Беларуская журналістка і дасьледчыца Ганна Любакова атрымала прэстыжную прэмію Amnesty International і унівэрсытэту Ґенту.
З 2007 года гэты ўнівэрсытэт з Бэльгіі і праваабарончая арганіазцыя Amnesty International прысуджаюць прэмію асобам, якія «маюць выдатную і трывалую прыхільнасьць да правоў чалавека».
«Пасьля сёлетняга адбору Ганна Любакова была абраная ў знак прызнаньня яе жыцьцёва важнага ўкладу як журналісткі, палітычнага аналітыка і праваабаронцы. Яе сьмелая і нястомная праца па асьвятленьні аўтарытарызму, рэпрэсій і дэмакратычнага супраціву ў Беларусі значна паўплывала на глябальныя дыскусіі аб праўдзе, дэмакратыі і адказнасьці дзяржаў», — паведамляе сайт унівэрсытэту Ґенту
Нават у выгнаньні Ганна працягвала ўзмацняць галасы палітычных зьняволеных, перасьледаваных журналістаў і прымушаных маўчаць прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, дэманструючы нязьменную прыхільнасьць свабодзе выказваньня меркаваньняў і дэмакратычнай салідарнасьці. У гэтыя крытычныя часы Генцкі ўнівэрсытэт мае гонар падтрымаць і адзначыць яе працу, піша сайт унівэрсытэту з Бэльгіі.
Цырымонія ўзнагароджаньня адбудзецца 1 кастрычніка.
Хто такая Ганна Любакова
Ганна Любакова — беларуская журналістка і палітычны аналітык. Яна зьяўляецца нерэзідэнтным старшым навуковым супрацоўнікам Атлянтычнай рады і асьвятляла падзеі ў Беларусі для міжнародных выданьняў, у тым ліку The Washington Post, The Economist і іншых.
Любакова пачала сваю кар’еру на тэлеканале «Белсат». Пазьней яна была стыэндыяткай Радыё Свабода, а ў цяперашні час піша кнігу пра Беларусь.
У яе ўжо былі іншыя ўзнагароды, у тым ліку прэмія «За свабоду СМІ» ад Транслянтлантычнай сеткі лідэрстваў і прэмія «Журналіст году».
У Беларусі Любакову завочна асудзілі на дзесяць гадоў пазбаўленьня волі.
Што такое Amnesty International Chair
Прэмія Amnesty International Chair (Катэдра Amnesty International) створаная ў партнэрстве паміж Amnesty International і унівэрсытэтам Ґенту, яна ушаноўвае асоб, якія зрабілі выключны ўнёсак у разьвіцьцё правоў чалавека ва ўсім сьвеце.
Штогод яна прысуджаецца вядомаму праваабаронцу, навукоўцу або грамадзкаму дзеячу, чыя праца ўвасабляе мужнасьць, сумленнасьць і ўплыў на абарону чалавечай годнасьці і свабоды.
У знак прызнаньня іх намаганьняў ляўрэат запрашаецца ва ўнівэрсытэт, каб падзяліцца сваімі меркаваньнямі і вопытам як з акадэмічнай супольнасьцю, так і з шырокай грамадзкасьцю.
У рамках катэдры ўнівэрсытэту ляўрэат чытае публічную лекцыю па праблеме правоў чалавека. Акрамя таго, ляўрэат непасрэдна ўзаемадзейнічае са студэнтамі і дасьледчыкамі праз сэрыю гасьцявых лекцый і сэмінараў.
Любакова заявіла, што яна ўспрыняла гэтую прэмію з гонарам, яна была прыемна зьдзіўленая рашэньнем, бо не падавала заяўкі.
«Зараз я пачынаю падрыхтоўку да цырымоніі ў Бэльгіі — публічная лекцыя, сустрэчы, размовы, інтэрвію. Для мяне гэта ня проста атрыманьне ўзнагароды. Гэта магчымасьць і адказнасьць.
Я хачу скарыстацца гэтым момантам, каб прыцягнуць увагу да Беларусі — да нашых палітычных зьняволеных, да рэпрэсій, якія не спыняюцца ні на адзін дзень, да жыцьцяў, якія працягваюць ламацца рэжымам. Калі гэтая плятформа можа дапамагчы нагадаць людзям, што Беларусь усё яшчэ змагаецца — значыць, гэта важна», — напісала ў фэйсбуку Ганна Любакова.