывалага грунту пад нагамі. Аўтарытэт „Вясны“ — вынік таго, што мы ня здраджваем сабе і тым, дзеля каго працуем», — перакананая праваабаронца.
Дзіяна Пінчук заўважае, што праваабаронцы перадусім дбаюць пра бясьпеку сваіх суразмоўцаў.
«Сваякі палітвязьняў па-ранейшаму ведаюць, што „Вясна“ — гэта тыя, хто заўсёды выслухае і дапаможа. Але вельмі моцна зьмяніўся фармат і кантэкст гэтай камунікацыі. Галоўным выклікам стала бясьпека. Калі раней мы маглі спакойна сустрэцца ў офісе, то цяпер наша камунікацыя — суцэльныя меры засьцярогі. Мы заўсёды прагаворваем рызыкі: ці бясьпечна чалавеку даваць інтэрвію, ці можна называць прозьвішча, ці не нашкодзіць гэта вязьню ў калёніі», — кажа Дзіяна Пінчук.
«Калі б мне ў 1996-м сказалі, што „Вясна“ будзе працаваць 30 гадоў, — я б не паверыў: „Не, такога ня можа быць! Я літаратуразнаўца, люблю пісаць, я не хачу быць праваабаронцам“. Але жыцьцё паставіла намі такія задачы, якія мы павінны былі вырашаць», — адзначыў Алесь Бяляцкі на сустрэчы зь беларусамі ў Варшаве.