Хроніка перасьледу 24 красавіка: у Беларусі ператрусы ў дзеячоў культуры. Культурніцкія праекты аб’явілі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі»

Суд у Менску, архіўнае фота

Улады Беларусі працягваюць перасьлед грамадзян за палітычную пазыцыю. Свабода вядзе хроніку рэпрэсій.

У Беларусі ідуць ператрусы ў дзеячоў культуры

Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што ў апошнія дні ў розных гарадах Беларусі адбываюцца ператрусы і затрыманьні людзей, зьвязаных з сацыяльна-культурнымі арганізацыямі.

Паведамляецца, што ў людзей шукаюць замежнае фінансаваньне, частка з іх затрымана і зьмешчана ў СІЗА.

Вядома, што ператрусы і допыты праводзяць супрацоўнікі КДБ, піша «Вясна».

КДБ дадаў у сьпіс экстрэмісцкіх фармаваньняў 7 суполак

  1. ArtPower Belarus / ArtPower Беларусь
  2. BELARUSIAN COUNCIL FOR CULTURE / Беларуская Рада культуры / ВСС
  3. FUNDACJA BIAŁORUSKA RADA KULTURY
  4. Mahistrat / Магистрат / Магістрат
  5. Vasminoh / Осьминог
  6. ІншыЯ / The Others
  7. Фонд совета по культуре Беларуси

Паводле КДБ, да іх датычныя

  • Цімафей Акудовіч
  • Сяргей Будкін
  • Алена Варанец
  • Надзея Горацкая
  • Эліна Калнібалоцкая
  • Бажэна Ліс
  • Ірына Лукашэнка
  • Вольга Мжэльская
  • Дзьмітры Радзіеўскі
  • Кацярына Раманчык
  • Алена Рыдзеўская
  • Алена Тур
  • Марына Штрахава

Стала вядома, у якой калёніі трымаюць журналіста Паўла Дабравольскага

Журналіст Павал Дабравольскі, абвінавачаны ў «здрадзе дзяржаве» (арт. 356 КК), адбывае тэрмін у папраўчай калёніі № 17 у Шклове, паведаміў «Позірк».

Вырак Дабравольскаму — 9 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму — вынес Мінскі гарадзкі суд 6 сакавіка 2026 году. Працэс працягваўся восем дзён.

Дабравольскага затрымалі ў Менску 22 студзеня 2025 году, праз 10 дзён пасьля 35-годзьдзя.

Абвінавачаньне было зьвязанае з прафэсійнай дзейнасьцю журналіста падчас масавых акцый пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.

Дабравольскі раней працаваў як на беларускія, так і на замежныя СМІ, у тым ліку на ўкраінскі часопіс NV.ua (да пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расіі). Яго апошняе месца працы ў Беларусі — незалежная інфармацыйная кампанія БелаПАН, частка супрацоўнікаў якой у лістападзе 2021 году, напярэдадні яе 30-годзьдзя, рашэньнем КДБ была прызнаная «экстрэмісцкім фармаваньнем».

30 кастрычніка 2020 году журналіста затрымалі ў ягонай кватэры.

Паводле адкрытай інфармацыі ў акаўнтах Дабравольскага ў сацыяльных сетках, пасьля адʼезду зь Беларусі ў канцы 2021 году ён падарожнічаў па розных краінах, быў нават у Іране і Расеі. У Паўднёвай Амэрыцы пацярпеў ад рабаўнікоў. У кастрычніку 2024 году вярнуўся ў Менск.

Акаўнт журналіста ў «Тэлеграме» актываваўся пасьля ягонага арышту мінімум тройчы — 11 сакавіка, 18 і 26 красавіка 2025 году. Цяпер акаўнта ў мэсэнджэры няма.

26 лютага 2026 году за «здраду дзяржаве» вялікія тэрміны зьняволеньня атрымалі былыя кіраўнікі баранавіцкага незалежнага СМІ Intex-Press Уладзімер Янукевіч (14 гадоў) і Андрэй Пакаленка (12 гадоў).

Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, цяпер за кратамі ня менш як 23 супрацоўнікі беларускіх СМІ.

Улады папоўнілі сьпіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў

Мінінфарм Беларусі абнавіў Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Туды дадалі больш за 10 сайтаў, старонак у сацсетках, стыкераў і іншага.

Як піша праваабарончы цэнтар «Вясна», суд Баранавічаў і Баранавіцкага раёну прызнаў «экстрэмісцкімі» старонкі былых палітвязьняў Андрэя Чапюка і Антаніны Канавалавай, а суд Чыгуначнага раёну Віцебска дадаў у «экстрэмісцкі» сьпіс старонку Ўладзімера Булаўскага.

У тым ліку ў гэты сьпіс дадалі лягатып «Радыё Свабода — Беларусь». Незразумела, што маецца на ўвазе, бо такога лягатыпу (са словам «Беларусь») у Радыё Свабода няма. Да таго ж лягатып Радыё Свабода разам з сацсеткамі прызнаваўся «экстрэмісцкім» яшчэ ў 2021 годзе.

А 23 сьнежня 2021 году Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі прызнала «групу грамадзян, якія аб’ядналіся праз інтэрнэт-рэсурсы „Радыё Свабода“», «экстрэмісцкім фармаваньнем».

Поўны сьпіс новых «экстрэмісцкіх» матэрыялаў

  1. andrei_chapiuk2025 (Instagram)
  2. antaninakanavalava (Instagram)
  3. batumiby.gе (Threads)
  4. Białoruś po polsku (Facebook)
  5. bulauskiu (Instagram)
  6. cyclowiki.оrg (Сайт «Циклопедии», у сьпісе памылкова напісаны як «ciclowiki»)
  7. daroha (Threads)
  8. Disident (YouTube)
  9. eurointegration.cоm (Сайт)
  10. fnb_minsk (Instagram)
  11. Insieme – Вместе (Facebook)
  12. irina_mclean (Instagram)
  13. kiraboyarenko1927 (Threads)
  14. ksmaliukova (Instagram)
  15. lvs.language.schоol (Instagram, Facebook, TikTok)
  16. MELLSTROY INSIDE by (Telegram-стыкеры)
  17. Nazi to diе (Telegram-стыкеры)
  18. NEXTA Live (Укантакце)
  19. NIXTO (Facebook)
  20. roskvitkus (Instagram)
  21. RUSIK (TikTok)
  22. see.soon13 (TikTok)
  23. Vincuk Viačorka (Facebook)
  24. volny_univer (Threads)
  25. Za Wolność Waszą i Наszą (Facebook)
  26. Znivien (Сайт, сацыяльныя сеткі)
  27. Валерий Васильев (Укантакце, Facebook)
  28. Второй регион Беларуси (Instagram)
  29. ЗУХ Źmicer (YouTube)
  30. Ларби Ларбис (Facebook)
  31. Меллстрой (Telegram-стыкеры)
  32. мемы мелстрой mellstroy (Telegram-стыкеры)
  33. Радыё свабода – Беларусь (Лягатып)


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 23 красавіка: 68‑гадовага пэнсіянэра будуць судзіць за «здраду дзяржаве»

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».