Пасьля ўдару па НПЗ у Туапсэ прайшоў нафтавы дождж

Пажар пасьля ўдару па порце Туапсэ, ілюстрацыйнае фота

Горад на беразе Чорнага мора з 60 тысячамі жыхароў накрылі клубы дыму, а зь неба праліўся «нафтавы» дождж.

Нафтавыя аб’екты расейскага партовага гораду Туапсэ 16 і 20 красавіка атакавалі ўкраінскія дроны. Пажар пасьля апошняга налёту яшчэ не патушылі.

Жыхароў заклікаюць заставацца дома, не адчыняць вокнаў, часьцей праводзіць вільготнае прыбіраньне, а калі й выходзіць на вуліцу, то толькі ў масках ці рэсьпіратарах.

Мясцовыя актывісты апавялі праекту «Вот Так», што бачылі вулічных катоў і сабак з прыкметамі атручваньня: цяжкім дыханьнем, чырвонымі вачыма і поўсьцю, пакрытай нафтай.

У сацсетках разыходзяцца відэа «нафтавых» дажджоў з чорнымі лужынамі і асадкам. Улады ж заяўляюць, што канцэнтрацыя шкодных рэчываў не перавышае нормы. Мясцовая пракуратура нават зладзіла 22 красавіка паказальнае высаджваньне дрэваў і апублікавала фота на фоне дыму ад пажару на нафтасховішчы. Допіс пасьля выдалілі, але ён ужо пасьпеў разысьціся па сацсетках.

«Недапаленыя нафтапрадукты цяпер выпадуць на частку нашай акругі і да пачатку галоўнага хрыбта Вялікага Каўказу. Наступствы для гораду, Туапсінскага раёна і рэгіёна ў цэлым будуць адчувацца гадамі», — сказаў выданьню «Вот так» эколяг Яўген Віцішка.

На апублікаваных спадарожнікавах здымках бачна, што дым ад пажару дасягнуў Стаўрапалю, які месьціцца за 300 кілямэтраў ад Туапсэ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расея выкарыстала для абстрэлу Ўкраіны больш за 200 дронаў. У Туапсэ трэці дзень гарыць нафтабаза ў порце