Кіроўцу легкавіка, які п’яным разбурыў гістарычную капліцу, аштрафавалі на 270 рублёў

Пра гэта паведаміла пракуратура Горадзенскай вобласьці.

Але гэта ня ўсе выдаткі кіроўцы. За парушэньне правілаў дарожнага руху яму выпісалі штраф у 8400 рублёў і на 5 гадоў забаранілі сядаць за руль.

Да таго ж, разбураную капліцу зьбіраюцца пабудаваць наноў. І заплаціць за гэта таксама давядзецца віноўніку аварыі з сваёй кішэні.

Здарэньне адбылося летась 17 кастрычніка. У вёсцы Ра́сла Смаргонскага раёну сярод белага дня кіроўца ўрэзаўся ў прыдарожную каталіцкую капліцу і дашчэнту яе разбурыў, паведамляў Katolik.life.

Ад моцнага ўдару легкавік «Аўдзі» перакуліла на дах і моцна перакарабаціла. Але 25-гадовы кіроўца нейкім цудам нават не пацярпеў.

Каменная капліца была гісторыка-культурным помнікам XIX стагодзьдзя. Усярэдзіне стаяў абраз з расьпяцьцем і вазы з кветкамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Без вады і Напалеона: цану сканфіскаванай сядзібы пад Ваўкавыскам зьнізілі ў пяць разоў