Яшчэ адзін вялікі лясны пажар адбыўся ў Пінскім лясгасе. У яго тушэньні ўдзельнічалі прыблізна 60 чалавек і больш за 10 пажарных машын. Пажар хутка распаўсюджваўся праз моцны вецер.
Ад агню пацярпелі прыблізна 50 гектараў. Гэта адзін з найбольшых пажараў з пачатку году. Згодна з інфармацыяй Міністэрства лясной гаспадаркі, плошча лясоў, якія пацярпелі ад пажараў, з пачатку 2026 году ўжо перавысіла 200 гектараў.
У ведамстве нагадалі, што цяпер па ўсёй тэрыторыі Беларусі дзейнічаюць абмежаваньні на наведваньне лясоў.
Ад непагадзі пацярпелі 16 населеных пунктаў
Пазьней Міністэрства ў надзвычайных сытуацыях Беларусі паведаміла, што ў выніку моцнага ветру, хуткасьць якога дасягала 29 мэтраў за сэкунду, пацярпелі па 2 населеных пункты ў Віцебскай і Гомельскай вобласьці, адзін — у Менскай і 11 — у Магілёўскай.
«Пашкоджаныя дахі 4 жылых будынкаў, 4 сацыяльна-культурных аб’ектаў, адзін вытворчы і 7 сельскагаспадарчых будынкаў. Зафіксавалі 49 выпадкаў падзеньня дрэў», — адзначаецца ў паведамленьні.
Паводле ведамства, у выніку падзеньня дрэваў траўмы атрымалі два чалавекі, у тым ліку адно дзіця. Абодва атрымалі мэдычную дапамогу.
Праз моцны вецер таксама пэрыядычна зьнікала сьвятло ў населеных пунктах, а ў Магілёўскай вобласьці праз падзеньня дрэва на чыгунку затрымаўся рух аднаго дызэльнага цягніка.