У выніковым «ПіКу Свабоды» зь вядучай Ганнай Соўсь — палітоляг і гісторык Роза Турарбекава, украінскі палітоляг Ўладзімер Фясенка, экспэрт Інстутуту вывучэньня вайны Джордж Бэрас, радыяцыйны хімік Сяргей Бесараб і эколяг Ганна Скрыган, а таксама эканамічны аглядальнік Андрэй Махоўскі. Мы раскажам і патлумачым самае галоўнае за гэты тыдзень.
Глядзіце размову на відэа цалкам
0:00 Чаму NATO будзе сымуляваць ядзерны ўдар па Беларусі. Роза Турарбекава
11:01 Украіна папярэджвае пра рызыку ўцягваньня Беларусі ў вайну. Уладзімір Фясенка
21:44 Імавернасьць уступленьня Беларусі ў вайну. Джордж Бэрас
29:12 Лукашэнка пра рэформу кіраваньня дзяржавай. Роза Турарбекава
36:41 Якія радыёнукліды засталіся ў Беларусі. Сяргей Бесараб
45:16 Новыя рызыкі для беларусаў праз 40 гадоў пасьля аварыі на ЧАЭС. Ганна Скрыган
47:30 Новыя эўрапейскія санкцыі супраць Беларусі. Андрэй Махоўскі
Тут фрагмэнт інтэрвію з Розай Турарбекавай
Роза Турарбекава: Беларусь стала адным з самых уразьлівых месцаў у Эўропе
— Сёлета Францыя і Польшча правядуць супольныя вучэньні вучэньні NATO з удзелам самалётаў, абсталяваных ракетамі зь ядзернымі боегалоўкамі. У небе над Балтыкай і паўночнай Польшчай будуць адпрацоўваць ядзерныя ўдары па цэлях у Беларусі і Расеі. Раней расейцы падчас вучэньняў «Захад» уключалі ў свае сцэнары ядзерныя ўдары па Варшаве, але NATO на гэта не адказвала. Пра што сьведчыць такая радыкальная зьмена ў характары вучэньняў NATO?
— Такія вучэньні можна было прадбачыць. Мы назіраем істотныя зьмены ва ўспрыняцьці праблемаў бясьпекі ў Эўропе. Гэта зьвязана з узмацненьнем ядзернага фактару — ня столькі пагрозы, колькі зьменай ядзернага балянсу ў рэгіёне праз разьмяшчэньне або спробы разьмяшчэньня тактычнай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі. Думаю, менавіта з гэтым і зьвязаныя новыя стратэгічныя вучэньні NATO і зьмена ваенных плянаў.
Цалкам зразумела і тое, чаму цяпер у гэтым фармаце выступаюць Францыя і Польшча. Як вядома, Злучаныя Штаты пры адміністрацыі Дональда Трампа адмаўляюцца ад часткі сваіх абавязаньняў у сфэры бясьпекі ў Эўропе. У тым ліку гэта датычыць і Польшчы. Эўрапейскія саюзьнікі ўжо ня маюць поўнай упэўненасьці ў амэрыканскім «ядзерным парасоне», таму вымушаныя рабіць уласныя, больш аўтаномныя крокі дзеля ўмацаваньня контуру бясьпекі.
Што да магчымасьці ядзернага ўдару з тэрыторыі Беларусі і рызыкі адказнага ўдару па самой Беларусі, то хацелася б, вядома, супакоіць, але сытуацыя ў сфэры ядзернай бясьпекі сапраўды выклікае сур’ёзную занепакоенасьць.
Сыстэма дамоваў, якая існавала паміж СССР і ЗША, а пазьней паміж Расеяй і ЗША, цяпер фактычна разбураецца. Гэтая сыстэма перажывае глыбокую эрозію. Напрыклад, адзін з ключавых дакумэнтаў — дамова СНУ-3 (СНУ — стратэгічных наступальных узбраеньняў — РС) — не была належным чынам працягнутая. Гэта сьведчыць пра насьпяваньне крызісу ў міжнародна-прававой архітэктуры ядзернай бясьпекі.
Калі казаць пра дамову аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасьці, то відавочна, што яна ўжо фактычна зьнішчаная, у тым ліку праз разьмяшчэньне ядзернай зброі ў Беларусі. Тое, што Беларусь выкарыстоўваецца як стратэгічны пляцдарм для Расейскай Фэдэрацыі, на жаль, не навіна. Менавіта так тэрыторыю Беларусі характарызуюць ужо даўно.
Праблема бясьпекі Беларусі асабліва востра паўстала прыкладна з 2018 году, хоць сур’ёзна думаць пра гэта трэба было яшчэ ў 2014-м, калі Расея пачала разбураць міжнародны парадак: парушыла межы, анэксавала Крым і распачала агрэсію супраць Украіны. Пазьней у Беларусі пачалі ўсур’ёз занепакойвацца і праектам так званай саюзнай дзяржавы, мэта якой — паступовае паглынаньне Беларусі, хай і не вайсковым шляхам, як ва Ўкраіне. Таму, на жаль, гэтыя пагрозы існуюць. І цяпер яны становяцца ўсё больш відавочнымі. Асабліва таму, што Злучаныя Штаты як галоўны гарант эўрапейскай бясьпекі адыходзяць на другі плян, утвараючы вакуўм.
Калі гэты вакуўм не запоўняць іншыя дзяржавы — напрыклад, Францыя як ядзерная дзяржава, або Вялікабрытанія, якая ўжо заключыла адпаведныя пагадненьні з Нямеччынай, — гэта будзе толькі ўзмацняць адчуваньне нестабільнасьці і магчымай катастрофы. Калі ж глядзець на сытуацыю з ваенна-стратэгічнага пункту гледжаньня, то адным з самых слабых і ўразьлівых месцаў у гэтай канфігурацыі застаецца менавіта тэрыторыя Беларусі.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць істотныя падзеі з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.