У Берасьці 9 траўня аб’яднаюць акцыю «Беларусь памятае» з расейскай акцыяй «Бессмертный полк»

Акцыя «Бессмертный полк» у Берасьці 9 траўня 2024 году

У «Русским доме» ў Берасьці паведамілі, што зьбіраюць калёну расейскай акцыі «Бессмертный полк», якая пройдзе ў складзе шэсьця штогадовай беларускай акцыі «Беларусь памятае — памятаем кожнага».

Як адзначаецца ў паведамленьні, шэсьце заплянавана на раніцу 9 траўня, калі ў Беларусі і Расею адзначаюць Дзень перамогі ў другой усясьветнай вайне.

Старшыня Берасьцейскага аддзяленьня расейскай арганізацыі «Русское общество» Сьвятлана Сьмірнова

Каардынатаркай акцыі «Бессмертный полк» ў Берасьці зьяўляецца старшыня Берасьцейскага аддзяленьня расейскай арганізацыі «Русское общество» Сьвятлана Сьмірнова.

Як вынікае з публікацый рэгіянальнага выданьня «Виртуальный Брест», яна зьяўляецца вэтэранкай пэдагагічнай працы, працавала ў гарадзкім аддзеле адукацыі мэтадыстам навучальна-мэтадычнага кабінэту.

Акцыя «Бессмертный полк» пачалася ў Расеі ў 2012 годзе як грамадзкая ініцыятыва — прайсьці шэсьцем з партрэтам свайго рэальнага сваяка, які загінуў або прынамсі ўдзельнічаў у Другой усясьветнай вайне.

Крэмль узяў гэтую ідэю для прапагандысцкай акцыі, якую праводзяць па ўсёй Расеі, а таксама пракрамлёўскія актывісты за яе межамі — часам пад іншымі назвамі. Акцыі «Бессмертный полк» праходзілі і ў Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У «Русских домах» у Беларусі да 9 траўня пачалі раздаваць «георгіеўскія стужкі», якіх Лукашэнка раней не падтрымліваў

Што папярэднічала

Да пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ўлады Беларусі адмяжоўваліся ад выкарыстаньня 9 траўня расейскіх сымбаляў. На ўзроўні мясцовых уладаў нават выдаваліся рэкамэндацыі не выкарыстоўваць «георгіеўскія стужкі» і расейскую сымболіку на акцыях, прымеркаваных да Дня перамогі. Дыстанцыяваліся таксама і ад акцыі «Бессмертный полк».

У Беларусі акцыю «Бессмертный полк» пачалі праводзіць з 2012 году, але ўжо з 2019 году ўлады не давалі дазволу на яе правядзеньне.

Галоўнай пэрсонай гэтага руху ў Беларусі быў былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валеры Драко. У часы БССР ён працаваў на розных тэхнічных пасадах у Савеце міністраў. У незалежнай Беларусі ўваходзіў у Партыю камуністаў беларускую (ПКБ) Сяргея Калякіна, але падчас канстытуцыйнага крызісу 1996 году падтрымаў Лукашэнку. Дзякуючы гэтаму Драко атрымаў месца дэпутата ў першым скліканьні Палаты прадстаўнікоў.

У 2019 годзе Драко падаваў заяўку на правядзеньне акцыі ў падтрымку саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі на Кастрычніцкай плошчы. Не дазволілі. 1 сакавіка 2019 году Аляксандар Лукашэнка выказаўся супраць правядзеньня такой акцыі на дзяржаўным узроўні.

«Бессмертный полк» вярнуўся ў Беларусь у 2024 годзе. Калёны гэтай акцыі былі ўключаны ў аналягічную беларускую пад назвай «Беларусь памятае — памятаем кожнага», што праходзяць у кожнай вобласьці краіны 9 траўня.

У тым жа годзе беларускія дыпляматы ўдзельнічалі ў расейскіх акцыях «Бессмертный полк» за мяжой.

На гэтых акцыях звычайна выкарыстоўваюць сымболіку часоў СССР, так званыя «георгіеўскія» (аранжава-чорныя) стужкі, якія ў 2022-ым сталі адным з сымбаляў расейскай агрэсіі ва Ўкраіне, партрэты савецкага дыктатара Ёсіфа Сталіна і інш.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларускія дыпляматы паўдзельнічалі ў расейскіх акцыях «Несьмяротны полк» за мяжой. Шэсьці плянуюць і ў Беларусі