Як паведаміла выданьне «Гомельская праўда», школьнікі бяруць фота настаўнікаў, дадаюць музыку, ствараюць ролікі і суправаджаюць іх прыніжэньнямі, кпінамі і абразамі.
«Правакатаркай зьяўляецца 53-гадовая Натальля М. — грамадзянка Расеі, якая знаходзіцца за мяжой. Раней яна публікавала радыкальны кантэнт, агрэсіўныя відэа і займалася інфармацыйнымі правакацыямі. Цяпер, падобна, у справу пайшла новая схема: выкарыстоўваць дзяцей і падлеткаў як інструмэнт для распальваньня нянавісьці і хаосу ў школе», — паведаміла выданьне.
У пракуратуры Гомельскай вобласьці паведамілі, што выявілі 12 відэаматэрыялаў, зьвязаных з установамі адукацыі Гомельскай вобласьці. Ролікі зафіксавалі ў шасьці раёнах паўднёва-ўсходняга рэгіёну і ў абласным цэнтры.
Начальніца аддзелу па наглядзе за выкананьнем заканадаўства аб няпоўналетніх і моладзі пракуратуры Гомельскай вобласьці Вольга Шаўчэнка паведаміла, што за такія дзеяньні прадугледжана як адміністрацыйная, так і крымінальная адказнасьць.
Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях прадугледжвае артыкул 10.2, які вызначае адказнасьць за абразу ў інтэрнэце (штраф да 200 базавых велічынь, грамадзкія работы або адміністрацыйны арышт), а артыкул 188 у Крымінальным кодэксе вызначае адказнасьць за паклёп і распаўсюд загадзя ілжывых зьвестак, якія ганьбяць гонар і годнасьць чалавека (пакараньне ў выглядзе штрафу або пазбаўленьне волі на тры гады). Яшчэ адзін артыкул Крымінальнага кодэксу — 130 — прадугледжвае адказнасьць за распальваньне варожасьці (ад штрафу да 12 гадоў пазбаўленьня волі).
У той жа час у публікацыі няма інфармацыі аб тым, ці завялі справы, паводле якіх артыкулаў і супраць каго.